*
Цудоўная паездка з Вацлавам [ 16 16 Вацлаў Жыдліцкі (нар. у 1931) — чэшскі літаратуразнаўца і перакладчык беларускай літаратуры.
] у Хэб і ў Мар'яньске Лазне (зусім на подступах да Байдана [ 17 17 У горадзе Вайдэн Я. Брыль быў у 1940—1941 гг. у нямецкім палоне.
]). Сонечная краса Судэтаў. Наведанне яго дваюраднага брата ў саўгасным пасёлку. На кніжнай паліцы (у адным з пяці пакояў — у трактарыста!), побач з Ірасекам, Дзюма, Дастаеўскім — Караткевіч. Таксама па-чэшску, у перакладзе Вацлава.
Едучы адтуль, з пасёлка далей, весела ўспамінаў Бранеўскага, з якім у Валодзі ёсць падобнае ў характарах.
Уладзіслаў, спыніўшыся познім вечарам каля вясковай карчмы, заказаў сабе літр гарэлкі і яечню з трыццаці двух яек, сеў, выпіў адзін кілішак, з'еў адно яйка, расплаціўся за ўсё, з «чаявымі», галантна падзякаваў і паехаў далей.
А наш Валодзя пачаставаў у маскоўскім рэстаране вялікую групу незнаёмых неграў — на ўсе грошы ў першы дзень камандзіроўкі,— «хай ведаюць, што такое Беларусь!..».
*
Прышвін («Кащеева цепь»):
«Знаю очень хорошо, что если бы я вслух сказал среди поэтов и художников о каком-то поведении, то все бы смеялись. Я это знаю и таю про себя мысль о том, что в художественном произведении есть какое-то настоящее творческое поведение».
У пачатку пяцьдзесят першага года я слухаў яго на нарадзе маладых пісьменнікаў, ён гаварыў там пра «поведение» і — ніхто не смяяўся. Не памятаю, ці я тады добра яго разумеў, аднак сутнасць гэтага, чым далей, то ўсё больш і мая таксама.
І далей у яго:
«Грибоедов чудесно сказал: «Пишу, как живу, и живу, как пишу».
...Мне бы хотелось понимать форму свободного труда, как об этом говорит Грибоедов, а творческое поведение я понимаю как усилие в поисках своего места в общем человеческом деле и как долг в этом общем деле оставаться самим собой».
*
Прага.
Старадаўнія яўрэйскія могілкі, на якіх ужо дзвесце год не хаваюць. Камень пры камені, вусцішная бібліятэка з «кніг» на безнадзейна невядомай мове, яшчэ па-новаму memento morі.
Хто тут асмельваецца гаварыць пра вечнасць?..
Толькі б маленькі ўдзел у вечнай справе. У гэтым і сапраўдная сучаснасць.
...Чэшскі стол, мангольская гарэлка і — дзякуючы мілай гаспадыні, вопытнай кітаістцы — дакрананне да Кітая, другой, да сцішнаты бяздоннай вечнасці.
Ці дойдзем мы калі-небудзь да сапраўднай агульналюдскай еднасці? У кожнага свой горб гісторыі, таго, што называецца нацыяналізмам. А яшчэ ж і новы, ды такі вялізны, мех развязаны — Афрыка!..
*
На адным з нашых з'ездаў ці пленумаў К. пачуў, як другі К., маскоўскі, казаў камусьці, што беларуская літаратура — «детский лепет». Расказваў мне наш таварыш пра гэта абурана, а я вось, чытаючы А. Лебедзева пра Грыбаедава, думаю, што ёсць не толькі «Горе от ума», адзін з твораў вялікай рускай літаратуры, але ж і многа глыбокіх даследаванняў пра яго. І як гэта, на жаль, пакуль што аб'ектыўна правільна — пра «детский лепет», і нічога тут няма абразлівага.
*
Думаў учора, што трэба будзе перачытаць Караткевіча, якога я чытаў найбольш у першых рукапісных варыянтах. І гэта па-свойму гаворыць мне пра яго значнасць. У нейкай залежнасці ад яго юбілею.
*
Зноў жалобнае развітанне, па тэлевізары [ 18 18 Гаворка пра пахаванне П. М. Машэрава (1918— 1980).
]
Каля труны Пятра Міронавіча, у галавах, стаяць яго жонка, партызанскі лекар, а сёння прыбітая горам жанчына, і брат яго, прыгорблены, сівы генерал. Калісьці расонскія юнакі, яны, браты Машэравы, далёка не адразу пасля вайны знайшлі, дзе пахавана іх маці, расстраляная за сыноў, партызана і франтавіка, і, як расказвалі іх землякі, убачылі, што косці рук яе звязаны калючым дротам...
Дождж, дождж на могілках, а потым, зусім нечакана, пасля ўсяго, на тэлеэкране — пад яго маладую, прыгожую ўсмешку на жалобным партрэце, над процьмай вянкоў і букетаў — развітальны лёгкі і чоткі праход воінскага ганаровага эскорта,— моладзь пад гукі вясёлага, непераможнага марша.
Як быццам сам ён, Пётр Міронавіч, сваёй усмешкай гаворыць, што ёсць і вышэйшае, трывалейшае за смерць.
*
Сярод тых зборнікаў апавяданняў, што прысланы мне на выбар у польскую анталогію, нейкі зусім незнаёмы К. У апавяданні яго — верасень трыццаць дзевятага. Уланы апынуліся паміж нямецкім наступленнем і нашым вызваленчым паходам. А тут яшчэ супраць уланаў, добра знаёмых мясцоваму насельніцтву па славутых «пацыфікацыях» [ 19 19 Пацыфікацыя — уціхамірванне, карныя экспедыцыі для падаўлення рэвалюцыйных настрояў.
], выступілі і сяляне-ўкраінцы. «Шаржа»-атака на гэтых безабаронных людзей,— штосьці з «Агнём і мечам». І як было там, у Сянкевіча,— «чэрнь», «морда», так і тут: «З каменным, адутлаватым тварам палкоўнік свіснуў шпіцрутэнам па мужыцкай мордзе». А потым яшчэ і шакалам назваў. А вышэй, калі ідзе тая, ледзь не легендарная атака: «Пазбаўленыя ініцыятывы, атуманеныя нацыяналістычнымі лозунгамі мужыкі заўважылі атаку, але было ўжо запозна на абарону і на ўцёкі. Тых, што ўцякалі палямі, уланы секлі шаблямі, даганяючы. Тых, што пахаваліся ў равах, бралі на пікі...»
Читать дальше