Бачачы, што ніхто ў застоллі не дакранаецца да самагонкі, Кольб памяркоўна пакпіў:
— А чаму ж не пакаштуеце шнапсу? Не хочаце спраўляць заручыны? Мусіць, нявестам не падабаюцца жаніхі? Ці жаніхам не даспадобы нявесты?
— У вайну і без гарэлкі горка. Дый якія пад канвоем памовіны? У сапраўднага свата цераз плячо звісае ручнік, а не вінтоўка, — нясмела азвалася Люба, якая збольшага зразумела сэнс Кольбавых слоў.
— Што яна кажа? —пацікавіўся вартавы.
Сіліч пераклаў сказанае.
Па ўсім адчувалася, што Кольб асекся. Ён прыкметна пасур’ёзнеў i толькі пасля некаторай паўзы паспрабаваў апраўдвацца:
— Не ведаю, як мусульмане. Можа, па ix законах шнапс забаронены. А ў славян без яго не бывае застолля ні на хрысцінах, калі народзіцца чалавек, ні на вяселлі, калі ён жэніцца, ні на памінках, што спраўляюць па ім пасля смерці.
Міхась не стаў увязвацца ў гаворку, бо зразумеў, што вартавы чуў пра звычаі славянскіх народаў і, напэўна, ведае пра тое, што і заручыны не бываюць без гарэлкі або віна. Успамін пра тое, што ў некаторых мясцінах на Беларусі «заручыны» называюць «памовінамі» або «запоінамі» і людзі кажуць там, што маладую не «засваталі», а «запілі», выклікаў у хлопца кіслую ўхмылку. Праўда, сам ён у гарэлцы не адчуваў ніякага смаку і нават законный сто грамаў, якія, бывала, атрымліваў на фронце, ніколі не піў, а заўсёды аддаваў іншым. Дык не хлябаць жа цяпер самагонку ў нямецкім доце з гора ды з бяды. Бо хто ведае, чым усё гэта можа скончыцца пасля?
Палонныя хутка расправіліся з дзявочым пачастункам. З галадухі хлеб з цыбуляю і з соллю быў ім у навіну і сышоў за лепшыя прысмакі.
Кольб, відаць, хацеў ужо закрываць недазволенае зборышча, але, калі глянуў на некранутую пляшку, разгублена развёў рукамі і па-нямецку прамовіў:
— Раз нявесты з жаніхамі не прыгубілі шнапсу, значыць, заручыны не адбыліся. А што рабіць з ім? Хіба ўзяць мне ды задобрыць Штунца? Можа, ён паспадзяецца, што я пастаянна буду ставіць яму магарыч, дый угаворыць Брэса, каб той часцей даручаў мне ахоўваць вас каля гэтай вёскі? — Але чамусьці перадумаў і злосна заключыў: — Няхай Штунц п’е свой. Ён умее рабіць гэта. А гэта — слёзы людскія. Вазьміце зелле, — кіўнуў ён галавою ў бок дзяўчат.—Яно спатрэбіцца настойваць лекавыя зёлкі ці націранне,—і паказаў рукою палонным, каб тыя забіралі лапаты, а сам пайшоў у дзверы.
— Дзякуй вам, дзяўчаты, за перадачу! —неўпапад азваліся хлопцы, калі Ангел з Любамірам пад канвоем выводзілі працэсію з дота.
— На здароўе! — адказала Вера. — Дзякуй вам, што накапалі нам гліны!
— Шанцу і ўдачы вам у жыцці! — загадкава пажадала на развітанне Люба.
З прыцемку на святле Міхасю здаўся вельмі прыгожым яе твар, яшчэ болей паружавелы ад сонечных праменняў.
З пагорка было відно, як удалечыні, у нізіне, пабліскваючы знічкамі, іскрацца азёрныя хвалі. Там, як ахопліваў пагляд, распасціралася бясконцая водная роўнядзь. Прыплюшчваючы павекі, Міхась разглядаў яе самотным позіркам, а ў думках узнікалі далёкія родныя мясціны і зусім іншае возера, блізкае яго сэрцу. Адтуль на яго глядзелі знаёмыя Анюціны вочы.
Дзьмухаючы выхлапным газам, натужліва завуркатаў грузавік, які Ангел вырульваў з кар’ера, а Міхасю здалося, што як быццам бы яго абдало дымком паравоза, пахам чыгуначных рэек і прасмоленых шпалаў на невялікай станцыі, што прытулілася да лесу насупраць Анюцінай вёскі. Бывала, як любілі яны ўдваіх шпацыраваць па яе дашчаным пероне, зайздроснымі позіркамі праводзячы цягнікі ды захапляючыся спрытам машыністаў, якія, не збаўляючы хуткасці, на хаду падхоплівалі жазло з рукі дзяжурнага.
Чыгуначны насып ад возера аддзяляла пясчаная дарога, ускрай якой раслі цяністыя вольхі, а за імі зараснікі чароту i аеру. Здавалася, што, калі б не гэтая трывала ўкаранелая прыродная заслона, вада ў паводку даўным-даўно пазмывала б сыпучы дарожны пясок.
Міхасю да драбніц знаёмы кожны закутак у наваколлі. Калі ісці са станцыі ў вёску, з правага боку ўздымаецца бязлесы пясчаны пагорак, а з левага расце ў вадзе чарот з асакою. I адразу ж вольхавым драбналессем заканчваецца возера. Справа ў яго ўпадае невялікі ручай, і далей ліпавая алея вядзе ў вёску, што раскінулася злева, воддаль берага. Напэўна, калісьці тут на ўзвышшы быў невялікі маёнтак, бо сям-там захаваліся замшэлыя будынкі, зусім непадобныя на вясковыя хаты, ды ацалела нямала стогадовых клёнаў. Непадалёку—памяшканне школы. Трохі лявей, за школьным садам, за валейбольнаю і футбольнаю пляцоўкамі, на беразе ў вадзе жалезнымі слупкамі выгараджана купальня з мосцікамі вакол. Проста ад школьнага двара ў возера выступае ладны паўвостраў, густа зарослы бярозамі, клёнамі і вольхамі. У самым канцы яго паверхня паступова зніжаецца і зусім хаваецца пад вадою. Навокала расце. шмат белых гарлачыкаў. Гэтую мясціну Анюта называла сваім запаведнікам, i для Miхася яна была таксама запаветная.
Читать дальше