Не трэба сёння ў юбілейным экстазе або звышлагоднасці забывацца, што і ў Мележа былі не толькі ўдачы. Ён і сам гэта ведаў. Інакш не дапрацоўваў бы бясконца свой «Мінскі напрамак», супакоіўся б на тым поспеху, што раман гэты меў. А былі ж яшчэ спробы ў драматургіі...
Адносныя няўдачы былі нават у Талстога («Семейное счастье», «Нигилист») і ў Дастаеўскага (успомнім спачатку захапленне, а потым рэзкую крытыку Бялінскага) — у самых вялікіх і маналітных пісьменнікаў.
...Мы, літаратары, па прыродзе сваёй самотнікі. Мы ўмеем знаходзіць шчасце ў сваёй самотнасці, мы нікуды не можам падзецца ад нашага болю, нашага роздуму, нашых сумненняў. Цяжка? І не паскардзішся, бо нехта можа спакойна сказаць: «Цяжка — пакінь». Дарэчы, так і раіў суровы Талстой. Справа ў тым, што і пакінуць нельга, нельга стаць раптам не самім сабой.
...Колькі сяброў адышло беззваротна! Мележ, Куляшоў, Дзяргай... І мы цяпер думаем горка, што не паспелі чамусьці, а то як быццам і не змаглі сказаць ім тое, чаго яны заслужылі.
Тое, што мы гаворым сёння пра Мелелна — гэта ўжо не для яго гаворыцца, ён ужо не суцешыцца цяплом нашай шчырасці. Гэта мы гаворым для саміх сябе і для тых, якія прыйдуць пасля і па-свойму паўтораць тое, што мы гаворым пра значнасць зробленага ім, пра сапраўднасць яго як пісьменніка.
...Ад смеху ў зале пасля непрыдуманага анекдота пра «на втором месте» я не сказаў, як думаў раней, што не пра другое, не пра пяцьсот другое месца «пасля Пушкіна» трэба было думаць і думалася тады, у пачатку нашай дарогі, а пра месца сваё, да якога было яшчэ так далёка. Зрэшты, здаецца, я і гэта неяк сказаў. А не сказаў таго, што трэба было, відаць, сказаць:
Не чапайце ўжо толькі Купалу і Коласа, бо хто ж вас упаўнаважыў саджаць, рассаджваць каля іх ды паміж імі новых класікаў. Тым больш што і тут выразна бачыцца меркантыльны разлік: Мележ побач з Купалам і Коласам, а я — побач або зусім побач з Мележам... Словам, і маладосці ў нас зашмат, і правінцыялізму.
*
Слухаючы спецыялістаў па хіміі, думаў: «Каб я запомніў усё, што чуў на ўсіх тых вялікіх заводах, дзе быў, дык быў бы вельмі разумны». Галоўнае — ведаць сваё, заўсёды і ўсюды вучыцца бачыць усё. Адчуванне павагі да тых, што ведаюць і працуюць — гэта было ў мяне заўсёды. На такім фоне бачыш, правяраеш сябе — ці тое, што трэба, ці на ўсю сілу робіш сваё.
...Які агромністы апарат, як многа моладзі ў розных камандзіроўках, як многа ў нас людзей, што не працуюць або «працуюць», не робячы галоўнага, неабходнага. Колькі б адпала правяральшчыкаў, каб людзі працавалі хоць больш-менш сумленна.
...Калі мы выйшлі з грандыёзнага ды мудронага цэха, падумаў, што якраз цяпер — па ўсёй рэспубліцы — ідзе тэлеперадача пра маю работу. Адчуванне законнай гордасці, патрэбнасці? Ці, можа, штосьці ад жадання апраўдацца?.. [ 25 25 Запісана ў Гродне.
]
*
«За ім кабыла Мышатка з танканогім жарабём ляніва члапае па сівым, пытляваным пыле палявой дарогі». Гэта калісьці — пытляваны пыл — у «Маім земляку» смакаваў незабыўны Валя Таўлай.
Успомніў — чытаючы карэктуру.
*
Дастаеўскі («Дневник писателя», 1873):
«Выше всего ценя разум, науку и реализм, он (Бялінскі.— Я. Б.) в то же время понимал глубже всех, что один разум, наука и реализм могут создать лишь муравейник, а не социальную «гармонию», в которой бы можно было ужиться человеку. Он знал, что основа всему — начала нравственные».
Як гэта сучасна праз сотню з гакам гадоў! Днямі адзін разумны старшыня калгаса, выступаючы па тэлебачанні, гаварыў, што ў нас ва ўсіх ёсць усё, каб быць заможнымі, не хапае толькі самага простага — сумленнай працы.
*
Доктар філалогіі з Адэскага універсітэта, разам са мной у гасцях у кіеўскага доктара філалогіі. Ветліва пытаецца ў мяне:
— Ваше справжне призвішчэ Панченко?
Дружба народаў — дружба літаратур...
*
Улетку сорак пятага года Таўлай расказваў, як на абедзе ў Купаліхі выпадковы госць — Бэнда ўсё даводзіў ёй, што ён ужо не той, зусім не той, які быў перад вайною. А яна, гасцінная і адкрытая цётка Уладзя:
— От еш. Сабака быў, сабака і застаўся, але еш!
*
Даволі часта апошнім часам успамінаю восень трыццаць восьмага года,— Мюнхен, Чэхаславакію, той страх і смутак... Успомнілася, што ў апавяданні «Кулікі», якое загінула, не проста кулікі на водмелі, да якіх я падпоўз, якіх назіраў,— не толькі гэтая радасць, а іменна як кантраст да мірнай красы прыроды, той страх і смутак перад зусім магчымым пачаткам вайны.
І сёння зноў,— што ж будзе з Польшчай?..
Читать дальше