— Hex пан Кучынскі адчувае сябе так, як дома. Пану і валасінка не спадзе з галавы, я за гэта адказны!
— Эх, малады чалавек!..— засмяяўся я, паляпаў фарсуністага юнака па плячы. Капітан не абразіўся.
На страшаўскай дарозе спаткалі старую.
Яшчэ здалёк разгледзеў я ў згорбленай пытальным знакам бабулі цётку Кірыліху. Папрасіў я спыніць машыну, павітаўся. Бабка мяне не пазнала. Яна, здаецца, нікога ўжо не пазнавала. У яе вычарпаным гадамі і змардаваным жыццёвымі нягодамі мазгу захаваўся толькі цэнтр, які кіраваў рухам ды яшчэ пару цьмяных ачажкоў.
Асцярожна ўзяў я старую на рукі і панёс у «Варшаву». Трымаў я адны мошчы. Божа, да чаго ж высах жывы чалавек?!
— Цётко, і зубровы пояс пазычалі людзям, і вучылі нас, як папараць-кветку знайсці, а самой нічога не памагло...
Кірыліха маўчала. Цьмяныя і паблеклыя вочы глядзелі насцярожана, неспакойна. Халодныя, з сінімі жыламі пальцы трымалі мяне панічна, учэпіста, бытта я бабку апусціў не на мяккае сядзенне, а ў рэчку, і яна баялася ўтануць.
Сын яе да вайны завербаваўся ў Кузбас.
— Цётку, а ваш Валодзька піша вам?
— Як прыслаў адно пісьмо адразу пасля вайны, так і няма болей ад яго,— раптам ажыла яна.— Не мае часу, мусіць...
— Во, во. Вы, мацяркі, заўсёды знойдзеце нам апраўданне!
У машыне бабцы было страшэнна нязручна, а галоўнае — яна не ведала, чаго ад яе хочуць.
Кірыліха пачала дзевяты дзесятак. Жыла яна адно таму, што кожны дзень прыдумвала сабе работу. Вось і сёння ўгаварыла сябе, што ёй трэба схадзіць да дачкі. Тэпала б да сваёй Мілашкі паўдня, мы ж заехалі да бабчынага зяця за некалькі хвілін, пакрыжавалі старой усе планы. Як мы часам любім дарыць, бо нам гэта прыемна, і не думаем, ці будзе прыемна гэта чалавеку?
А можа, я падвозіў бабку Кірыліху, уносіў і выносіў яе з машыны, адчуваючы, як заўтра Страшава будзе абгаворваць кожны мой крок?
І найбольш стараўся з-за аднаго чалавека.
У Страшаве — электрыка, трактары, асушаныя балоты. На нашых дохлых тарфяніках, дзе ніколі нічога не расло,— добрая збажына, а па хатах хоць і ўчарнелыя ад сонца, вымаражаныя маразамі, сухарлявыя ад працы, але задаволеныя сяляне.
У будні дзень мяне спаткалі, нібы героя, са сцягамі, букетамі, падарункамі, прамовамі, песнямі. Як зачараваныя людзі разглядалі мой пінжак, гальштук, кашулю і кожны мой гузік. Было страшэнна няёмка, сорамна, хацелася збегчы.
Цяпер я тут не толькі Сцяпанаў Алёшка. Страшаўцы ва мне бачылі прадстаўніка казачнай і магутнай Савецкай краіны, якой яны шмат абавязаны,— мне трэба было вытрымаць ролю.
Завялі ў новы клуб на трыбуну. Глянуў я на загіпнатызаваныя вочы, твары і разгубіўся, не вытрымаў афіцыйнага тону.
Ля сцяны маячыў дзядзька Салвесь — родны, блізкі і з такімі самымі, гатовымі заплакаць ад сарамлівасці, вачыма.
А вось перада мой — малады чалавек. Валасы і абрысы галавы ў яго надта знаёмыя. Хто такі можа быць?..
Гэтая ў маёй памяці дзеўка, але на лаве — бяззубая бабуля.
Побач з Салвесем — прамы, нібы слуп, Лавіцкі. Прытэпаў нават з Бялявіч.
Мо яшчэ і цяпер ляжыць у яго на акне грэбень з зубровага рога?
Аднак хто гэта перада мной?.. Рыгораў Косця? Толькі ж ён, ведаю, напэўна, памёр у шпіталі ад ран, атрыманых на вайне! А калі б і жыў — павінен выглядаць на пакаленне старэйшым!
Косцеў пляменнік — сын Міці!
Шкада...
Я пазіраю і ўсё прагна, упарта, з заміраннем сэрца, не прызнаючыся нават самому сабе, шукаю і шукаю, выглядаю і выглядаю адну жанчыну і не магу знайсці. У хустках знаёмыя твары, кожны выклікае балючы ўспамін, але не той, галоўны.
— Ну, пазнаеш нас? — закрычалі з глыбіні залы.
— Гэта ж я, Мікалай! Мы з табой раслі разам! Ты яшчэ быў нават на маім вяселлі сватам!
Няўжо я калі-небудзь і сватам быў?!
— Памятаю...
— А цяпер глянь сюды. Няўжо ты мяне не пазнаеш, Алёшка!
Заслала вочы, я нават перастаў бачыць людзей. Нешта падкацілася пад горла.
— Пра што б вы хацелі даведацца ад нашага госця? — паспрабаваў дапамагчы мне малады настаўнік.
З-пад адной хусткі азвалася да болю знаёмая старая (на дзіва, жанчыны да старасці захоўваюць ранейшы голас!):
— Алё-ошачка, а ты раскажы нам нешта такое, каб мы сабе тут паплакалі!
Я на хвіліну разгубіўся.
— Ды няўжо мы спаткаліся дзеля гэтага? Мабыць, нешта вясёлае трэба вам?!
— Гэта ім, маладым, а нам — паплакаць бы ўволю.
Я са здзіўленнем паўзіраўся ў залу.
— Ува-аж ты ўжо нас, дурных бабаў...— падхапілі просьбу іншыя.
— Але ж пра што-о, цё-отко? — пачаў я ўжо намагаць памяць, нават успамінаць партызанскія і франтавыя гісторыі.
Читать дальше