— Трэба паслаць па біскупа,— адразу ж задзірыста сказаў Усяславу Расціслаў.
— Чаго?— нібы не зразумеў, пахмурна запытаў той. Сеў на сваім, вярхоўным, месцы, што займаў пасля таго, як злёг князь Ізяслаў, стомлена абцёр далонню высокі лоб, роўны важкі нос, густыя, трошкі ўжо сівыя вусы i бараду.
— Няхай аб'явіць нам князеў наказ, каб мы ведалі, што i як рабіць далей,— прамовіў Расціслаў. Раней, нават да нядаўняй паездкі ў Холм, дзе пабачыўся з князем Данілам, які вярнуўся з Іціля, ад Батыя, Расціслаў так смела i фанабэрыста не размаўляў са сваім супернікам, але, адчуўшы новую падмогу ў Галіцка-Валынскай зямлі, дазваляў сабе дзёрзкасць.
— Біскупу, святарам мы не павінны замінаць шчыра маліцца за душу нашага дарагога князя,— непарушна адказаў Усяслаў.— Наказ Гаспадара зямлі нашай пачуем на днях.
— Калі, па-твойму, трэба аб'явіць нябожчыкаву волю нават нам? — напаў Расціслаў.— Можа, толькі пасля пахавання?
— Можа.
— Але ж на пахаванне прыедуць князі, баяры з усіх бліжэйшых зямель. Першае, што яны запытаюць у нас, будзе пра тое, як мы самі бачым далейшы лес сваёй зямлі? Чыйго, якога князя хочам мець на пасадзе ў Навагародку? Але што мы ім адкажам, калі не будзем ведаць нават князевай граматы?
Усяслаў не проста зірнуў, a абпаліў яго варам жывых, іскрыстых вачэй: ён жа ведае князеў наказ, тое-сёе ўжо робіць у тым духу, але не хоча нават намёкам прачыніць уваход да таямніцы, злуе, што хтосьці рвецца туды.
— Не глядзі як воўк на брахлівага сабаку!— пахрабрыўся Расціслаў.— Не ты адзін павінен ведаць i рашаць усё па-свойму! Ты такі ж радца, як i я! Роўныя мы! I род наш баярскі гэткі ж даўні!
— Князева цела яшчэ не астыла, а ты ўчыніў ужо валтузню! — зморшчыўся Усяслаў.
— Князя мы не падымем ужо. А мы, жывыя, дзяржаўныя мужы, павінны думаць i дбаць пра жывое, дзяржаўнае...
Усе астатнія да гэтай спрэчкі даўніх супернікаў, адзін з якіх трымаўся за князя Данілу Галіцкага, a другі — за князя Ізяслава, не далучаліся, слухалі i назіралі за ўсім.
— Думалі, дбалі i будзем думаць ды дбаць пра дзяржаўнае,— Усяслаў упарта не падпускаў нікога да сваіх сакрэтаў.— А пачнём з таго, што зараз жа пашлём ганцоў у Полацак, Ноўгарад, ІТскоў, Смаленск, Чарнігаў, Жамойць, Булевічы, Дзяволту, Рушкавічы, Дайнову, Нальшаны, Яцвязію, Куявію, Мазовію, у нашы Ваўкавыеск, Слонім, Гарадзен, у Пінеск, Бярэсце, у Літву да Міндоўга...
— A ў Холм, да князя Данілы? — скрывіўся Расціслаў, што Усяслаў так i не назваў сталіцы таго, каго ён назваў бы першым.
— I туды пашлём.
— Зрабіў нарэшце ласку князю Даніле! Уважыў!
Усяслаў на гэты раз змоўчаў, адвярнуўся. Як ад нада-
кучлівай мухі.
— Мне ўсё стала ясна! Ты не хочаш запрашаць сюды князя Данілу! Не хочаш весці з ім ніякіх перамоў!
— Не пахмяліўся, дык пілуе, грызе душу зло? — ухмыльнуўся Усяслаў.— Ці нейкая пошасць i на мазгі перакінулася?
— Мае мазгі як мазгі, а вось у твае пошасць закралася! — не здаўся Расціслаў.— Калі мы жадаем дабра Навагародскай зямлі ці, як вы з гонарам вялікім кажаце, Вялікаму княству Навагародскаму, дык мы павінны нічога не таіць адзін ад аднаго! Верыць, памагаць адзін адному! А вось ты штосьці замышляет тое, што тоіш ад нас! Чаму? Для чаго? Дзеля сваёй карысці?
— Я сказаў князю Ізяславу сваё слова, прыйдзе час — скажу яго i вам усім,— прамовіў той.— А рашаць усё будзем разам. На Радзе i на вечы.
— Не разумею гэтых тваіх таемнасцей! — Расціслаў падаўся з радніцы, а потым услед за сабой так бухнуў дзвярыма, што ажно затрэсліся сцены.
Усяслаў добра ведаў Расціслава, як аблугіленага, дык разумеў, чаго той гэтак мітусіцца i шалее, хоча як мага раней уведаць таямніцу граматы князя Ізяслава. Расціслаў, хочучы дабіцца свайго, ужо спрабаваў паслаць у далёкі Холм ганца з весткай пра Князеву смерць (ганца за горадам перахапіла яго засада, i той, калі добра ўвалілі па рэбрах i задніцы, прызнаўся, хто яго накіраваў i з чым), а цяпер, канечне ж, хоча паслаць упагон i яшчэ аднаго чалавека, каб той пераказаў Андрэю-дворскаму запавет князя Ізяслава i тое, што збіраюцца рабіць у Навагародку.
Як ён i прадчуваў, Расціслаў не толькі хутка вярнуўся са слотнага двара, а проста ўварваўся ў радніцу. Палахлівец у душы, раней не раз біты Усяславам за розныя правіны, ён аднак цяпер быў раз'юшаны, з перакошаным ад гневу i дакукі тварам.
— Цяпер я разумею! Усё!..— ажно пырснуў слінай, пазіраючы з нянавісцю заплытымі ад тлушчу i частых выпівак вочкамі. Круглы мясісты твар чырвоны, як бурак.
— Што ўжо да цябе дайшло? — нібы ў хлапчука спакойна i ў той жа час з насмешкай запытаў Усяслаў. Заадно прыкінуўся прасцяком.
Читать дальше