І я ўжо дакладна ўяўляў, як зубры дужаюцца з дрэвам, як траскаціць у лесе, калі бягуць гэтыя волаты.
2
У вайну адзін час я быў у дэсантнікаў, а стаялі мы тады ў Гута-Міхалінскім лесе. Зімой да нас у Гуту прыбыў з партызанскай брыгадай капітан Вайцяхоўскі — геройскі камандзір ды абаяльны чалавек. Разам з капітанам прыбыла і яго слава, і, доўга не думаючы, я перамахнуў у яго брыгаду.
Вайцяхоўскі неўзабаве атрымаў загад перабазіравацца з брыгадай у маю мясцовасць — лясы паміж Гродна і Беластокам. Сталі збірацца ў паход. Камбрыг звярнуўся да мяне з пытаннем:
— Парай, Алёша, дзе б нам па дарозе харчовыя запасы папоўніць. У нас — сто дваццаць едакоў, улічы...
— Го, па дарозе вёсак шмат! — здзівіўся я.
— Не падыходзіць,— уздыхнуў Вайцяхоўскі.— Раніцой вясковыя старасты пад пагрозай смерці мусяць дакладваць у камендатуру, што за ноч узялі ў сяле партызаны — кожнае яйка, кожны кавалак хлеба, збанок малака, галоўку капусты... Маючы такія дадзеныя з цэлай акругі, дзяжурны афіцэр разносіць іх па карце. Праз пару дзён яму няцяжка вызначыць кірунак прасоўвання групы і колькасць людзей у ёй. Наш паход на Гродзеншчыну павінен стаць нечаканасцю для немцаў — ежу мусім браць так, каб фрыцы не заўважылі. У Гута-Міхаліне — тысячы едакоў, сам ведаеш, як тут усё навокал падчысцілі — хутка шышкі будуць збіраць у кацёл!..
— Та-ак, зада-ача!..— задумаўся я: мне надта захацелася зрабіць паслугу гэтаму чалавеку.
І раптам я ўспомніў, як перад Грунвальдскай бітвай кароль Ягайла з дружынай цэлую зіму ў Белавежскай пушчы паляваў на тураў, зуброў, аленяў, дзікоў ды сушыў мяса для арміі. Потым так забяспечвалі сябе мясам паўстанцы 1831 года, а ў 1863 — каліноўшчыкі. Праўда, тураў даўно выбілі, а за драбнатой не надта станеш ганяцца — тэмп жыцця цяпер іншы, затое ля Свіслацкай дачы, у Белавежы, засталося 14 зуброў. Гэта — адзінае месца на свеце, дзе яшчэ ў натуральных умовах пасвіліся стэпавыя веліканы. Адзін наш вучоны (Дземяшкевіч з Оршы) нават ахвяраваў сябе высакароднай мэце — захаванню чалавецтву апошніх магікан Беларусі, застаўся ў немцаў у тыле ды з чэрвеня 1941 г. не пакідаў запаведніка. Шкада, вядома, пераводзіць рэдкіх звяроў, але ж у зубровым стадзе — палова самцоў, і жывуць яны нязгодна. Аднаго для такой справы можна ахвяраваць.
І я ўжо з гонарам пахваліўся багаццем свайго краю.
— Мікалай Калістратавіч, заб'ём аднаго самца, тады харчу ўсім хопіць! Ведаю прыблізна, дзе іх шукаць у пушчы!..
Пачалі мы ўдвух лічыць. Трапляюцца самцы і па тысячы чатырыста кілаграмаў — пра гэта і ў школьных хрэстаматыях напісана. Выпатрашаны нават меншы волат заважыць, мабыць, з тону. Тысячу кілаграмаў мяса падзяліць на сто дваццаць чалавек — выйдзе паўпуда на брата. Зубровае мяса спажыўнае, ды і тлушч легкастраўны: васьмікілаграмовай запраўкі кожнаму партызану хопіць, прынамсі, дзён на дзесяць.
— Ладна, вядзі! — згадзіўся камбрыг. s
3
У Белавеж валакліся мы дзён з пяць: хітрылі, блыталі сляды, разведвалі дарогу. Як часта бывае ў канцы сакавіка, пасля цудоўнага надвор'я, раптам пахаладала. Узняўся вятрыска, бязлітасна сек нас снегам. Ад харчоў усухамятку ўсе паслаблі, а тут пайшла мясцовасць зусім вымерлая; Белавежскую пушчу вермахт «падараваў» фельдмаршалу Герынгу для палявання, і каб ачысціць яе ад партызан, вакол пушчы фашысты спалілі 87 вёсак, а насельніцтва вывезлі.
Адным словам, брыгада рухалася даволі вяла і без настрою. Самым бадзёрым сярод хлопцаў быў, мабыць, я. Не дзіва. Вёў я ў свае мясціны цэлую партызанскую брыгаду. Толькі было шкада зубра, якога мы з Вайцяхоўскім ахвяравалі. Я стараўся сябе суцешыць: гэты звер нашых людзей выручаў не раз, выручыць і цяпер. Застанецца яшчэ іх аж трынаццаць, пасля вайны развядзём...
Нарэшце, згаладалыя, перамёрзлыя і аслабелыя, апынуліся мы ў Свіслацкай дачы ля загарады з тоўстых жэрдак. Брыгада, распаліўшы вогнішча, мелася чакаць, покуль мы асвяжуем ды прывалачом з разведчыкамі тушу, але партызаны нечакана парушылі план. Сто дваццаць хлопцаў раптам ажывіліся ды на чале з Вайцяхоўскім палезлі цераз жэрдкі.
А вось і звяры.
Статак бурых аграмадзін бесклапотна адпачываў сабе на снезе. Тырчаў толькі на кароткіх ножках ды спакойна жаваў жвачку барадаты самец з абледзянелай поўсцю. За імі дурэлі шустрыя цяляткі. Трэцяе маці аблізвала, і з яго валіла пара.
Пачуўшы шастанне ботаў, зубры неяк даверліва ды з цікавасцю павярнулі да нас макраватыя мысы і не крануліся з месца. Бытта лічылі зусім натуральным, што тут апрача іх — яшчэ хтосьці. Адно цяляткі пазадзіралі хвасты ды памчалі да матак. Барадаты ж волат праз хвіліну нязлосна набычыўся на нас, грэбнуў капытамі, абдаў сябе клубамі снежнай крупы і страсянуў бародкай, ад чаго заляскаталі ледзяшы на баках. Тады зубёр пругка выгнуў спіну, раскошна пацягнуўся ды гучна, нібы паравоз, уздыхнуў, бытта сказаў:
Читать дальше