*
Бульба цвіце.
У рамонкаў
круглыя вочы.
*
Вадасцёкавая труба —
увага,
што скіравана адразу
у неба
і ў дол.
*
Бярэзіна ўсохла,
а ў вершаліне
красуе зялёная амяла:
пераможца лёсу?!.
*
Каля зялёнага дрэва
скульптура з дрэва:
маўклівая спрэчка
пра дасканаласць.
*
У вёсцы.
Як дзіўна зноўку пачуць
гаворку,
знаёмую з немаўленства,
ад незнаёмых людзей.
*
Ускрай маладога жыта
сінія васількі —
сінія буквіцы
ў кнізе лета.
*
Сохнуць на плоце збанкі:
штыкеты
займелі галовы?!.
*
Хаваецца між дамоў
зіхатлівая поўня —
цыганка нябёсаў.
*
Вышэй за царкву
комін фабрычны:
дым
таксама малітва?
*
Вецер павеяў,
закалыхаўся зялёны чарот –
і ўзнікла
РАЗМОВА.
*
Перасяляемся.
У кватэры
селіцца рэха,
у рэху –
пражыты час.
*
Павырасталі рамонкі
вышэй за рэйкі:
старая вузкакалейка.
*
Усё ў ім галініцца,
усё разнастайваецца,
усё
няспыннае паўтарэнне:
дрэва —
ці, можа, само жыццё?
*
Косяць —
але ні для кога:
такі твой лёс,
трава гараджанка.
*
Не замінайце,
ветахі ліхтары,
дзівіцца на поўню.
*
Па-над запруджанай вуліцай
лётаюць жвавыя матылькі:
машыны гэтак
не могуць.
*
У горадзе бор —
ацалелы гурт
упорлівых абаронцаў.
*
Руіны даўняга замка.
Якая з гэтых сцяжынак
вядзе ў саму даўніну?
*
Навеялася да весніц
хваля пяску —
хваля мёртвага часу.
*
Сцелецца ў жыце
сцежка —
развага
жыцця пра жыццё.
*
Тэлефон аўтамат
на рагу дзвюх аціхлых вуліц
перадумвае,
што чуў за дзень.
*
Вярбіны,
нахіленыя па-над ракою:
як гэта —
плынь цячэ,
а іх адлюстроўванні
застаюцца?!.
*
Спахмурнела —
і глыбіня
вярнулася наваколлю.
*
Стромкія дрэвы:
яны адны
заўжды памятаюць
пра неба.
*
Канчаецца дзень —
у дрэў
выраслі цені.
*
Пад плотам
пасохлы дзядоўнік
і дзед-жабрак:
пабрацімы?!.
*
Шчаслівіцы-вербы:
такая сухмень —
а яны з ракою.
*
Бяроза каля царквы —
дзве белыя постаці
прыгажосці.
*
Дождж!.. Дождж!..
І дзе ты быў усё лета?! —
плачуць сады.
*
Падаюць дзічкі ў траву —
і адтуль цікуюць:
ці хто іх возьме?
*
Старая таполя
з парэпанаю карою —
няспынна цякуць
па ёй ручаінкі часу.
*
Такая празрыстая далячынь –
відаць
нядаўняе лета.
*
Зграбаюць жанчыны ў кучу
апалае лісце —
і вось ляжыць перад імі
яно, быццам дзіўны
упаляваны звер.
*
Марудныя доўгія чэргі —
яны адны
яднаюць усіх сягоння?
*
Дождж церусіцца —
дым
не бачыць, дзе неба.
*
Згусціўся туман —
і вокны дамоў
сталі вачамі
прасторы.
*
Уранку я выйшаў з дому
і ўвесь дзень ішоў
у кірунку да сонца.
Якім супярэчлівым
аказаўся мой шлях!..
*
Якая прагная гліна!..
І з жабрака
сцягвае боты.
*
На скрынцы для смецця
цярпліва
сядзіць крумкач.
Раніца ўвосень.
*
На небе туман,
на зямлі слата:
наша, надвор'е?
*
Расклалі ля рынку
цяпельца
і грэюць рукі:
армяне ў Менску.
*
Ці калі-небудзь
сюды вярнуся?!.
За плынным акном
тасуюцца краявіды.
*
Снег усцілае зямлю,
на снег
сцелецца жоўта-барвовае лісце:
мастачка-восень.
*
Пад небам асеннім
калодзежны журавель:
скардзіцца, што не можа
лётаць?!.
*
Выйшла з аўтобуса
і азіраецца —
ці яе
гэты прыпынак:
старая перасяленка.
*
Над курганамі туман —
ці дым
вогнішчаў старажытных?
Читать дальше