*
Учора быў на Ваганькаўскім і пастаяць каля яго магілы даўжэй... проста не змог. Знаёмае па іншых блізкіх адчуванне,— ён, у гэтым выпадку Дзіма [ 11 11 Тут і скрозь далей Дзіма — рускі паэт Дзмітрый Кавалёў (1915-1977), сябар Я. Брыля.
], не тут.
*
Калі мы пазаўчора ехалі з Прагі сюды [ 12 12 Гэты і сем наступных запісаў зроблены ў Карлавых Варах.
] любуючыся культурнымі палямі, падумаў і сказаў: «Вось чаму мне так сумна бывала часамі ў Крынічным, як там ні хораша,— няма руху ў вялікай прасторы, няма новага-повага-новага, да чаго я прывык, многа
ездзячы калісьці дома і за мяжой».
*
Тут, блізка ад Баварыі, месца дзеяння другой палавіны майго рамана, добра думаецца пра яго, як пра маё сапраўднае. Што думалася і дома, калі чытаў карэктуру.
*
Пасля чэшскіх апавяданняў бяруся за зусім невядомага Сараяна, і здаецца, што гэта будзе падобна да працы, вучобы... (Пішу і з'едліва думаецца: добра хавацца за зробленае іншымі?)
Арменія маленькая, а колькі людзей за межамі так добра працуе на яе славу. І ў гэтым сіла народа.
А беларусы здаўна ішлі з дому толькі ўзбагачаць іншых.
...М., калі мы абедалі і я сказаў, што чытаю Сараяна, расказала, як ён гасцяваў у Празе. Далі яму зацішны гатэль, каб старога нішто не трывожыла, а потым яна даведалася, што на мосце каля гатэля вакол Сараяпа сабраўся натоўп. Стары сам расказаў ёй, што гэта немцы з ФРГ папрасілі яго папазіраваць ім перад кінаапаратам, бо ў яго... «вельмі характэрнае аблічча чэшскага селяніна».
Так бы свабодна пісаць, як ён піша!
«Мир слишком прекрасен для смерти. Слишком благодатен для убийства. Дышать — это радостно, видеть — так чудесно. Люди не должны убивать друг друга. Они должны ждать, пока бог возьмет каждого в положенный срок».
Часамі, у апавяданнях, ён бачыцца неглыбокім, толькі добрым, людскім, светлым. Аднак жа, дзе яна, большая глыбіня, чым у апошнім, працытаваным вышэй, абзацы яго рамана? [ 13 13 Маецца на ўвазе раман У. Саранка «Прыгоды Веслі Джэксана».
]
*
«Niebo w płomieniach» [ 14 14 «Неба ў агні» — аповесць польскага пісьменніка Яна Парандоўскага (1895-1978).
], пасляслоўе:
«Што ні скажаш пра генія, пра шырыню інтэлекту або сілу ўяўлення пісьменніка, ён, таксама як і кожны чалавек, асуджаны на пажыццёвае зняволенне ў сваім свеце і ніколі не высунецца за ягоныя межы. У гэтым сэнсе кожны твор, найбольш безасабісты, будзе ўрыўкам аўтабіяграфіі».
І там жа пра шчырасць:
«Пісьменнік, які ўсведамляе ўсю сур'ёзнасць свайго прызвання, не зможа адрачыся ад яе за любую цану. Зрэшты, сапраўдны мастак нават не зможа гэтага зрабіць.
*
Великолепный Тургенев («Стук... Стук... Стук!..», «После смерти», «Вешние воды» і іншае), з такім вось, у «Вешних водах», «прарочым» выказваннем:
«То было одно из многочисленных доморощенных произведений, в которых начитанные (а ў нас і не начытаныя ў добрым сэнсе слова), не бездарные авторы отборным (і далека не адборным), не мертвенным языком, прилежно, не неуклюже проводили какую-нибудь «глубокую» или «животрепещущую» идею, представляли так называемый трагический конфликт и наводили скуку... азиатскую, как бывает азиатская холера».
Учора, з Парандоўскага, выпісваў-перакладаў «на ўсякі выпадак», «на патрэбу», а сёння гэта — як быццам толькі для задавальнення.
Дождж зноў і зноў шуміць, гамоніць за нашымі балконнымі дзвярмі, і як ні напрыкрыла ўжо такое надвор'е, як ні шкодзіць яно і тут (учора па тэле перадавалі, што 50 % збажыны яшчэ стаіць), залюбаваўся з нашай верхатуры (чацвёрты паверх, а віла на гары), як на зялёную яміну горада, з мноствам высокіх рознакаляровых вілаў-санаторыяў і жылых дамоў, з нізкіх хмараў да зямлі рухома прашывае дождж.
Падумаў, што варта запісаць, з якой цеплынёй думаў днямі пра тое, як я люблю сваю справу «і ў такім аспекце»: старонкі кнігі, табой напісанай,— з задумы, з пакут, з чарнавікоў — стройная, чыстая, жывая...
Зноў Тургенеў, «Пунін і Бабурын». Як хороша чытаецца.
І ўспамінаецца той Прус, «Grzechy dzieciństwa» [ 15 15 «Грахі маленства» — выбраныя апавяданні Б. Пруса выйшлі ў перакладзе Я. Брыля ў 1981 г..
] які будзе беларускай кнігай.
Ці запісаў дзе-небудзь, што Бэнда, гроза дваццатых — трыццатых гадоў, сказаў мне ў сорак сёмым, на калідоры «ЛіМа»: «На каком языке вы пишете? Я до вас доберусь!..» А мог жа і дабрацца, каб я пачаў друкавацца раней. Пасля мы з ім сутыкнуліся на вузкай сцежцы, у пяцьдзесят восьмым, калі ён рэдагаваў мяне ў Ленінградзе. Я саштурхнуў яго з той сцежкі, а ён, сустрэўшыся пасля ў Мінску, да агіды здзівіў мяне сваім: «Чем еще порадуете читателя?» Хоць і гаварыў перад гэтым, у Ленінградзе, што я — «от, начинающий писатель»...
Читать дальше