*
Зіма ў лістападзе!..
У скутай рацэ
плаваюць качкі.
*
Убілася ў берагі
і заўзята
габлюе рачную плынь:
руплівіца-кладка.
*
У лужыну зазіраюць
познія дзьмухаўцы:
там — сонцы?!.
*
Вагаецца вецце
асенніх дрэў —
і вагае,
аплёўшы сваімі ценямі,
дом.
Грыб
Дзе грыб, там любы краявід набывае асаблівую прывабнасць, і сярод многіх хваін і бярэзін грыбнікі абіраюць для пакланення якраз тую бярэзіну і тую хваіну, пад якою бачыцца грыб — самы праўдзівы і ганаровы герб любога гербарыю.
Нібы хатка Бабы Ягі, грыб стаіць на адной назе, акрыўшыся рабою страхою-магеркаю, і, як гібрыд, спалучае ў сабе стромкае і круглае, пляскатае і пукатае.
Хоць грыбовы век нетрывалы, але ў бары і ў лесе ён гэтакі самы абарыген, як стогадовыя дрэвы.
Грыб — горб, што ўзнікае як рывок «паграбовай», спадсподняй напругі ў невядомае вымярэнне, насустрач дажджу і небу; вузел, што звязвае раз'яднаныя рухі прыроды ў адно.
Грыб чуйны і далікатны, як рыбіна, і калі што-небудзь з надвор'ем не так, ён гэтаксама, як рыбіна, выкінутая на бераг, гіне і прападае.
Грыб усім падабаецца, ім не грэбуе ні славянін, ні габрай, ні селянін, ні бюргер.
Збан
Збан лепіцца з багны — з гліны, загартоўваецца на агні, а выпрабоўваецца ў штодзённым у жытку-побыце.
Калі збан парожні, ён адзываецца сваёю звонкаю іпастассю, калі поўны — глухой.
Як найбольшае багацце, як самую сваю душу, збан зберагае ўнутраную пустату: дзякуючы ёй, збан не хвілінная забаўка, а заўсёдны здабытак і можа зноўку і зноў напаўняцца ўсё новым змесцівам — вадою, віном альбо малаком.
Звычайна збан стаіць на стале, на паліцы альбо вісіць — калі сохне — на плоце, але варта яму ўзбунтавацца і ўпасці вобзем, ён тут жа разбіваецца і, пазбаўлены душы пустаты, становіцца грудаю ачаропкаў.
Ці гэта банкет, ці базар, ці любы іншы збор — усюды, дзе прысутнічаюць людзі, прысутнічае і збан.
Да збана чэпяцца забабоны, але ён не звяртае на іх увагі, ён безупынна абнаўляецца, і гэтае безупыннае абнаўленне аберагае яго і ад абагаўлення, і ад забыцця.
Пень
Усе дрэвы пазіраюць на пень звысоку, але ён і не пнецца ўгору, каб з імі зраўняцца: ці ліпень, ці кіпень, ці хліпень, ён — той самы, ён — нерухомы, ён — дрэва на пенсіі, ён адмежаваны ад вышыні, якая прымушае дрэвы цвісці, хвалявацца, упадаць у роспач і аддавацца надзеі, і таму ён упэўнены ў сабе, і таму ён ні перад кім не гне спіны, і таму ніколі не збіваецца з панталыку, і таму ў сваіх пенатах ён пан.
Пень — не кволая, а спелая, не папярэдняя, а наступная ступень існавання дрэва.
Аб пень спатыкаюцца.
Ля пня спыняюцца.
На пень наракаюць («пеняют»).
Пень успамінаюць у казках і прыказках, і сам ён — памяць, у спіралях якой спяць мінулыя леты.
Быццам жывыя манеты-пенязі, пень абсядаюць апенькі.
Да пня, каб пачысціць глюгу, ляціць груган і, каб паспяваць, — пеначка.
Срэбра і золата
Срэбра зрэбнае: яно блізкае простаму людскому жыццю, шэраму на выгляд, шурпатаму навобмацак.
Золата аздобнае: заўсёды і ўсюды яно пачувае сябе волатам, які ўсё можа і якому ўсё дазволена, і тыя прарэхі і дзіркі, што нічым ужо нельга залатаць, латва залатваюцца золатам.
Адны сцвярджаюць, што зло паходзіць ад золата, другія — што золата паходзіць ад зла, але, зрэшты, зло і золата зрошчаны такім чынам, як зрошчана ў самой сабе лотаць: калі яна зялёная — яна ў перыядзе «зла», калі яна жоўтая — яна ў перыядзе «золата».
Срэбра — месяц, золата — сонца, срэбра — попел, золата — жар, срэбра — вада, золата — агонь, золата — ад розуму, срэбра — ад сэрца, срэбра — сябар, золата — уладар, срэбра бярэцца, золата хаваецца, срэбру радуюцца, золату зайздросцяць, срэбра цешыць, золата лашчыць.
Канчаецца ноч, і золак спяшаецца ўзяць сабе хросным золата, а світанак — срэбра.
Век
Век спалучаны з усімі істотамі, але найшчыльней — з чалавекам.
Ён выяўляецца — і чытаецца — у яго твары і постаці, і калі па якой-небудзь прычыне век парушаецца, то нявечыцца і чалавек.
Век не аднолькавы са стагоддзем: ён утрымлівае ў сабе сваю меру, якая вымяраецца не проста часам, а самой непаўторнасцю часу, — і свой вектар, які скіроўваецца з пачатку ў канец, з маладзіка ў ветах, з раніцы ў вечар, з жыцця, якое падуладна зменам, у жыццё, якое зменам не падуладна, — у вечнасць.
Читать дальше