Акбар, які стаяў бліжэй да акна, зрабіў некалькі паспешлівых крокаў і, працягнутай рукою беручы хлеб, дрыжачым голасам прамовіў:
— Вялікі дзякуй, цётка!
У Міхасёвых вушах шчымлівым водгаласам адазваліся гэтыя словы. Хлопец хутчэй адвёў убок свой позірк і толькі пачуў, як Кольб загадаў: «Лёс!» ды як, брынкаючы незакітаванымі шыбінамі, зачынілася акно.
Насупраць другой хаты ўсё паўтарылася амаль 'гэтак жа. Толькі вялізны акраец з круглай каўрыжкі, якую з акна працягнула ўжо маладзейшая гаспадыня, узяў не Акбар, а Сабіт.
У Сілічавай душы —раздвоенае адчуванне, якое раздзірае ўсё ўсярэдзіне і з якім ніяк не можа саўладаць ягоная свядомасць. Розум прасякнуты цвярозай удзячнасцю да Кольба за яго чалавечнасць, зычлівасць i спагаду, а нейкае няпэўнае пачуццё паліць хлопца ўсяго наскрозь. Пастаяннае недаяданне катуе яго фізічна. Цяпер пры адным выглядзе хлеба ён прагна глытае сліну. Канечне, гэта не кідаецца ў вочы іншым, тым болей мясцовым жыхарам. Але ён адчувае сябе неважнецкі, што выстаўлены перад імі напаказ, як убогі i проставалосы, у вылінялай, потнай гімнасцёрцы, з няўклюднымі драўлянымі калодкамі на нагах. Яму здаецца, што на яго з нямым папрокам, як быццам ён у нечым вінаваты, глядзіць шырока расплюшчанымі вокнамі кожная пакрыўджаная хата незнаёмай вёскі. Ад крыўды і сораму ён гатоў праваліцца скрозь зямлю, каб толькі не бачыць i не адчуваць усяго гэтага.
А тым часам іх нязвычная працэсія ўжо мінула трэцюю хату, з акна якой жанчына падала ў рукі Юлдаша скавародзень. У адказ на Кольбава пастукванне ствалом вінтоўкі аб крыжавіну рамы i на яго аднастайнае і бязладнае лапатанне: «Матка, давай хлеб, картошка» ніхто з жыхароў не выходзіў на падворак, а жанчыны падавалі міласціну толькі праз расчыненыя вокны. Цяпер браць яе чарга Міхася. Хлопец уцягваў у плечы шыю, як быццам можна схаваць яе, нібы смоўж галаву ў ракавіну, напружваўся, каб ступіць тры-чатыры крокі і, беручы міласціну, не праслязіцца і не папярхнуцца даўкім камяком слёз. Ён адчуваў, як успыхваюць агнём яго вушы, рабіў неймавернае намаганне, нязграбна браў з рук жанчыны ладны акраец і замест таго, каб падзякаваць ёй, ужо не сваім, а чужым голасам невыразна мямліў штосьці бязладнае. Яму здавалася, што раптам абарвуцца яго нервы — i зараз ён, як зламаная ўраганам сухастоіна, упадзе на дол.
Але Кольб, відаць, рашыў, што, паколькі кожнаму палоннаму ўжо дастаўся полуднік, далей няма чаго ісці па вёсцы. Ён нетаропкай хадою зайшоў спераду працэсіі і жэстам рукі i словам «цурюк!» павярнуў яе назад. Гэта дало магчымасць Міхасю перавесці дыханне, хоць трохі ачомацца і выйсці з памутнелага стану. Праўда, канчаткова ён усё роўна не пазбавіўся паганага настрою і адчуваў, што як быццам нешта абарвалася ў яго сярэдзіне. Хлопец ледзьве перастаўляў ногі, што не хацелі слухаць яго і падкошваліся і выгіналіся, нібы гумовыя. Драўляныя калодкі пякуча мулялі падэшвы, як быццам ён ступаў імі не па зямлі, а па гарачым вуголлі. Толькі цяпер Сіліч заўважыў, што з абодвух бакоў вуліцы на іх недарэчную працэсію глядзяць не пустыя вокны хат, а прыхінутыя да шыбаў дзесяткі зацікаўленых вачэй. На адлегласці ён, вядома, не мог разгледзець, якая ў іх жаласлівасць і самоцішча, бо ніякавата адводзіў ад іх свой сарамлівы позірк. Толькі міжвольна акінуў ім сваіх суседзяў, што, як і ён, адной рукою падтрымлівалі на плячы лапаты, а ў другой трымалі міласціну, якую на хаду не змаглі пакласці ў заплечныя рэчмяшкі. I ягоны твар скрывіўся ад прыкрай і горкай ухмылкі.
Калі вярталіся міма дота, Сіліч з пагорка ўбачыў удалечыні вялізнае возера, на голым беразе якога відны былі бункеры. Хлопец зразумеў, што гэта Ільмень. Толькі, вядома, не з паўночна-заходняга берага, дзе яго затрымалі нямецкія салдаты, а дзесьці з паўднёва-заходняга боку.
«Гладыш казаў, што даўжыня Ільменя—сорак пяць кіламетраў. Значыць, на другім баку яго — нашы войскі. Фронт як спыніўся некалі перад гэтай воднай перашкодаю, дык так і затрымаўся на месцы».
Вартавы прывёў палонных на ранейшае месца, задаволена буркнуў, маўляў, цяпер вам будзе і ўлежней, і ўежней, і, каб не перашкаджаць ім, як ні ў чым не бывала паблізу пачаў прагульвацца сюды-туды.
Любамір, які, як Кольбаў цень, разгублены і ўсхваляваны, маўкліва і неадступна сноўдаў побач з немцам, цяпер трохі супакоіўся і ўсеўся над палоннымі на дошцы з краю кар’ера. Што ён можа зрабіць? Яму трэба весці сябе прыстойна, як належыць вернаму прыслужніку. Адкуль Любаміру ведаць, што гэтаму вартавому не лезуць у горла бутэрброды, калі ён бачыць, як галодныя палонныя глытаюць сліну? Там, на гравійцы, дзе іх процьма, Кольб вымушаны мірыцца з абставінамі, бо ў прысутнасці многіх вартавых нічым не можа памагчы бедакам. А тут жа ўсяго толькі чацвёра палонных. Як ён зможа палуднаваць, калі яны, галодныя, прагнымі вачамі будуць глядзець на яго бутэрброды? Побач жа —веска. Дый у ёй, як сказалі дзяўчаты, няма салдатаў. Вясковыя жыхары заўсёды знойдуць, чым падзяліцца са сваімі землякамі. Тым болей, што i палонных яму не трэба адрываць ад працы. Яны ж нічым не занятыя, пакуль вернецца парожні грузавік. Вось таму Кольб і рашыў перад полуднікам памагчы хлопцам раздабыць яду.
Читать дальше