Дуга шчыльна прышчымліваецца да аглобляў і туга прытульваецца да гужоў, і нават калі воз будзе нагружаны з верхам і будзе з натугай цягнуцца канём, дужасць, якая рухаецца, і дужасць, укладзеная ў нерухомасць, злучаны ўжо дугой у непарыўную дружбу.
Калі дуга адымаецца ад каня і воза, яна выглядае як скрыўленая, скрыўджаная, недалугая палка-дубіна, калі яна з імі — яна ўзвышаецца па-над канём і возам (а ў свята аздобленая і каляровымі стужкамі), нібы вясёлка-радуга.
Дуга — запаветная брама, у якую доўга, усё жыццё, уязджае і не ўедзе воз, уваходзіць і не ўвойдзе конь.
Сама па сабе дуга кароткая, але, сагнутая, нібы пругкі лук, мае доўгі («даўгінаўскі») вынік —дарогу, і ў тым, каб гэтай дарогаю-вынікам злучаліся абедзве дугі небакраю, бачыць свой — дужа няпросты — доўг.
Гузік спрытна ўлазіць у шчыліну-пятлічку, але назад вылезці не можа, застаючыся вязнем свайго спрыту, сваёй зухаватасці.
Гузік не гуз, але мае з гузам блізкае пада-бенства, не туз, але гэтаксама, як туз, зна-ходзіцца на адказным месцы: ім звязваецца ў адно цэлае левае і правае, ніз і верх, на ім трымаецца ўсё адзенне.
Гузік — глузд, гузік — розум, ён нейтралізуе сабою памкненні да раз'яднання і бярэ на сябе найбольшую — «тузінную» — нагрузку: яго круцяць, тармосяць, тузгаюць, і толькі тады, калі гузік знікае (адшпільваецца ці вырываец-ца), кашуля (ці блузка, ці камізэлька, ці кажушок) расхістваецца, распадаецца напалам.
У музыцы адзення гузік усяго адзін гук, але гук ключавы, гук мужны.
Павуціна як ціна: хто ў яе трапіць, таго яна аблытвае і палоніць.
Нібы кароль у сваёй дзяржаве, у павуціне пануе павук: ён пляце павуціну, выцягваючы яе з самога сябе, і развешвае ўсюды, куды не сягае рух, дзе зацішна — ці ў клеці, ці пад павеццю, ці ў куце хаціны.
Колькі б разоў ні рвалася павуціна, столькі разоў павук яе аднаўляе, даючы прыклад і павучанне ўсім ваярам, усім працаўнікам.
У павуціне заканчваюцца многія пуцявіны, яна для іх вусце, а мо і мора, і як бы ні прасіліся ў павуціны мухі, мошкі ці камары: «Пусці!..» — павуціна трымціць і хістаецца, але не пускае.
Павуціна падобная на ядваб, падобная на кілім, але калі ядваб і кілім маюць сваю цану, то павуціна яе не мае, яна — цень ядвабу, цень кіліму, і таму яна захоўвае ў сабе тую лёгкасць і тую бязважкасць, дзякуючы якім, калі настае бабіна лета, яна ляціць.
Век спалучаны з усімі істотамі, але найшчыль-ней — з чалавекам.
Ён выяўляецца — і чытаецца — у яго твары і постаці, і калі па якой-небудзь прычыне век парушаецца, то нявечыцца і чалавек.
Век не аднолькавы са стагоддзем: ён утрымлівае ў сабе сваю меру, якая вымяраецца не проста часам, а самой непаўторнасцю часу,— і свой вектар, які скіроўваецца з пачатку ў канец, з маладзіка ў ветах, з раніцы ў вечар, з жыцця, якое падуладна зменам, у жыццё, якое зменам не падуладна,— у вечнасць.
Калі гарыць свечка, яна гарыць век, калі расце дрэва, яно расце век, калі жыве чалавек, ён жыве век, і які б гэты век ні быў — кароткі ці доўгі, роўны ці пакручасты,— ён усё роўна вялікі.
Дзіда паслухмяная, як дзіця, якое, калі яму кажуць: «Ідзі!..», ідзе датуль і дагэтуль, дакуль яму кажуць, і разам з тым дасведчаная, як стары дзед.
Нібы жардзіна рухомага плота, дзіда дзя-журыць то на дзядзінцы, то ў дзікім полі, загароджваючы дарогу непажаданым гасцям.
У падзеях, дзе вырашаецца лёс дзяржавы, дзіда бярэ самы чынны ўдзел, здзяйсняючы подзвігі, здабываючы дружыне славу, а сабе падзяку, і робячы дзіравымі доказы супярэчнікаў.
Але настае гадзіна — і дзіда ўбіваецца ўдзірван, каб зрабіцца пярэдаднем і прадвобразам таго дрэва, пад якім знойдуць паразуменне ўсе людзі.
Усе дрэвы пазіраюць на пень звысоку, але ён і не пнецца ўгору, каб з імі зраўняцца: ці ліпень, ці кіпень, ці хліпень, ён — той самы, ён — нерухомы, ён — дрэва на пенсіі, ён адмежаваны ад вышыні, якая прымушае дрэвы цвісці, хвалявацца, упадаць у роспач і аддавацца надзеі, і таму ён упэўнены ў сабе, і таму ён ні перад кім не гне спіны, і таму ніколі не збіваецца з панталыку, і таму ў сваіх пенатах ён пан.
Пень — не кволая, а спелая, не папярэдняя, а наступная ступень існавання дрэва.
Аб пень спатыкаюцца.
Ля пня спыняюцца.
На пень наракаюць («пеняют»).
Пень успамінаюць у казках і ў прыказках, і сам ён — памяць, у спіралях якой спяць мінулыя леты.
Быццам жывыя манеты-пенязі, пень абсядаюць апенькі.
Читать дальше