Адтуль яно, слова яго — ад зямлі, ад прыроды, ад самога жыцця.
*
Карлавы Вары ўсё ж такі будуць. Ну што ж, у Крынічным я з сябе ў той сумоце таксама не богведама што вымучу. Падганяю справы і, у поўнай гатоўнасці да выезду, вырушу паслязаўтра да бабулі і ўнучкі, яшчэ на два тыдні [ 6 6 Запісана ў Мінску.
]
Восем. Будзем ўставаць, ехаць па рукапіс, вычытваць пераклад. «Без работы і разумны здурнее»,— як гаварыў сімпатычны Павел Фёдаравіч Сарадоеў, з якім калісьці было цікава.
Як гэта добра сказана: «Жизнь моя, иль ты приснилась мне?» Колькі было ўжо добрага — не палічыць...
Лаўлю сябе часамі і на тым, што пішучы для сябе — самому сабе растлумачваю тое, што патрэбна будучаму чытачу гэтых «сваіх старонак». Так і цяпер,— хто ж такі Сарадоеў? Той самы, пра каго я пісаў у «Дажджлівым, сонечным жніўні», старшыня калгаса і, галоўнае, харошы чалавек.
Хочаш не хочаш, а чыстага для сябе не выходзіць. Можа, і таму, што я ж і друкую з запісаў, няхай сабе і выбіраючы?
*
Дома, у Мінску, быў з прыемнасцю, нават учора як быццам ехаць сюды [ 7 7 Зноў у Крынічнае.
] не хацелася, а ўжо ў аўтобусе адчуў, што лета, і што я ў красу яго еду.
Сцежка ў ячмені, уздоўж драціны на слупах, росны луг, Нёман, а потым лесам дадому.
Дзве рэчы захацелася не забыць.
Хлопчык, калі і старэйшы за нашу Данусю, што яшчэ спала, дык не на шмат старэйшы,— пастушок з радоўкі, які каля пня ў роснай траве канчаў снедаць і, па добраму звычаю гэтай вёскі, павітаўся са мною. «Есці захацелася?» — «Ага».— «А даўно выгналі?» — «У пяць». Ён не адзін, з нейкім дзядзькам, якога я паміж дрэвамі над ракою ўбачыў з каровай раней, чым хлопчыка.
І другое.
Тры буслы на нізкім лузе, за дубамі, — хвалюючае спалучэнне белага, чорнага і чырвонага колераў, асабліва тады, калі яны пачалі адзін за адным — на ўсякі выпадак — уздымацца.
Хораша сніў Твардоўскага, які зайшоў да нас і добра такі пасядзеў. А ідучы думаў пра Глебку: што добрага і я мог бы сказаць пра яго? Гэта — пасля яго вершаў у ліпеньскім «Полымі». І пра Броўку ёсць што сказаць, калі без вэрхалу ды сэпляў, як у N., а натуральна, аб'ектыўна. Можа, калі і скажу.
*
Чытаю ў Хайноўскага [ 8 8 А. Chojnowski, «Koncepcje polityki narodowościowej rządów polskich w latach 1921-1939».
] пра нацыянальную палітыку ў даваеннай Польшчы. Па-новаму прагучала такое:
«Украінцы і беларусы густа засялялі землі на ўсход ад Буга і Сана, і таму акрэсленне «нацыянальная меншасць» больш падыходзіла там да насельніцтва польскага, якога было каля 37,8 працэнта».
*
Вярнуўся з рэчкі.
Адышоўшы далей, стаў пад зялёнай, высокай навіссю алешніку, і цераз Нёман гледзячы па лугі, кусты, аер і неба, успомніў, як Грыша [ 9 9 Тут і скрозь далей Грыша — паэт Рыгор Семашкевіч (1945-1982), зяць Я. Брыля.
] гаварыў, вярнуўшыся адзін з паэтычнай праходкі: «Хораша так, а тут нейкія войны, палітыка...» І ў Талстога яно, і ў іншых — краса прыроды кліча да міру, да любові.
Успамінаў сённяшнюю цётку, якая жыве, век пражыла ў такой красе і так жа хораша спалучае ў сабе і зпешнюю цемру, і высокія чалавечыя якасці. А каб жа гэта яшчэ і без цемры!
*
Палавіна сёмай. Імгла.
Калі выйшаў да Нёмана, успомніў, што з палубы цеплахода, у сонечны дзень, недзе каля Запаляр'я ці ўжо там, старая глядзела, глядзела на ціхі Енісей і, нарэшце, не вытрымала: «Ишь, злодей, притаился!.. А сколько людей-то взял!..» Учора паблізу ад таго месца, дзе я пасу апоўдні ўнучку, пакуль яна плёхаецца са сваімі сябровачкамі на быстрым бродзе, утапіўся юнак з мінскай вясёлай кампаніі, а Нёман — такі ж прыгожы і абыякавы, як і быў, і повая вада прыйшла сюды за ноч з-пад Коласавай Альбуці або з яшчэ далейшай летняй красы, а заўтра будзе каля якой-небудзь Луннай. «Красою вечною сиять...»
Яшчэ адзін успамін, яшчэ адзін водгук вялікага. У ціхі, хоць і быстры Нёман упадае ручаіна. Там павінны браць акуні, а вышэй, у далёкай траве, летась я выпудзіў дзікіх качак. Успомнілася Ніягара, дзе я захоплена падумаў і, здаецца, запісаў: «І так жa тут вечна!» І ўспомніўся Лермантаў, ужо зямны, лугавы: «...и вода с водою говорит...»
А потым яшчэ ён, праходзячы пад цёмнымі дубамі.
Учора, калі Света, з усёй сур'ёзнасцю дзевяцігадовай гаспадынькі, расказвала, як той хлопец утапіўся пазаўчора вечарам, а знайшлі яго толькі ўчора апоўдні (мы і не ведалі нічога), як «два хлопцы і адна дзеўка», што былі ў іх кампаніі і нават адзін з іх штурхануў таго хлопца, «селі ў сваю «Волгу» і ўцяклі», а другія, «з другое «Волгі» павязуць таго хлопца да яго маці,— слухаючы гэта і канстатуючы гэты нейчы жах разумова, падумаў, а сёння вось успомніў, што раўнадушная не толькі прырода... Як прывыкаў і я — так жа хутка! — да трупаў і на фронце, і ў партызанах, як неглыбока я думаю і пра тых, што сёння... Зрэшты, і блізкіх так многа ўжо адышло, і боль не паўтараецца.
Читать дальше