І тут раптам я нутром адчуў, чаго хочуць.
Хацелі яны чагосьці мудрага і жыццёвага — ні то прытчаў, ні то трагедыяў, як пра велікамучанікаў Хрыста ці мацер божую. Яны прагнулі дастаць навонак яшчэ раз цярпенні і боль, якіх яны столькі паспыталі — у дарослага ўстанаўліваецца фізіялагічная ці псіхалагічная патрэбнасць трэніраваць душу болем.
Я мог бы дапамагчы аблегчыць ім яе — ведаў столькі трагічных гісторыяў, якія не менш уразілі б, чым тыя, што ў Евангеллі.
Мог бы адкрыць вочы на Юліка Цішэўскага, які на вёсцы некаторымі так і лічыцца прадажнікам...
Мог напомніць лёс Тарашкевіча, Валошына, Дварчанка, Мятлы, Рака-Міхайлоўскага.
Мог нарысаваць ім складаную душэўную драму, вартую пяра геніяльнага Дастаеўскага,— расказаць пра зубкоўскага Рамана, які ўтапіўся ў плыткай рэчачцы, але не здрадзіў сваім.
Урэшце, мог знайсці фарбы, адкрыць ім вочы на долю Настусі — уся яе гаротнасць праходзіла побач з імі...
З трыццацігадовай дыстанцыі людзі глянулі б на падзеі іначай, убачылі б часамі жахлівую сваю ролю, перахварэлі б, сталі б чысцейшымі.
Але гэтага я не зрабіў.
Не хапіла ўнутранай культуры, такту, вынаходлівасці, шырыні душы. Мая мама, наш партызанскі камбрыг Вайцяхоўскі, ведаю, у даную хвіліну не разгубіліся б. Чалавечнасць, спагада і сардэчнасць узялі б у іх верх над асабістым, чаго не магла зрабіць мая неўраўнаважаная натура.
Стаў я землякам хваліцца, як разграміў нямецкі батальён у Перацёсах. Расказваў пра гэта на сустрэчах, многа разоў і сам страціў пачуццё, дзе ў апавяданні праўда, дзе плён фантазіі.
Не трэба, не трэба было плесці гэтай гісторыі. Перацёсы недалёка ад Страшава, пра ўсё людзі ведалі самі. Але я ўжо стрымацца не мог.
Людзі бачылі, што праўлю глупства, аднак з ветлівасці з цярплівым расчараваннем сядзелі і слухалі.
Калісьці ў гэтым месцы было грамадскае поле, яго называлі — школьніска. З усяе вёскі збягаліся мы сюды гуляць у пікара, покуль не бачылі мацяркі, не гналі да работы.
А яшчэ тут была яма, адкуль людзі бралі пясок на печы, а мы з Верай пяклі ў ёй пірагі — гулялі ў гаспадара і гаспадыню. Вера ведала ўсё, што і як трэба рабіць, я выконваў яе загады, пераносіў апякунства...
Цікава, дзе яна тут сядзіць у зале?..
Пасля майго выступлення ў клубе пачаліся танцы.
Як і калісьці, так і цяпер, для землякоў танцы былі радасцю мускулаў, сродкам выражэння пачуццяў пры дапамозе рытму і рухаў здаровага цела — мовай для іх не менш выразнай, чым словы.
Заігралі польку, і страшаўцы затупалі з ярасцю, з захапленнем — аж дрыжала падлога, заміргала лямпа. Пра мяне ўжо забыліся.
З капітанам і настаўнікам накіраваліся мы да выхада, як раптам мяне агарнула жахлівая роспач.
«І ўсё? Так і не пабачу яе?»
Дваццаць тры гады прыкідваўся, што мне ўсё роўна, ні з кім не адным словам нават не абмовіўся пра яе, і ўсё было мана. Верка ў душы маёй неяк ужывалася побач з іншымі дзяўчатамі, якіх я кахаў, побач з жонкай, маімі дзецьмі і рознымі клопатамі і радасцямі. Адной з прычын, чаму я так ахвотна паехаў з дэлегацыяй, была таксама яна.
«Так нічога і не даведаюся?»
Варта было задаць адно пытанне настаўніку, каб супакоіць душу: бар'ер быў мне не пад сілу.
Бліскаючы свежай фарбай, якой звычайна малююць пажарныя машыны, на шырокіх пратэктарах па страшаўскім бруку каціліся сабе два трактары — нашы «Беларусы». Пра іх было столькі гутаркі калісьці ў вёсцы...
— Дзядзька, а там аўчар пахаваны! — запынілі
мяне малыя.
— Які аўчар? — усё азіраўся я і азіраўся.
— Шавечкі. Ён не даваў немчам машыны.
— Вунь, дзе крывая дарога...
Толькі цяпер успомніў, як пры адступленні нашых войск праз вёску з ночы на дарозе ля Міхалковага Юліка засталася трохтонная цыстэрна. Ля яе ляжаў сабака і нікога не падпускаў. Сабаку застрэліў немец.
— А, памятаю!.. Што ж, экскурсаводы, вядзіце, паказвайце.
— А во — патрон, ім па фашыстах вы стралялі!
Рыжаваценькі, з кірпатым носам хлопчык — чый ён? — падаў гільзу.
— У Ліпніках знайшоў, дзе вы стаялі, на Стойбішчы. Там іх валяецца яшчэ мно-ога!
Бяру падарунак. Ты глядзі, якая счарнелая гільза. Нібы з тых, якія знаходзілі мы з Марэнавым Сашкам у зуброўскім хвойніку пасля першай сусветнай вайны.
Пабылі ў месцы, дзе пахаваны аўчар. Патапталіся яшчэ крыху на дарозе. І я ўсё роспачліва азіраўся і азіраўся, да болю ў шыі круціў галавой.
Ад'язджаў з капітанам у Беласток неахвотна, з жалем, нібы не выканаў самага галоўнага.
Раніцой з беластоцкай гасцініцы паехаў я яшчэ раз у Страшава без праважатых.
Читать дальше