*
Добра відаць чужыя памылкі. Стары Гаўрук спяшаўся перакладаць балады Шылера, а тое, што за яго ніхто не зробіць — успаміны пра Гарэцкага — усё адкладаў...
*
Раскоша чытання,— гэта ўсё-такі Герман Кант з яго «Остановкой в пути», раманам, які спачатку трохі дакучаў сваёй «нямецкай» грунтоўнасцю, а потым так, нарэшце, узяў, што я адчуў даўно знаёмы, шчаслівы «запой».
*
Чартова [ 23 23 Н. В. Чартова (нар. у 1903) — руская пісьменніца.
] — пра бацьку, пра сваё маленства. Хораша, мудра — з дыстанцыі. І тое, як брат-рэаліст пайшоў з белымі,— праўда, з якою ёй больш не трэба хавацца.
Калісьці, у пачатку пяцідзесятых, я знаёміўся з гэтай жанчынай, нічога ў яе не ведаў, лічыў нават «з маладым размахам», што от сабе старая — каля выдавецтва, то рэцэнзуючы рукапісы, то перакладаючы па славутых падрадкоўніках. А цяпер — з павагай і ўдзячнасцю прачытаў. Ціхае шчасце «общения» з людзьмі і часам, якія і сапраўды не павінны былі пайсці ў нябыт.
Двойчы Талстой: «прожил жизнь — расскажи» і другое: «и у малых писателей бывают вещи значительные» (штосьці так). Не ад старасці, не ад слабасці, не ад няздзейсненых надзей, а ад сапраўднай сталасці думаецца пра тое, што літаратуру робяць не толькі вялікія, што найбольш трывалае шчасце — у сумленным выконванні абавязку.
*
«Адхіленні ў чалавечнасць».
Адно з іх успомнілася,— у выступленні Фадзеева, здаецца, на з'ездзе ў пяцьдзесят чацвёртым годзе. Пра хлопца з яго юнацтва, паповіча, якому жылося нясоладка. Ці правяраў я гэта ў кнізе пра той з'езд? Можа, пачысцілі тое адхіленне ў парадку «карыснага» ў многіх выпадках скарачэння стэнаграмы? А то і сам ён «разумна» зняў, як гэта ў нас часта рабілася і робіцца? «Правільна гэта, добра, але цяпер не трэба». А калі будзе трэба?
*
За балконам майго трэцяга паверха, за кронамі грады высокіх і яшчэ зялёных дрэў — мора і неба. Днямі, з акна нашага «мацэсцінскага» аўтобуса ледзь не радасна ўбачыў многа невялікіх белых ветразяў і ўспомніў маё юнацкае, салдацкае, з Гдыні:
... Ветразі лодак рыбацкіх сям-там, Быццам капусныя спяць матылі...
А цяпер у сіняй воддалі відаць белыя дзяжкі глісераў,— меншыя, нерухомыя, і даўнейшыя, з пенаю за кармой.
Ні я купацца, ні загараць, ні на рыбалку... Сумная мудрасць рэжыму, асцярогі. І работа. Нічога тут не параіш, калі трэба выбіраць, лічыцца з магчымасцямі. Хопіць і таго, што можна.
*
Сустрэлася Блокава: «У поэта нет карьеры — у него есть судьба».
Думаў днямі і зноў вось думаю, колькі я за апошнія дзесяць — пятнаццаць год рабіў на шкоду сам сабе, можа, і не заўсёды вельмі абавязкова, аднак, як здавалася ў той час, такога, а не іншага таму, што інакш я не мог.
*
А. Эйнштэйн:
«...Моя религиозность состоит в смиренном восхищении безмерно величественным духом, который приоткрывается нам в том немногом, что мы, с нашей слабой и скоропреходящей способностью понимания, постигаем в окружающей действительности. Нравственность имеет громадное значение для нас, а не для бога.
...Люди моего склада считают мораль чисто земным делом, хотя и наиболее важным в области человеческих отношений».
*
«З 1300 даваенных ксяндзоў 248 актыўна супрацоўнічалі з фашысцкімі акупантамі, а яшчэ 250 — з буржуазна-нацыяналістычным падполлем і яго ўзброенымі бандамі, сярод верхаводаў якіх, дарэчы, было больш за 50 ксяндзоў».
Гаворка — пра ксяндзоў літоўскіх. А мне ўспомніўся сонечны Гюстраў і пані З., што гаварыла мне там, якую выдатную гістарычную ролю ў захаванні нацыянальнага духу іграў у гады больш чым векавой няволі і разарванасці Польшчы польскі касцёл...
Мы, беларусы, можам гаварыць пра яго з іншага боку,— пра магутную і жывучую сілу асіміляцыі гэтым касцёлам нашага народа, ад чаго нейкая частка землякоў і яшчэ ўсё ніяк не ачухаецца.
*
Яшчэ раз пра аўтабіяграфічнасць.
І. Ганчароў («Лучше поздно, чем никогда»):
«Что не выросло и не созрело во мне самом, чем я сам не жил, то недоступно моему перу: я писал свою жизнь и то, что к пей пристало».
*
Учора глядзеў тэлефільм па «Нісо» П. Лукніцкага, і ў сцэне, дзе таджыкскі і рускі юнакі селі вячэраць (маці таджыка корміць іх), паўтарылася адчуванне, якое варта перажыць, запомніць і выказаць — для збліжэння людзей, так, як яны тут збліжаюцца, гэтыя чыстыя, гатовыя на ўсё добрае, закліканыя на гэта рэвалюцыяй юнакі.
Што перажывае малады таджык, ад душы частуючы рускага, чым хата багата,— і заробленай цяжкаю працай, і такой незвычайнай для далёкага госця, і беднай ядой, якой не трэба саромецца, а ўсё ж... Усё ж так хацелася б, каб госцю спадабалася!
Читать дальше