Цемрынёю, бездарожжам
Аднаго пайду шукаць,
Што ніколі мець не можна,
Што ніхто не можа даць.
Згадваеце радкі з верша Наталлі Арсенневай?
Перспектывы, знакі, закулісы
— «Wortdichte» — першы вопыт стварэння вершаў не па-беларуску? Калі не сакрэт, якая далейшая Вашая кніга маецца выйсці?
А. Р.:Паўтару тое, што некалі занатаваў: «Адна немагнымасць — гэта толькі немагчымасць. Але сума немагчымасцяў дазваляе ўзнікнуць новаму стану рэчаў — магчымасці».
У выпадку з «Wortdichte» сутыкнуліся дзве немагчымасці: па-першае, мова, якою я не валодаў, па-другое, самае адмысловае, што можа на мове ўзнікнуць, верш.
Я не прыстасоўваўся да нямецкамоўнай паэзіі — гэта бесперспектыўны занятак, а проста загаварыў з нямецкімі словамі, як гавару з беларускімі. Кніга «Wortdichte» напісалася, ці, больш дакладна, намалявалася нямецкімі словамі на Замкавай гары ў Грацы за тры месяцы. Неўзабаве выдаецца новая кніга: у ёй «Wortdichte» займелі свой працяг і развіццё. Што да кніг на радзіме, то, спадзяюся, яшчэ сёлета нешта ўбачыць свет.
— Як узважваеце шанцы Рыгора Барадуліна на атрыманне Нобелеўскай прэміі?
А. Р.:Самая вялікая ўзнагарода для творцы — самі творы. Калі яны спраўджваюцца, яны маюць на сабе адзнаку нябеснага багаславення. У прэміяў свае расклады, свае закулісы, але хай творца не турбуецца пра тое, каб ім дагаджаць, бо калі пачне дагаджаць, заблудзіцца і змушаны будзе дапасоўвацца да ролі.
— За час Вашае адсутнасці што вонкава змянілася тут?
А. Р.:Што змянілася? Горад і людзі. У параўнанні з мінулымі гадамі расклад упарадкаваўся, рэчкі і ручаіны займелі рэчышчы. Куды і як яны цякуць, гэта другая гаворка, але цякуць. Мітынговыя часы адступіліся ў мінулае, перспектыва — у наступнасць.
— У чым Вам бачыцца адметнасць гэтае перспектывы?
А. Р.:Перспектыва асаблівая тым, што ў ёй заўсёды ўтрымліваецца метафізічны пачатак, які ніколі не зводзіцца да пераразмеркавання і пераўпарадкавання таго, што ёсць, Ён бачыць у чалавеку саму сутнасць – бога і хоча, каб бог уваскрос — у ім, чалавеку.
— Якое стаўленне да рэлігіі ў Нямеччыне?
А. Р.:У Нямеччыне рэлігія раствораная ў штодзённым жыцці, у людскіх звычаях і паводзінах. Калі адцяняць кантрасты і абагульняць характарыстыкі, можна сказаць: беларусы больш набожныя, але менш рэлігійныя.
— Апошнія падзеі ў Амерыцы — ці бачыце ў іх нейкі знак?
А. Р.:Для таго, каб распазнаваць знакі, іх трэба суадносіцьз пэўнаю сістэмай. Што азначае «амерыканскі» знак, хай скажа той, хто такою сістэмай валодае. Адзінае, у нашым прычынна-выніковым свеце нават капрызы прыроды так сабе не здараюцца.
Быкаў, залежны ад акалічнасцяў
— Алесь Сцяпанавіч, ці мелі Вы нейкія стасункі з Васілём Быкавым у Нямеччыне?
А. Р.:Так, з Васілём Быкавым я калі-нікалі перамаўляўся па тэлефоне: ён у Франкфурце, я ў Гановеры, ён у Празе, я ў аўстрыйскім Грацы (які ён, дарэчы, вызваляў), і яшчэ гаворка ў Гановеры — спачатку разам з арганізатарамі двухдзённага семінару беларускай літаратуры, які там праводзіўся, а потым сам-насам.
— Якія Вашыя ўражанні ад гэтай сустрэчы ?
А. Р.:Ён не хаваў свайго расчаравання. Той увагі, на якую ён спадзяваўся, не меў («Ніхто мне ні разу нават не прапанаваў надрукавацца»,— яго словы), запланаваныя нашым ПЭНам сустрэчы зрываліся, задуманая місія не здзяйснялася. Ён апынаўся без рэчаіснасці — адным з многіх, занадта залежным ад акалічнасцяў...
Што, аднак, найбольш уражвала ў ім — яго гатоўнасць і здольнасць трымацца да канца, без асаблівай надзеі на тое, што нешта перайначыцца...
«Літара спатыкнення»
— Васіль Быкаў, як гэта стала магчымым, перайшоў да г. званага «клясычнага» правапісу. Вашыя ж кнігі ўсе выходзілі «наркамаўкай». Якія Вашыя стасункі з мяккім знакам?
А. Р.:Мяккі знак стаўся палітычнай фігурай альбо, паводле біблійнага азначэння, літарай спатыкнення.
Пытанне ўдасканалення сістэмы айчыннага правапісу даўно вісіць у паветры, але вырашаць яго трэба не так, не самаволяй і не хаўрусам, а то недавырашанае, яно спараджае лішнія непаразуменні і дадае цяжару таму, чаму і без таго нялёгка,— самой беларускай мове.
«Я за беларускую мову».
«А за якую — тарашкевіцу ці наркамаўку?» — вось вам дыстылят айчыннага дыялогу.
Тое, што мусіла б аб'ядноўваць, ужо здольна і раз'ядноўваць.
Читать дальше