Лёд літы, чысты, празрысты: дол, пад якім зімуе казка, літаграфія, якая памятае лета.
У лёд умарожваюцца човен і лодка, але сам лёд — замкнёны палёт па гарызанталі, лодка, якая злучае ўсе берагі і ў адну і тую ж хвіліну знаходзіцца ў любым пункце палетка возера ці ракі.
Лёд апякае, як ёд, але ў ім — мёд літасці, якою ахоўваецца ўсё жывое ад лёзаў марозу і лютасці холаду.
Апярэджваючы падзеі, вежа віжуе, што адбываецца за лесам, за полем, за паплавамі і нават далей, за мяжою самой зямлі,— у сузор'ях Вялікага Воза, Зайца, Касцоў, Вадаліва,— бо ад таго, што адбываецца сёння там, залежыць, што заўтра адбудзецца тут, дзе жыве вежа,— у Міры, Камянцы ці Нясвіжы.
Вежа пастаянна папаўняецца свежым запасам пітва, свежым запасам ежы і свежым запасам ведаў.
Адзежа вежы прыгожая — з чырвонай цэглы.
Вежа абведзена чароўным кругам сцярожкасці, які разнасцежваецца толькі перад сваімі.
Вакол вежы блукаюць, вяжучыся ў паданні, хвала і звяга.
Важкая, нібы старажытнасць, і стромкая, нібы свечка, пастаўленая на падсвечніку ўзгорка, вежа відаць абсягу і неабсяжнасці, і што б ні варажыў ёй вецер, ні дажджыў дождж і ні снежыў снег, для вежы самае важнае служыць абсягу і прыналежаць неабсяжнасці.
Грошы шукаюць сховішчы, дзе б іх не бачылі лішнія вочы,— ці прыгаршчы, ці гаршчок, ці гарышча,— і аб сабе не гавораць уголас, а калі рашаюцца гаварыць, то — шэптам, шоргатам.
Адзін грош дробны, як гарошына, але калі іх многа — яны «гросы», і тады яны могуць і павучаць, і прарочыць.
Грошы ахрышчваюць грахі, але самі яны хрышчоныя сонцам — Хорсам.
Грошы вырошчваюцца з душаў рэчаў, але ўрошчваюцца ў чалавечыя душы: кім валодаюць яны — таго яны горшаць, хто валодае імі — таго яны ўхарошваюць.
Жарт — арт, мастацтва, якое не лічыць сябе мастацтвам, жанр, які не ўважае сябе за жанр: ён нараджаецца ў гамане торжышча і ў засяроджаным па-жрэцку атачэнні і, тыражуючыся на колькасць прысутных, робіць іх саўдзельнікамі свайго нараджэння.
Жарт ўражвае, але не як варажнеча і варажба, а па-дружбакоўску, нікому не пагражаючы, нікога не абражаючы, і саматужнае журы, куды ўваходзяць усе, хто жадае (і нават хто не жадае), тут жа ацэньвае, чаго ён, жарт, варты, ці не жорсткі ён і ці не парожні.
Жарт зграбны, жарт жвавы: ён кажа праўду, не «рэжучы» яе, не «пражачы» і не зводзячы да жаргону.
Ён упрыгожвае варону, якая сядзіць на жэрдцы, пёрынамі жорава, і калі варона, збянтэжаная гэтакім неспадзяваным па-дарункам і ўсім сваім выглядам даводзячы, што яна не жораў, адлятае, тыя «жарт»-пёрыны застаюцца на памяць аж усім прысутным.
Гляджу, як рыжабароды дзядзька, стаўшы пасярод хаты, дастае з жарала рота (а не пажырае, што асабліва прыемна), нешта прывабнае, быццам ружа, і яркае, быццам жар,— жарт.
Бераг суправаджае раку да самага мора, сочачы ўдзень і ўначы, каб яна не спынялася па дарозе, не збочвала, не забывалася пра мэту, аберагаючы яе самую ад яе памкненняў, ад яе нораву, ад яе пачуццяў, і разам з тым «па-стараверску» застаецца на аднойчы абраным баку, на аднойчы знойдзеным месцы, разважаючы пра асіметрычны закон Бэра, паводле якога рака заўсёды аддае перавагу аднаму берагу, і правяраючы гэты закон на сабе.
На беразе растуць бярозы і берасты. Над берагам лётаюць ластаўкі-беражанкі. Пры беразе бярложыцца Бярэсце: у ім берасцейцы п'юць брагу і пішуць берасцяныя граматы.
А ўздоўж берага, па рацэ, плывуць чаўны-дубы, чаўны-берасцянкі і бярвёны-плыты.
Рака хісткая, бераг устойлівы, рака — небяспе-ка, бераг — абарона ад гэтай небяспекі, рака — бег, бераг — бог, і плыўцы, звярэджаныя стыхіяй, бяруцца аберуч грэбці да берага, і Берынгі, выпраўляючыся ў марскія і акіянскія падарожжы, сваім неабвешчаным гербам маюць яго — бераг.
Сякера з сакрэтам: яна адначасова сталёвая і драўляная, кароткая і доўгая, крывая і простая, вострая і тупая, яскравая і цьмяная,— у ёй з'ядноўваюцца краі, супадаюць кроці, гавораць на адной мове карысць і кара.
Сякера мае справу з дрэвам; яна абцінае на ім сукі-раскірэкі, зганяе скуру-кару, падсочвае, рассякае. Ёй карціць знайсці ў дрзве скрытае, «sakrum», а знаходзіць яна адно толькі аскерыкі і аскроткі — трэскі-аскепкі.
Калі сякера ўвіхаецца, калі яна прыскорвае спор, тады яна акраса працы, і скруха не можа яе скарыць.
Сякера хаўрусуе з усімі прыладамі, дзякуючы якім «ўваскрасаюць» свірны, цабэркі, крэслы, скрынкі, куфэркі, але сярод іх яна — кесар.
Читать дальше