- Да что вы, рыбята, как не паняц... Я січас...— і палез у кішэню. А потым нагнуўся да кайстры, што стаяла між ног, схапіў яе і кінуўся наперарэз машыне з адчайна ўзнятаю рукою. I каб не спрактыкаванасць шафёра — быць бы яму пад коламі. Завішчэлі тармазы, і бензавоз прыціснуўся да абочыны.
- Табе што — жыць надаела! — з крыкам высунуўся з кабіны шафёр, а Пятрусь стаяў ужо з другога боку і торгаў уверх-уніз ручку непаслухмяных дзвярэй. Шафёр паўпрылёг, працягнуў руку і адчыніў іх. Пятрусь ускочыў у кабіну. I толькі калі бензавоз крануўся, і засталіся стаяць ля плота здзіўленыя жывасцю і спрытам сваёй ахвяры Сэм з Сашком, прамовіў дрогкімі яшчэ губамі:
- Прабач... Сам бачыш, у які пераплёт трапіў... Шчэ трохі — і паранулі б...— Пятрусь матлянуў галавою назад, туды, дзе засталіся хлопцы, і дадаў: — Дзякуй, выручыў...
- Чаго там,— кіўнуў шафёр.— Я здалёк Сэма запрыкмеціў. Яго ўчастак.
З кіламетр праехалі моўчкі. У кабіне гуляў лёгкі асвяжальны ветрык, і Пятрусь патроху ачомкаўся. Свежасць абмыла галаву. Радавала і дзіўнае збаўленне. Выратавальнік ягоны быў малады — мо на колькі гадоў старэйшы, нядаўна, відаць, з войска прыйшоў: шчэ й штаны армейскія не знасіў. Плямістыя. З Афгана, пэўна.
- Куды ж табе ехаць? — спытаў шафёр.— Мо высадзіць?
- У Маркавічы.
- Хо, шанцуе табе, хлопец — і я туды еду. Салярку вязу. Стаяць трактары ў калгасе вашым. А пара — самая сенакосная. Знайшлі вось на дзень-другі паліва, а што далей будзе — аднаму богу вядома... Эх, планаў нашых грамадзьё! Цьфу!..— і вылаяўся.
Але Пятрусь не падтрымаў гаворкі. «Бацька таксама зараз недзе на сенакосе ўкалвае,— падумаў ён,— вазьму заўтра браднічок, пад'еду з ім на луг. У абед у рэчцы палазім, рыбкі паловім...»
Старэнькі бензавоз натужваўся, трапятаў усім сваім целам, але, як ні стараўся, поўз па дарозе павольна. Стрэлка спідометра дрыжэла недзе каля 40. А пад гару, як ні ціснуў шафёр на газ, апускалася ледзь не да нуля. Калі пад'язджалі да вузкакалейкі, што якраз на палове шляху, шафёр зірнуў у люстэрка — і твар ягоны застыў у здзіўленні:
— Глянь ты, бля, даганяюць! — вымавіў ён. Пятрусь высунуўся з кабіны. За імі на вялікай хуткасці імчаў матацыкл. У люльцы сядзеў Сашок, а з-за матацыкліста выблісквала галава Сэма. Матацыкл нагнаў бензавоз, параўняўся з ім і пачаў выціскаць з дарогі да абочыны. Сэм махаў шафёру рукою, крычаў: «Стой! Стой!..» — і сыпаў матамі.
- Што робяць, што робяць, гады...— шаптаў шафёр, сціскаючы руль, ажно пальцы пабялелі.— Не, ні храна ў вас не выйдзе...
Бензавоз ехаў роўна, ніколькі не зварочваючы і ледзь не падразаючы матацыкл. Дарога пайшла ўніз, машына стала набіраць хуткасць. I тады матацыкл ірвануўся наперарэз і сцішыў ход перад бензавозам.
Шафёр бухнуў па тармазах, аднак было позна: машына неслася на матацыкл. Матацыкліст у жаху вылупіў вочы і нічога не рабіў... Яшчэ імгненне... I тут бензавоз рэзка вільнуў і нырнуў у кювет, лёг на бок і пасунуўся, заскрыпеў аб пясок металам: у самы апошні момант шафёр паспеў ірвануць руль управа...
Пятрусь апрытомнеў першы. Нешта цяжкое ляжала на ім, душыла і не давала варухнуцца. Пятрусь павярнуў трохі галаву і ўбачыў, што на ім ляжыць шафёр. Твар ягоны ўвесь у крыві, з носа кропля за кропляй падае яна Петрусю на руку. «Мо забіўся?..» — з жахам падумаў Пятрусь і прашаптаў перасохлымі вуснамі:
— Эй... эй...
Цішыня. Толькі цяпер адчуў яе Пятрусь: матор маўчаў. I ў вушах ад гэтае цііныні стаяў нейкі звон. Тонкі, нібы камарыны, піск. Густа пахла саляркан, бензінам, металам — як на калгасным машынным двары. Пятрусь паспрабаваў паварушыцца. I азваўся болем увесь правы бок, на якім ён ляжаў.
— Эй... эй...— як мог гучна сказаў ён. I шафёр, можа, ад гэтых словаў, а можа, і сам па сабе, ачуўся, прыпадняўся, абапёрся рукамі на раскрышанае на дробныя каменьчыкі шкло і выпаўз праз разбітае акно з машыны. Прысеў ля кабіны, убачыў Петруся, кінуўся да яго. З ягонай дапамогай Пятрусь вылез.
Ні матацыкла, ні Сэма з сябрамі на дарозе ўжо не было. Уцяклі. Пятрусь устаў і, хістаючыся, пайшоў ад бензавоза пад блізкія дрэвы. Праваю рукою паварушыць ён не мог: цяжкая і мяккая, вісела яна, як набіты мокраю ватаю рукаў. I дыхаць было балюча: у правым баку адразу ж упіваліся ў цела тысячы вострых іголачак. Шафёр абмацаў сябе: здаецца, цэлы. Толькі твар падрапаны да крыві.
Бензавоз ляжаў на баку ў кювеце, прапароў-шы колькі метраў жоўтага пяску. Люк на ягонай спіне адкрыўся, з бочкі вылівалася тлустая салярка і цякла па канаве
ўздоўж дарогі ўніз, насычаючы сабою зямлю, поячы траву. Шафёр стаяў і бяздумна пазіраў на гэта і не спяшаў да люка, каб спыніць салярку. А потым сказаў: — Добра, ніто не рванула... А то б — кранты нам...
Читать дальше