...Разумная згода з тым, што сяму-таму (Айтматаву, Распуціну) дадзена больш таленту, і ён у гэтым не вінават, і дзіка гэта — крыўдзіцца на ягоную славу. Тым больш памятаючы, як многа ён працуе, шукае, знаходзіць, не марнуючы свой дар.
...Дома, чытаючы Шагінян («Новый мир», № 6), светла ўспомніў, як я зімой трыццаць сёмага — трыццаць восьмага года хварэў і, шчасліва маючы многа вольнага часу, чытаў «Давіда Каперфільда».
Успомніў таксама, як увосень трыццаць дзевятага, у вёсцы на арбайтскамандзе, Валодзя Васілеўскі [ 28 28 Зямляк і аднапалчанін Я. Брыля. Памёр у шпіталі для ваеннапалонных вясной 1940 г..
] хварэючы, залез у маю торбу ад процівагаза і напісаў у маім наіўна-смелым блокноце: «Собрание сочинений, том четвертый. Из цыганской жизни». Штосьці больш яшчэ, але толькі гэта запомнілася. Пра маю будучыню па Савецкай радзіме, куды нас абяцалі адпусціць,— як прароцтва якое. Тады мяне, здаецца, і Цыганом празвалі, калі адрасла чупрына, якое ў казармах, на стрыжаным пад машынку, не бачылі.
...Застаўшыся за дзеда і за бабу, з прыемнасцю накарміў унучку, напаіў яе ліпавым цветам, нагрэў вады, памыць ногі, і палажыў спаць (трохі тэмпературыць), а сам — толькі ў дзесяць — пайшоў прайсціся.
Зноў, як у семдзесят восьмым, сцежка ў добрым жыце, тады кладка на Нёмане, стагі над пакошай, любая свежасць пасля пакутлівай спёкі і вялікая, заслужаная стомленасць сонца над самым лясным даляглядам.
Успомніўся Якуб [ 29 29 Тут і скрозь далей — Якуб Міско (1911—1981) — журналіст, сябар Я. Брыля, у той час цяжка хворы.
] Восьмага быў у яго амаль дзве гадзіны. Наш аптымізм і гумар, як маленькая надводная частка панурага айсберга, што страшна больш хавае ў глыбінях адзіноты... (Якая неадпаведнасць «прыгожага» параўнання!) Падумаў цяпер пра мудрасць апошняга развітання з жыццём. За кагосьці падумаў, без болю свайго, нібы і гэтым любуючыся — збоку...
*
Дурнота гэта была ці чысціня — мая наіўнасць, што так нямала пахадзіла па самым краёчку смяротных небяспек? Скажам, блакнот-дзённік у войску, у палоне, у акупацыю?..
Днямі думаў, што варта расказаць пра гэта, напісаць — апошні раз, найясней. Ды нешта ўсё-такі як быццам раіць пачакаць, знайсці найбольш дакладныя, аб'ектыўныя словы.
*
Пісьменны, начытаны, добры, а ўзяў ды даў мае «Байдуны» пачытаць аднаму з нашай вёскі,— каб выявіць, каго за кім трэба бачыць...
— Навошта ж ты так? Людзі ж будуць злаваць,— кажу яму збянтэжана, а ён, у адказ, прастадушна, з усмешкай:
— Але, браце, будуць...
Усюды дзеці — унукі майго пакалення, з якімі трэба быць бліжэй, асвяжаючы душу.
І кнігі, да якіх ад мінусаў сучаснасці цягне, нібы да верных сяброў.
У братавай, перад сном, падмацаваўся першымі раздзеламі «Анны Карениной», зноў смакуючы Яго мудрую прастату. А ў мірскай кнігарні купіў маленькую, хораша выдадзеную аповесць невядомага Цібара Дзеры і тут ужо, даючы нагам адпачынак, з прыемнасцю прачытаў.
Праўда, і купляючы, і чытаючы гэтага венгра, светла помніў, што недзе ў Гданьску перакладаецца, а ў Кракаве будзе выдадзены мой «Золак», таксама ў «мініяцюрнай серыі»...
*
Учора вельмі хороша ўзыходзіў пад садам і лесам поўны, цяжкі, барвовы месяц. Памытая бабуляй унучка прычэсвалася перад трумо, і я, увайшоўшы з двара, сказаў ёй зірнуць у акно.
А сёння распасцёрся спорны дождж. За бульбай, што застракацела цветам, маё мілае, каласістае жыта і лес. «Як хораша!» — падумалася, а потым і сказаў Ніне, што паездка па родным наваколлі патрэбна мне была, як адчуваю цяпер, для таго, каб вярнуцца сюды, у Крынічнае, як дахаты, каб супакоіцца тут на даўжэй і, можа, папрацаваць.
Днямі ў бульбе, воддаль ад нашых вокан, зацвіла адна кветка маку. А цяпер ужо іх, як ад першай іскры, успыхнула цэлая кароценькая градка, і я ўявіў такое ў мультфільме, толькі ў казачнай хуткасці, і радасць дзяцей уявіў, якім так уласціва лічыць казачнае натуральным.
...Падвечар.
Спорны дождж ішоў ад ранку да позняга поўдня, потым аціх і перастаў. Старая ліпа мокрая, аднак, праходзячы каля яе, спыніўся ад ціхага гулу. Пчолы. Здаецца, пад кожным лісточкам, як пад парасонам. Агромністы зялёны вулей.
*
У маленстве і пазней я ведаў тугу па кнізе. Пасля ў мяне, а потым і ў маіх дзяцей такога не было. Халодная, туманна-непраглядная туга...
*
У шэсцьдзесят дзевятым годзе, на парадзе ў Кіеве, Платон Варанько гаварыў, як сорак першы год тых людзей, якія сталі неўзабаве партызанамі, адкінуў ледзь не ў зусім першабытную дзікасць,— ні радыё, ні газет, ні кніг, а навокал — поўнае варожае бяспраўе...
Читать дальше