Да пня, каб пачысціць глюгу, ляціць груган і, каб паспяваць,— пеначка.
Срэбра зрэбнае: яно блізкае простаму людскому жыццю, шэраму на выгляд, шурпатаму навобмацак.
Золата аздобнае: заўсёды і ўсюды яно пачувае сябе волатам, які ўсё можа і якому ўсё дазволена, і тыя прарэхі і дзіркі, што нічым ужо нельга залатаць, латва залатваюцца золатам.
Адны сцвярджаюць, што зло паходзіць ад золата, другія — што золата паходзіць ад зла, але, зрэшты, зло і золата зрошчаны такім чынам, як зрошчана ў самой сабе лотаць: калі яна зялёная — яна ў перыядзе «зла», калі яна жоўтая — яна ў перыядзе «золата».
Срэбра — месяц, золата — сонца, срэбра — попел, золата — жар, срэбра — вада, золата — агонь, золата — ад розуму, срэбра ад сэрца, срэбра — сябар, золата — уладар, срэбра бярэцца, золата хаваецца, срэбру радуюцца, золату зайздросцяць, срэбра цешыць, золата лашчыць.
Канчаецца ноч, і золак спяшаецца ўзяць сабе ў хросныя золата, а світанак — срэбра.
Кажух «скажоны»: зверху — гладкі, знутры — кашлаты, зверху — бедны, знутры — заможны, зверху — «кожа», знутры — кужаль.
Усё лета кажух журботна вісіць у катуху і мае журботны колер, блізкі да колеру жухлай травы і пажоўклай лістоты, але тады, калі трава і лістота знікаюць, кажух кажа, што настаў яго час; і як бы ні намагаліся зухаватыя маразы заказытаць жывы дух, кажух іх адпужвае.
Кожны жук і кожны кажан жадалі б мець свой кажух.
Кажух — клажа, аднак з ёю лёгка.
Лейцы, «прыклейваючыся» сваімі канцамі да аброці, ліюцца адной ляйчынай у другую, а па іх, у сваю чаргу, ліецца «лекцыя», якую фурман чытае каню.
Сярод цяжкай і мулкай вупражы лейцы — малойцы, і фурманцы — ці ледзьве яна варушыцца, ці ляціць улегцы,— як батлейцы без лекара і Мацея, не абысціся без лейцаў.
Лейцы — як рэйкі ў вузкакалейцы; і пакуль яны цэлыя, рух не адхіліцца, не скамечыцца, не скалечыцца, не заледзянее да лета.
Украінскі м і с я ц ь, быццам велічэзная міса, вісіць над местам: мешчанчукі цямяць, што гэта — поўня, і, што гэта талерка, нераспазнаны лятаючы аб'ект,— містыкі.
Польскі m i e s i ą c — місіянер: усім дням, сумешчаным у месяц, ён нясе сваё веравызнанне.
Чэшскі m ĕ s i c, нібы люстэрка, звяртае ўвагу ўсіх на саміх сябе (мяне на мяне асабіста): мне — s і с !
Літоўскі m é n u o ў мастацтве зменаў дасягнуў дасканаласці, і любое мастацтва, ці, па-літоўску, menas, мае ў ім свайго ментара.
Беларускі м е с я ц перамяшчаецца па нябесным скляпенні, шукаючы на ім сваё ўстойлівае, сваё пастаяннае месца.
Праславянскі m e s ę с ь памятае — але нікому не паведамляе — пра сэнс свайго існавання.
Старажытнаіндыйскі m ā s a s масіўны, ён займае ўсё паднябессе, як маска, затуляючы ўсё сабою: сам — зоркі, сам — сонца, але і самота — таксама сам.
Кудзеля кудлатая, нібы завея-кудаса.
Яна існуе не сама па сабе, не сама для сябе, а — куды і дзеля: дзеля наступных радзюжак, дзяружак, абрусоў, ручнікоў, перацякаючы з прасніц на верацёны і матавілы, дзелячыся на ручаі прадзіва.
Кудзеля — работа пасля работы, дзень пасля дня, яна не нядзеля і не панядзелак, а «паслядзелак», і на яе збіраюцца, як на пасядзелкі.
Калі дзіда — удзел мужчыны, то кудзеля — жанчыны, і, прадучы кудзелю, жанчына, услухоўваючыся ў гудзенне верацяна, перажывае ўсе згібы, змены, падзеі, «цудзеі» свайго жыцця і прадзе сваю «дзелю» — долю.
Усё, што крэйда крэсліць і піша, лёгка сціраецца, аднак крэйда на гэта не крыўдуе і на гэта не скардзіцца: яна рада, калі ў ёй маюць патрэбу, калі ёю карыстаюцца.
Крэйда творыць рэйд у невядомыя абсягі пазнання, і кожны раз для яе гэта абсяг — tabula rasae.
Крэйда можа памыляцца, можа рабіць «крывыя» высновы, але робіць яна гэта самааддана і самаахвярна, і таму заўсёды мае крэдыт даверу.
Усёю сваёю істотаю крэйда імкнецца ўва-собіцца ў незнішчальнае, у несціральнае слова праўды, і ў гэтым яё крэўнае крэда.
Ціхмяна ўвесь век венік стаіць у куце, нібы адбывае пакаранне за нейкія віны. Але калі ў хаце трэба навесці парадак, венік выводзяць з кута, выводзяць з ценю, і ён, завіхаючыся, умешваецца ў хаду спораў.
Венік — wenig (па-нямецку — мала), венік — vienas (па літоўску — адзін), аднак, нібы з венаў, ён складаецца з мноства аднолькавасцяў і падабенстваў — з вецця.
Клопат у веніка пыльны, занятак аднастайны, але вынік гэтага клопату плённы.
Венік да месца і ў Вене, і ў Венецыі, яго веянне адчуваецца на кожнай верандзе, у кожным двары.
Читать дальше