Ахвяр — чаго? Абставін? Волі злой,
што абыходзіцца без літасці?
Ахвяр нявернасці людской,
людской празмернасці і сытасці?
Дзе тыя добрыя вякі,
дзе тыя мудрыя часіны,
калі з ашчаднасцю шчаслівай
мы падбіралі гайкі i цвікі?..
— Чакайце, гляньце, ну, а гэта што?
Направа, ля падножжа схіла...
— А гэта, гэта могільнік аўто,
сказаць інакш: ix братняя магіла.
Шафера я прашу: «Прытармазі.
Такога i ў жыцці не ўбачым мы
на нашай Белай i на ўсёй Русі,
хоць свет стары нанова перайначылі...»
Спыніліся, стаім, глядзім.
Металалому груды — тыя могілкі.
Так, мала тут здаровай логікі.
Так, сапраўды тут крах ды прах адзін.
Калі ж мы зноў крануліся у шлях,
памроіўся, застыў ў маіх вушах
кліч з могілак, гартанна-металічны:
«Гэта ты, «Б'юік»!
Гэй ты, «Лінкольн» сталічны!
Чаго імчышся ты на ўсіх парах?
Хіба табе, шаноўны, невядома,
што ты ў гасцях яшчэ, а мы ўжо дома?
Спыніся i ўшануй наш прах!»
«I ты, шыкоўны «Лінкольн», i ты, «Форд» навейшай мадэлі, i вы, бліскучыя «Кадзілак» i «Крайслер», што так безуважна імчыцеся міма, i вы, нашы замежныя сабраты «Фольксваген», «Вольво», «Дансун»[ 6 6 Апошнія тры назвы ў адрозненне ад папярэдніх, амерыканскіх, — маркі машын, якія пастаўляюць на амерыканскі рынак, адпаведна, заходнегерманская, шведская і японская фірмы.
], што так безаглядна радуецеся сваёй канкурэнтаздольнасці i таксама не звяртаеце на нас ніякай увагі, — усе вы не станеце, спадзяемся, адмаўляць, што i мы ў свой час гэтак жа, як i вы, імкліва імчаліся па шляхах-дарогах... Вы не станеце, спадзяемся, адмаўляць, што i мы ў свой час, гэтак жа, як i вы, верна служылі чалавеку, цешылі яго вока, эканомілі яго сілы i час, стваралі яму камфорт. Мы верна служылі яму, а ён...
А ён вось так аддзячыў у адказ.
Ён нас — на злом,
на лом,
на сметнік.
Так, вы яшчэ ў гасцях,
ды прыйдзе час...
Ды помніце:
з вас кожны ўжо — смертнік.
I колькі б вы ні выціскалі міль,
наш лёс чакае вас усіх... Амінь!»
Цярпець не магу бедных, — раптам падумаў ён, — ненавіджу ix за тое, што яны бедныя.
Ф. С. Фіцджэральд. Вялікі Гэтсбі
Глэдзіс цягнула яго ў дарагі рэстаран, каб палюбавацца на багатую, элегантную кампанію, паглядзець, як ядуць высакародныя людзі. Яна горача любіла багатых i гэтак жа палымяна ненавідзела беднякоў.
Э. Сінклер. 100%
Канэлі ненавідзеў нястачу саму па сабе. Па словах Джонсана, якія былі сказаны ў прыватнай размове, Канэлі адчуваў сябе добра толькі ў касдюме за трыста долараў, у чаравіках, зробленых на заказ, i ў кампаніі людзей, апранутых гэтак жа, як ён.
У. Манчэсцер. Забойства прэзідэнта Кенэдзі
Мудрасці даўняй урок
я атрымоўваў рана:
«бедность — не порок»,
«беднасць — не загана».
Так гаварыў народ.
Так сцвярджала ява.
А тут другі падыход,
тут другая справа.
Дзе ўжо тут да любві,
да памяркоўнай спагады!
Гані яго, беднага, бі,
кляймі апошняй пагардай!
Не давярай бедняку!
Будзь цвёрды, як ойча Кальвін.
Працягне нябога руку —
дай замест хлеба камень.
Бравая ледзі адна,
сваячка духоўная Спенсера,
клікнула весела-песенна:
«Беднякам — вайна!
Ім не аб'явіш вайны,
будзе нам разам цесна.
Тут жа стануць яны
тормазам для прагрэса...»
Хай вам імя — легіён.
Ды жыць не ўмееш багата,
не ўмееш нажыць мільён, —
ты — персона нон грата.
Калі ж ты сам бядняк,
як быць тады з беднякамі?
Ад іх адбівайся ўсяк —
нагамі і рукамі.
Паколькі ўсё зло i дрэнь
у іх, немаёмных Джонах,
ад іх уцякай далей,
як ад пракажоных.
Сам не будзь беднатой!
Адкінуўшы страх i пакору,
па лесвіцы той залатой
карабкайся, лезь угору.
За ногі трымаць будзе хтось,
хтось будзе чапляцца за крыссе,
бі ў зубы, зганяючы злосць,
і да свайго імкніся.
Ірві з беднатой, з дабратой,
душу выганяй дубінай,
і будзеш ты на крутой
ступеньцы жаданай драбіны.
Здабудзеш ты мільён,
і зменіцца ўсё адразу:
знімуць з цябе праклён,
змыюць з цябе праказу.
Усчэпіш ты хоць адзін
брыльянт на сабачы ашыйнік, —
і ты ўжо грамадзянін,
і ты ўжо суайчыннік...
Што ж меў на ўвазе народ,
які вучыў старанна:
«бедность — не порок»,
«беднасць — не загана»?
Сучасная амерыканская песенька
Паслухай, Том, паслухай, Том,
ты любіш сваю Лолу?
Ты дорыш ёй сто тысяч тон
трынітраталуолу?
Сто тысяч тон,
сто тысяч тон
трынітраталуолу!
Не нейкі там грашовы чэк
або камплект пасцельны...
Запомню, любы Том, навек
падарак твой вясельны.
Мае падушкі — без вагі,
гасцінец мой — пуховы.
А твой, а твой зусім другі:
шматтонны, выбуховы.
Не знаю толькі, як мне быць
з дабром, што прываліла?
А можа, фарш з яго зрабіць?
Вось гэта будзе сіла!
Начынім фаршам тым гуся,
яшчэ належным чынам
нафаршыруем парася,
яшчэ пірог начынім.
Хай ад закусак гнецца стол,
згінаецца да долу!..
Сто тысяч тон,
сто тысяч тон
трынітраталуолу!
Я ўяўляю, мілы Том,
як гэта усё будзе.
Гасцей збярэцца цэлы дом,
збярэцца мнагалюддзе.
Я беласнежная уся,
а ты ўвесь чорна-белы...
Садзімся ўсе вакол гуся,
сядзім, пакуль ён цэлы.
Ды хтось бярэцца ўжо за нож,
прымерыўся... Не, Томі!
Занадта страшна гэта ўсё ж! —
Читать дальше