А. Р.:Той змест, што настойліва падступаўся да свядомасці, ужо не ўкладаўся ў ранейшыя формы. Ён падступаў знутры, як сон, і хацеў урэчаісніцца. Як? Словаў яшчэ не было, а матрыца ўжо намацалася і займела найменне.
Версэт стаўся, прынамсі для мяне, калі не універсальным, то сінтэтычным жанрам. Канцавыя рыфмы традыцыйных вершаў ён развёў па сцежках радкоў і здолеў паказаць, што самыя розныя гукі могуць суадгукацца паміж сабою, калі яны ўведзеныя ў адпаведнае сэнсавае поле,— сэнсарыфмавацца. Магчыма, у ім нешта ёсць ад Ur-мовы (першамовы). Некалькі разоў — у Швецыі і Нямеччыне — слухачы аб'яўлялі: мы зусім не разумеем беларускай мовы, але нам здаецца, што мы разумеем тое, што чуем...
Што да «Заваёўнікаў», яны пісаліся не цягам гадоў, а наплывамі, і ўсё яшчэ застаюцца дарэшты не выказанымі, хоць я іх і змусіў прыйсці да завяршэння.
— У адным з версэтаў, друкаваных у «Дзеяслове» №17, ізноў з'явіўся архетып шляху. Ці можаце даць дэфініцыю Вашага разумення Шляху? Ці змяняецца яна цягам жыцця?
А. Р.:У «Першай паэме шляху» ёсць радок, які яшчэ не паспеў ад мяне адступіцца: «Я той, хто шлях і хто па ім ідзе». Шлях больш чым архетып. Архетыпы ўтвараюцца са слядоў і з досведу, азначанага гэтымі слядамі. Яны на шляху, а шлях імкне ва ўсё большую наступнасць і ў гэтым сваім імкненні вызваляецца ад усяго, што было, у гым ліку і ад архетыпаў.
«Мушыны рэалізм»
— Наколькі ўтульна Вам пачувацца ў сённяшняй літаратурнай сітуацыі — у параўнанні з часамі «Крыніцы», да прыкладу?
А. Р.:Уражанне: айчынная літаратура распалася на паасобныя дзялянкі і латкі, апынулася без стрыжня. Не ведаю, каму ўтульна ў такой сітуацыі, але самой літаратуры — не. Ва ўсе часы яна была Ватыканам у Рыме і ўтым, што пісалася і гаварылася, захоўвала нешта большае за самое тое, што пісалася і гаварылася. Цяпер усё агалілася, таямніцы пазнікалі, і рэалізм — не толькі і не столькі ў нас, але шырэй-шырока — займеў яшчэ адно ўвасабленне.
— Якое?
А. Р.:Умоўна і не ўсур'ёз гэта мушыны рэалізм, ці, калі скарыстацца назвай навэлы Юрыя Станкевіча, рэалізм «ізумрудна-зялёных мухаў», Альбо яшчэ вельмі-рэалізм. Мухі ды чарвякі — найпершыя істоты, якіх вабіць тое, што распадаецца, псуецца, гніе. Ім гэта падабаецца, у гэтым яны знаходзяць спажытак, і — галоўнае — саміх сябе. Яны вельмі-рэалісты, і самою сваёю актыўнай прысутнасцю сведчаць, што з целам рэчаіснасці нешта не так.
— Ва ўсходніх вучэннях адвяргаецца інтэлектуальны пошук, бо, маўляў, усё ўжо ёсць у самім чалавеку. Як Вы ставіцеся да гэтае тэзы?
А. Р.:О не, на Усходзе пошук, калі ён на самой справе пошук, куды больш самаадданы і мэтанакіраваны, чым на Захадзе. Чалавек мусіць адасобіцца ад сябе-абалонкі і дайсці да сябе-сутнасці. Кручы і прорвы, што яго чакаюць на гэтым шляху, сапраўдныя. Але і вынік сапраўдны.
«Паэзія павінна пераўзыходзіць майстэрства»
— Чым розніцца энергетыка літаратурнага свету Нямеччыны й Беларусі?
А. Р.:Нямецкая літаратура забяспечаная большымі магчымасцямі і мае большую вагу. У яе полі здаўна сустракаюцца еўрапейскія літаратуры, а яе логас аўтаномны настолькі, каб не залежаць ад уздзеяння дыктатаў і ідэялогмаў. Што да ўдзельнай вагі, то ў беларускай літаратуры яна не меншая.
— Ёсць меркаванне, што для сённяшняй маладой паэзіі зместавасць саступае месца відовішчнасці, што гэтак званая «кічавая» эстэтыка перамагае «інтэлектуальную». З іншага боку, паэты вучацца прэзентаваць сябе і сваю творчасць. Цікавіцеся здабыткамі тых, хто пачынае?
А. Р.:Цікаўлюся — былі б здабыткі. Але каб рабіць нейкія высновы, трэба хаця б азнаёміцца з тым, што ёсць. У тым, што чытаў, угадваюцца патэнцыялы. Магчыма, яны адолеюць спакусу самавыстаўляцца любым коштам, дэманстраваць дэманстрацыю, а здолеюць развіцца і выявіцца.
— Ці было такое, каб Вы былі незадаволеныя ад створанага?
А. Р.:Ёсць вершы-спробы, вершы-эксперыменты, гэта ўсё натуральна і зразумела, хоць і не ўсё варта аб'яўляць. Ну і ёсць проста вершы-няўдачы — яны пішуцца не ад сябе, а за сябе. Я таксама не вольны ад іх, але іхняй вытворчасцю не займаўся. Попел — самае лепшае, што застаецца ў такім выпадку ад напісанага.
А калі па вялікім рахунку, то паэзія павінна пераўзыходзіць нават майстэрства — пакідаць яго ззаду. Яны сінонімы адно да пэўнага ўзроўню, далей разасабляюцца: майстэрства рухаецца па пракладзеных рэйках, паэзія ідзе бездарожжам.
Читать дальше