Партызаны лавілі коней і заварочвалі на вузкую лясную дарогу, збіралі кінутыя салдатамі карабіны, здымалі з папруг цесакі і высыпалі з пантранташоў патроны. Потым немцаў паставілі па два чалавекі ў рад.
Да іх падышоў смуглявы, сярэдняга росту мужчына і, мяшаючы слова па-руску, слова па-нямецку, лагодна і ціха загаварыў:
— Вы хацелі пакінуць нашых дзяцей без хлеба. Выходзіць, бандыты вы, хоць ваш камендант бандытамі лічыць нас. Мы — партызаны, мы абараняем свае сем'і, сваю зямлю ад бандытаў і ворагаў. Ідзіце спакойна назад. Ніхто вас не зачэпіць. А каменданту перадайце, што не дадзім адсюль ні аднаго зярняці. Вас сотня, а нас тысячы. Усе мы былі салдатамі і ўмеем добра страляць.— Ён усміхнуўся, выцягнуў з-за пазухі пачак нямецкіх лістовак і раздаў кожнаму па некалькі штук.— «Auf Wiedersehen»[ 9 9 Да пабачэння! (ням.)
] — Прыставіў далонь да казырка палінялай салдацкай шапкі.
Салдаты павярнуліся, нібы па камандзе, і ціха, час ад часу азіраючыся, патупалі на пыльнай лясной дарозе. Калі трохі адышліся і ўбачылі, што ніхто за імі не ідзе, прыпусціліся ледзь не подбегам.
— Заварочвай на Зайцаў хутар! — загадаў Салавей.— Няхай кожны разбірае сваё, а шляхецкае раздадзім сіротам і ўдовам.
Весялей пакаціліся колы па цвёрдай лясной дарозе. Следам ішлі партызаны. У некаторых на адным плячы вісела свая стрэльба, а на другім — нямецкі карабін. Максім Ус падперазаўся двума поўнымі патранташамі. Хлопцы расказвалі, як хто страляў, колькі забраў патронаў, хваліліся новымі карабінамі.
Пад вечар таго не дня раззлаваны бездапаможнасцю нямецкага камандавання барон Урангель загадаў закласці яму брычку, сказаў, што едзе ў госці да харомецкай пані. Паклаўшы пад сядзенне нейкія скрыначкі і шкатулкі, ён накінуў калматую бурку, ускочыў на абшмулянае скураное сядзенне і памчаўся рыссю па пыльнай дарозе.
Калі ўскочылі ў лес і брычку затузала на выбоінах і карэннях, барон адно крычаў фурману: «Паганяй!» Замыленыя коні толькі сцішыліся, калі праехалі халопеніцкі мост. Барон азірнуўся назад, з палёгкаю ўздыхнуў, нібы выскачыў з пасткі. Яму шкода было пакідаць маёнтак, але не хацелася рызыкаваць жыццём, неабходным «для выратавання Расіі».
Ён пераначаваў у Харомецкім маёнтку. Там яго чакалі Казік Ермаліцкі і Парфір Плышэўскі. Пра што яны гаварылі, ніхто не ведаў. Раніцою баронава брычка паехала па дарозе на Бабруйск.
Болей у Рудабелцы барона Урангеля ніхто не бачыў. Толькі Максім Ус доўга яшчэ шкадаваў, што выпусцілі яго жывым.
9...
Пры немцах Андрэй Ермаліцкі нарэшце сыскаў дачку на фальварку і, нібы блудную авечку, прыгнаў на хутар. Хацеў адхвастаць ляйчынаю, але старая коршакам кінулася да яго, упала на калені, накруціла вяроўчыну на рукі ды як залямантуе:
— Лепш мяне, калі хочаш, забі, а дзіця не дам няславіць. Хто ж яе возьме пасля такой сараматы? От пабачыш, сам будзеш прасіць, каб хоць Іван узяў.— І ўмаліла-такі. Адступіўся стары. Дні тры пратрымаў Гэльку ў каморы і выпусціў: трэба ж некаму даіць кароў, секчы свінням зелле, палоць проса, і канюшыну касіць пара.
Ад сына, відаць, ужо помачы не чакай: скруціўся з дому, разлайдачыўся, распіўся. Недзе па загальскіх хутарах з такою ж хеўраю, як і сам, сабакам сена косіць. Бунтуе, усё некаму грозіць. З карабінамі ды з наганамі ездзіць, не наваяваўся яшчэ! Андрэй гатоў быў аставацца пад германцам, абы толькі жыць спакойна давалі. Дык не, трасца іх матары, тухлая немчура! Прыгнала іх нялёгкая, аж сюды дапялі — жыта выграблі са скрыні, кумпякі паздымалі ў клеці. Колькі ні бажыўся, што не бальшавік ён, а яны лыпаюць вачыма, як тыя совы на світанні, гергечуць, ды толькі зубы выскаляюць. Казік бы ім паказаў, каб са сваімі хлопцамі прыскочыў. Шукай ветру ў полі: гарцае недзе па ўдовах, як маладзенькі кныр.
Але ж і немцы трасцу спажылі. Кажуць, Салаўёва банда ўсё падчыстую адабрала.
Ад гэтых думак яшчэ большая нуда і злосць разбірала старога Ермаліцкага. Бальшавікоў ён ненавідзеў смяртэльнаю нянавісцю, можа не так ненавідзеў, як баяўся іх парадкаў. «От пойдуць, бронь божа, немцы, тады зноў гэтыя Салаўі ды Ляўковы ўсходзяцца забіраць зямлю, абразаць хутары, каб іх разачка рэзала. Няўжо Казік з Плышэўскім дапусцяцца, каб іх бацькоў гэтыя антыхрысты з торбаю пусцілі? У іх жа сіла! А Плышэўскі — галава, вучыцель яшчэ мікалаеўскі».
Трывожыла старога Ермаліцкага і Гэлька. Ён гатоў нават узяць прымака, але каб толькі шляхецкай пароды. Выгадней, канечне, прымака, можна пасагу не даваць і мець лішняга работніка. Абы толькі не гэтага злыдня!
Читать дальше