Чым далей вартавыя адводзілі ix ад палосы адчужэння па аголеным расцяробе, тым глыбей удыхалі Міхасёвы грудзі вільготнае ранішняе паветра, настоенае на сакавітым разнатраўі, якое ўдалечыні ад гравійкі не было прыцярушана дарожным пылам і абвявалася ледзь улоўным лясным водарам. Па засохлых і пацямнелых ад часу зрэзах на несамавітых пнях было відно, што тут рос малады лес i што ссеклі яго або ў канцы мінулага лета, або позняй восенню. «Пад корань усё выцярэбліваюць, сволачы, i нашу моладзь, і лясны маладняк, — думаў Міхась, на хаду бегла акідаючы насцярожаным позіркам альховыя, бярозавыя ды асінавыя пні, што сіратліва вытыркаліся з зямлі, як нямыя сведкі спусташальнага рабавання. — Мусіць, адгэтуль гітлераўцы вывозілі бярэзнік для крыжоў на могільнік сваім ваякам у наўгародскім крамлі». Сярод пнёў збольшага было папрыбірана галлё. Скрозь, як глянуць, вырасталі з зямлі парасткі нізкарослага драбналесся. Шорсткі сівец ды лясная трава, што, незацененыя, цяпер буялі на выгодзе, папрашывалі прэлую леташнюю лістоту, якая высахла ад сонца і шорхала пад нагамі, нібы каляная.
Не даходзячы крокаў сем да прысадзістага бярозавага пня, які, як прывід, узнік наперадзе, Сіліч заўважыў, што яго чорна-белую, нібыта срэбраную, аснову акаймоўвае ўнізе прывабны залацісты вянок. Праява не магла ашукаць позірк заядлага грыбніка. Хлопец насцярожана сцяўся ўвесь і ў адно імгненне, спружыніста згінаючыся, на хаду расчапіў і з карэньчыкамі выдраў з зямлі ржава-бурыя каралавыя зросткі. Ужо ў прыполе гімнасцёркі прагным позіркам акінуў крамяныя шляпкі ў крапінках бурых вяснушак і, пераконваючыся па паясках на ножках, што апенькі сапраўдныя, асцярожна апусціў іх у бляшанку ад дымавой шашкі, што была ў рэчмяшку, які ён спрытна скінуў з аднаго пляча і хуценька разборсаў.
Усё гэта адбылося настолькі хутка і нечакана, што змрочны вартавы, які ішоў ззаду, не паспеў ачомацца і толькі запознена прамармытаў панямецку:
— Як шкадлівая свіння, на хаду скубе патраву.
«Мала таго, што высякаюць наш лес, дык яшчэ і грыбы ў ім лічаць сваёй уласнасцю», — раззлаваўся хлопец. Але ў той жа момант яго жар ахаладзіла каманда «хальт!», якую ззаду падаў жвавы вартавы. Яна прагучала ў паветры халодным кляцаннем вінтовачнага затвора.
— Хальт!
— Хальт!
Нібы падвоенае водгулле яе, адзін за адным пачуліся разрозненыя выкрыкі астатніх ахоўнікаў, калі шлях палонным перагарадзілі раскіданыя па зямлі бярозавыя, асінавыя ды альховыя бярвенцы. Яны ляжалі абыяк, нібы салдаты, што ў наступленні загінулі ад варожых куляў.
Цяпер толькі яны злёгку загрувашчвалі вузкую палосу расцяробу, што аддзяляў гаротнікаў ад лазовых кустоў і непралазнага зарасніку, дзе смуга бялёсага туману ахутвала доўгачаканую волю. Пакуль што неакрэсленая і туманная, як гэтая смуга, воля нейкай падспуднаю і неадольнай сілаю прываблівала да сябе і ўжо трымала ў полі свайго прыцягнення, якое раптам абарвала нямецкая каманда: «Абедзве пары, бярыце па бервяну і выносьце на аўтамашыну!», якую падаў жвавы служака-вартавы, што з вінтоўкаю напагатове загарадзіў сваёй чацвёрцы палонных шлях да лесу і жэстам адной рукі паказаў, каб яны падымалі з долу лясіны.
Нібыта цені гэтага служакі, астатнія двое вартавых з вінтоўкамі напагатове таксама зайшлі спераду сваіх чацвёрак i расслаблена скамандавалі неўпапад: «Лёс!»
«Кожны з іх сочыць толькі за сваёй чацвёркаю, — пераконваўся Міхась, падымаючы з напарнікам з долу бярозавае бярвенца. — А гэтая нямецкая педантычнасць нам на руку. Наш вартавы хоць з выгляду i змрочны, але ён цельпукаваты і непаваротлівы. Калі ўвішна дзейнічаць, яго можна аблапошыць. Асабліва тады, калі будзем браць бярвенцы бліжэй каля кустоў і зарасніку».
Бярвенца, якое яны неслі, было нецяжкое. Нізкарослы напарнік трымаў на плячы яго танчэйшы канец, а цыбаты Міхась—камель. Хлопец павярнуў галаву налева, а потым прыхінуўся шчакою направа, да настылага паркалю бяросты, акідваючы позіркам іншыя лясіны, якія неслі суседнія палонныя, і ўбачыў, што іх асінавыя і альховыя бярвенцы прыкладна такой жа таўшчыні. Гэтым дрэвам гадоў па пятнаццаць — дваццаць, не болей. Значыць, тут рос малады лес. Напэўна, немцы прымусілі сялян выцерабіць яго, каб для бяспекі агаліць з абодвух бакоў гравійку, аддаляючы ад яе надзейныя i зручныя подступы, а драбнейшае ламачча з галлём аддалі ім на дровы.
Праз адчынены задні борт кожная пара палонных нетаропка засоўвала ў кузаў камлём да кабіны сваё бярвенца. У першы прыход яны прыкрылі імі амаль усю падлогу кузава.
Читать дальше