Крэйда
Усё, што крэйда крэсліць і піша, лёгка сціраецца, аднак крэйда на гэта не крыўдуе і на гэта не скардзіцца: яна рада, калі ў ёй маюць патрэбу, калі ёю карыстаюцца.
Крэйда творыць рэйд у невядомыя абсягі пазнання, і кожны раз для яе гэта абсяг — tabula rasae.
Крэйда можа памыляцца, можа рабіць «крывыя» высновы, але робіць яна гэта самааддана і самаахвярна, і таму заўсёды мае крэдыт даверу.
Усёю сваёю істотаю крэйда імкнецца ўва-собіцца ў незнішчальнае, у несціральнае слова праўды, і ў гэтым яё крэўнае крэда.
Венік
Ціхмяна ўвесь век венік стаіць у куце, нібы адбывае пакаранне за нейкія віны. Але калі ў хаце трэба навесці парадак, венік выводзяць з кута, выводзяць з ценю, і ён, завіхаючыся, умешваецца ў хаду спораў.
Венік — wenig (па-нямецку — мала), венік — vienas (па літоўску — адзін), аднак, нібы з венаў, ён складаецца з мноства аднолькавасцяў і падабенстваў — з вецця.
Клопат у веніка пыльны, занятак аднастайны, але вынік гэтага клопату плённы.
Венік да месца і ў Вене, і ў Венецыі, яго веянне адчуваецца на кожнай верандзе, у кожным двары.
Паслухмяны вернік, венік верай і праўдай служыціь багіні чысціні. Дзеля гатага ён і прыняў паніжэнне, апынуўся на самым нізкім узроўні «грамадскага» бытавання, хоць па сваёй канстытуцыі ён нязменна адпавядае найвышэйшаму ўзроўню — узроўню вянка.
Варона
Беларуская варона вартуе вароты і, седзячы на іх, паварочваецца разам з імі то на ўсход, то на захад.
Руская ворона проворная: яна ворует усё, што кепска ляжыць, але ўсё, што ні уворует, роняет.
Балгарская врана рана прачынаецца, каб самай першай падаць свой голас і ў Сафіі, і ў Варне.
Праславянская vоrna варухаецца па ворным полі, збіраючы ў свой ворак-капшук знойдзеныя зярняты.
Літоўская varnа варыць кашу, а зварыўшы, варожыць, каму варта даць, каму — не.
Польская wrona няўрымслівая, як арол: яна вынырвае каля Вроцлава, каля Кракава, каля Варшавы — дзе ўюцца харугвы, блішчаць шаўроны і дзе зброя вырашае, хто мае быць паранены, хто — страчаны, а хто — уратаваны.
Комін
Комін кемлівы: ён загадзя ведае, як складуцца абставіны і куды павядуць наступствы, і, згодна з гэтым, займае сваё дамінантнае — «каменданцкае» — месца.
Комін — і печ, і нешта акрамя печы; і хоць у той час, калі печы і цёпла, і суха, комін мокне на дажджы і калее на холадзе, ён ніколі не наракае на сваё «акромнае» становішча.
Нібы кумір, комін узвышаецца над кожнаю страхою, над кожнаю хатай, і кожны вараг, перш чым пастукацца ў хату, нібы на нейкі каментар, пазірае на комін.
Комін — камель, які валодае каменнай трываласцю, і акалічнасці пераконваюць яго ў тым, што ўсё міне, а ён застанецца.
Кішэня
Калі чалавеку шанцуе, гэта ў першую чаргу заўважае кішэня, і калі не шанцуе — гэтаксама «адценьваецца» на кішэні.
Кішэня нібы кірмаш: што яна мае, з яе дастаецца, і чаго не мае, у яе кладзецца.
Іншыя — шляхетнейшыя — часткі адзення кпяць і шэмраюць, што кішэня — ненаедная кішка, што кішэня — шэльма, аднак кішэня «адкышвае» гэтыя «кепшыкі».
Кішэня спрактыкаваная, кішэня спакушаная, і ўсе каштоўнасці, ці гэта шэлег, ці дукат, селяцца — шчэмяцца — менавіта ў ёй.
Голад i холад
Голад глытае ўсе наедкі, якія гадаваў год, холад захутваецца ва ўсе халаміды, якія назапашвала хата.
Холад — дрыготка, голад — сутарга, холад — душахват, голад — жываглот, холад тоіцца ў лёхах, голад — у логаве, голад — ляда, холад — лёд.
Голад глядзіць у дол, холад — у неба, голад гавее, холад вее, голад гандлюе, холад катуе, голад — злыдзень, холад — ліхадзей, голад — даўгун, холад — хапун, голад дужаецца, холад ходаецца, холад — волат, голад — асілак, холад адольвае знадворку, голад — знутры.
Холад адхуквае ўспаміны, голад «адгуквае» згадкі, голад — павадыр, холад — хадыр, голад уздыхае, холад хліпае, голад марыць пра «гладкі» лад, які заўсёды частаваў бы аладкамі, холад — пра дыхтоўны дах, голад — пра галаўня, холад — пра галавешку, голад — пра Gold (золата), холад — пра Holz (дровы).
Голад галіцца, холад хоча, холад голы, як гала, голад худы, як іголка, голад намагаецца знайсці ў наваколлі згоду, холад — пагоду, яны ходзяць удвух, і невядома, хто з іх большы, хто з іх галоўнейшы, але, кленучы голад, што ён гад, а холад — што ён кат, нібы пракаветным ідалам, абодвум ім дагаджае і абодвух іх улагоджвае ўсё свае жыццё люд.
Страла
Майстар палёту, страла старанна, бы рала, разворвае аблог прасторы, не пакідаючы за сабой ніякіх адзнак і прыкмецін.
Читать дальше