А палонныя тым часам падзялілі пароўну хлеб, каб нікому не дасталося болей і ніхто не быў пакрыўджаны, прагна паглыналі яго, духмяны, пульхны, ды ў думках дзякавалі спагадліваму вартавому.
— Нейкі дзіўны немец. Спачувае нашаму брату, — не ўстрымаўся Акбар.
Сіліч хоць і зведаў ужо Кольбаву чалавечнасць, але, прызнацца, не чакаў ад яго такога дзёрзкага ўчынку. Хлопца ўразіла, што вартавы не пабаяўся Любаміра. Ён жа можа расказачь пра ўсё каменданту або дарожнаму майстру, ад якіх немец не абярэцца бяды.
Знаёмы змалку хлебны пах прыемна казытаў у носе, i хаця людская міласціна не перасядала ў горле, але Міхася пасля вымушанага жабрацкага валачобніцтва па вёсцы ўсё яшчэ не пакідала прыкрае, паганае адчуванне. Ён гатоў быў лепш майстраваць з парожніх гільзаў вазы для кветак або з дошак кіі і збываць ix за нямецкі эрзац-хлеб (хай сабе той не духмяны i не пульхны), чым пабірацца міласцінай у няшчасных землякоў, якіх не здолеў уратаваць ад варожай навалы.
Чым старанней хлопцы насядалі на хлеб, тым болей уваходзілі ў смак i з не меншым азартам абуджалі ў сабе апетыт. Што ў іхнім становішчы есці без меры, асабліва не траву i не кандзёр, а хлеб—рызыкоўна, яны разумел!, але ніяк не маглі спыніцца, дый невядома, ці спыніліся б наогул, калі б не вярнуўся парожні грузавік. Добра, што, пакуль накідалі пяском яго кузаў, зрабілі фізічную размінку і да пары да часу пакінулі ў спакоі рэшту недаедзенага хлеба, прыхаванага ў рэчмяшкі.
Паветра паступова прагрэлася, і свежасць змянілася гарачынёю. Сонца паднялося высока ўгару i праз павелічальную лінзу небасхілу прыпякала сваімі промнямі.
Палонныя ўжо амаль загрузілі кузаў, калі надышла пара полудніка. Спачатку Кольб, а потым напераменку адзін за адным і Любамір з Ангелам нетаропка елі бутэрброды. Полуднік заняў у іх не болей чвэрткі абедзеннага перапынку. Папалуднавалі яны адначасова з тым, як палонныя закончылі працу.
Якраз у гэты момант сюды з’явіліся Вера з Любаю. Напэўна, дзяўчаты ведалі, калі ў ахоўнікаў полуднік, таму і прыйшлі менавіта цяпер. Усе вартавыя сядзелі на дошцы з краю кар’ера. Вера смела падышла да Кольба і моўчкі нерашуча працягнула яму ладны высокі вузел, перахоплены не то абрусам, не то хустаю.
— Вас іст дас? —насцярожыўся той, не рашаючыся браць вузел.
Бачачы гэта, Вера разгублена апусціла яго i нясмела прамовіла:
— Шнапс.
Вартавы роблена засмяяўся, выняў з кішэнькі на жываце штаноў гадзіннік, глянуў на яго цыферблат, устаў з дошкі i, паказваючы рукою палонным, каб тыя таксама ўзбіраліся на край кар’ера, смеючыся, па-нямецку растлумачыў:
— Будзем спраўляць заручыны.
Яшчэ тады, як хлопцы накідалі на фурманку гліну, дзяўчаты, бачачы пакепліванні вартавога наконт зканіхоў i шнапсу, адчулі, што немец не строгі, i дома надумалі выкарыстаць яго балбатлівасць для таго, каб перадаць палонным яду. Аднак цяпер, калі палонныя падышлі сюды i Кольб рукой паказаў, каб яны ўсе ішлі ў бок дота, абедзве дзяўчыны занепакоіліся. Маўляў, хоць канваір і жартаўлівы, але хто ведае, што ён надумаў. Калі вартавыя пачнуць крыўдзіць, палонныя ж не здолеюць заступіцца пры ўзброеных ахоўніках. Але цяпер нічога не зробіш. Адступаць позна.
А Кольбу не хацелася навідавоку дый на санцапёку праводзіць недазволенае зборышча, калі непадалёку—утульнае сховішча. Ён жа з раніцы наведваў дот i добра агледзеў яго ўсярэдзіне.
Абодва балгарыны вымушаны цяпер суправаджаць дзівака немца. Ангел трымае напагатове карабін, а Любамір, хоць i не вымаў з кабуры пісталет, але таксама глядзеў ва ўсе вочы. Пярэчыць Кольбу яны, вядома, не могуць, а палонных ахоўваць абавязаны, бо за іх адказваюць перад камендантам лагера.
Кольб разагнуў і адматаў дрот, якім была завязана клямка, са скрыпам расчыніў дзверы і, жэстам рукі запрашаючы ўслед за сабою ўсіх астатніх, першы пайшоў у дот. Насцярожаныя, Любамір i Ангел моўчкі прапусцілі паперадзе сябе палонных з дзяўчатамі i таксама ўвайшлі туды, не прычыняючы за сабою дзвярэй.
Пасля спякоты Сіліча абдало прыемнай прахалодаю настылага бетону. У доце панаваў радкавы прыцемак, разлінаваны пыльнымі пучкамі святла, якое пранікала з вузкіх байніц і падсвечвалася, нібы слабым пражэктарам, шырокім снопам, што ўрываўся з расчыненых дзвярэй.
Сіліч здагадаўся, што немцы пабудавалі на гэтым пагорку дот, каб трымаць пад абстрэлам азёрны бераг на выпадак высадкі там савецкага дэсанту. З непрывычкі, пасля дзённага святла, у яго міжволі прыплюшчыліся вочы, i ён у прыцемку не адразу разгледзеў пры сцяне доўгі стол з лаваю. Кольб з вінтоўкаю падышоў да яго i, паказваючы рукою на лаву, ветліва прамовіў:
Читать дальше