...Бог мой! Дзе тая Аляска, а як гэта блізка! І сапраўды: «В конечном счете жизнь есть то, что человек видит; ее он старается удержать в памяти и воспроизвести средствами искусства».
*
Людміла Гурчанка, «Мое взрослое детство».
Дзіўнае адчуванне зайздрасці: ты ўвесь свой век пнешся, стараешся, а тут — на табе! — узяла і напісала добра. Актрыса са сваёю прафесіяй, не пісьменніца.
Трохі падобнае адчуў я калісьці, упершыню прачытаўшы нешта, не памятаю ўжо што, у Кента, яшчэ не ведаючы тады, што ён і мастак, і пісьменнік.
Не памятаю добра, ці было хоць трохі падобнай зайздрасці да Рэпіна; відаць, не было, бо «Далекое близкое» я чытаў яшчэ не будучы «прафесіяналам».
*
Бывала, калі чытаў прадмовы, пасляслоўі, даследаванні пра творчасць прагрэсіўных класікаў, даволі часта раздражняла больш ці менш адкрытае, лепш ці горш пададзенае сцверджанне:
Усё, што рабілася да нас, усім чалавецтвам на працягу ўсёй гісторыі,— гэта толькі ўступ, падрыхтоўка да таго, што настала цяпер. Мы — на вяршыні піраміды, з якое застаецца толькі крычаць «ура».
Падумалася гэта і сёння, чытаючы прадмову да «Споведзі» Русо.
...А ў яго ж столькі хочацца выпісаць блізкага!
«Я хорошо понимаю, что читателю не очень нужно все это знать, но мне-то очень нужно рассказать ему об этом.
...Хоть и ленивый по натуре, я бывал трудолюбивым, если хотел этого; и моя леность не была леностью бездельника, а человека независимого, любящего работать, только когда он считает нужным.
...Чтобы быть в состоянии, чтобы иметь смелость говорить великие истины, надо быть независимым от успеха».
*
Чытаючы карэктуру «Птушак і гнёздаў», успомніў, як Оттакар Ульрых [ 3 3 Нямецкі літаратуразнавец, выкладчык універсітэта ў Гале. Стажыраваўся ў БДУ імя У. І. Леніна.
] казаў, што ў маім рамане яму найбольш спадабаўся фольксфэст,— фельдфебель, які ўзлез на стол і акрапляў яго... «Гэта найбольш дакладна нямецкае».
*
Яшчэ адну п'есу перакладаю [ 4 4 Гэты і дзесяць наступных запісаў зроблены ў пасёлку Крынічнае на Міршчыне.
]. «Стары новы год» Рошчына перакладаў па просьбе купалаўцаў, «Святая святых» Друцэ — па просьбе і самога яго, якую мне перадаў Шабан, цяпер «Вішнёвы сад» — з сімпатыі да коласаўцаў. Ці трэба мне займацца гэтым, думаў сёння ўранні. Зноў як быццам кажу сам сабе, што больш не буду, што буду рабіць толькі сваё. Бо колькі я ўжо наперакладаў! Паэты дык хоць у зборах сваіх пераклады друкуюць, а на прозу і драматургію такога звычаю няма. Як быццам з імі заўсёды лягчэй і не бывае цяжка па-сапраўднаму.
*
Стары івянецкі народны ўмелец Пунко — пра настаўніка і, кажуць, добрага хлопца Міколу Пашкевіча, які яму нечым шмат дапамог — кажа з удзячнасцю і болем, але весела:
«Я ўжо дзевяты дзесятак луплю, а ён — памёр...»
*
Ці запісаў я пра іспанскага сабачку — бяздомнага, галоднага,— якога мы — дарослыя, сур'ёзныя мужчыны розных савецкіх нацыянальнасцей — пашкадавалі і падкармілі сім-тым, як блазнюкі? Познім вечарам, у Севіллі, на беразе славутага Гвадалквівіра, які не па Пушкіну спакойны, шырокі, а не «бежит, шумит»...
Запісваю гэта, пачаўшы чытаць Бернара Клавеня, «Испанец».
*
...Няўжо я адчуваю ўжо мой час глыбока-шырока-чыстага бачання?
Чытаю Клавеня. І як толькі там, у доме французскага селяніна, гаспадыня ўзяла ліхтар, я жыва ўспомніў, убачыў іншы ліхтар, — той, з якім у Адэсе мама хадзіла ў сутарэнне і брала з сабой мяне — памагчы ёй, патрымаць той ліхтар. У ім былі чырвоныя і зялёныя шыбкі. Апроч празрыстай? Відаць. Але ж запомніліся толькі тыя дзве. І ўсё тое мілае, такое цікавае падарожжа,— з кватэры, уніз па лесвіцы, па бруку двара, у сутарэнне.
А потым, у вёсцы, пашы з мамай паходы ў хлеў, даіць карову, што ацялілася. Карова, цялятка і ліхтар — ужо другі, круглы, без каляровых шыбак. Але і гэта вельмі хораша.
Штосьці падобнае было, здаецца, з малым Хаджы-Муратам, у яго — незадоўга да ўцёкаў, да смерці — успамінах.
*
«Белые с чёрным пятна заменяют кроликам национальный мундир и флаг».
Тут, на гэтай фразе ў сярэдзіне апавядання «Джек — Боевой Конек», я ўжо шчасліва засмяяўся.
Да першай фразы апавядання: «Боевой Конек был знаком со всеми собаками города» ўнізе старонкі дадзены аўтарам малюнак. Там трус ідзе па-чалавечы, на задніх лапах, і важна здымае цыліндр перад сустрэчнымі сабакамі, таксама у цыліндрах. Сабакі — з жонкамі, якіх няёмка называць сукамі ў доўгіх сукнях, а дзяцей — шчанятамі, апранутымі па-дзіцячы.
Читать дальше