Дома пакупкі складваю ў халадзільнік — цяпер трэба зрабіць санітарную зону, аддзяліцца ад хатніх. Бяру раскладушку, развешваю прасціну і кладуся. Памерала тэмпературу сама — высокая. І дакладна гэтаксама, як суседцы, як нашай загадчыцы музычнай часткай, ломіць усё ды кружыцца галава. Адчуваю маральнае задавальненне, што ляжу нездарма.
Мабыць, таму, што я на новым месцы, дзеці менавіта цяпер лезуць да мяне, як ніколі, я ўжо і не ведаю, што рабіць, каб уберагчы іх ад вірусаў.
— Мам, а Валерка лізаў тваю лыжачку з варэннем, бо хоча захварэць! — праз шум у галаве, як праз слой вады, чую скаргу малой.
— Як табе не со-орамна! Вы зусім не шкадуеце маму! Я ж вас прасіла не трывожыць мяне!
— Мамачка, але ж я кажу табе пра гэта паціху-паціху, нават падыходзіла да цябе без чаравікаў і на пальчыках!.. Во, аблізаў, глядзі!..
Ну, што ты будзеш з імі рабіць?! Дакараю сына ды ўспамінаю — гэта ж і я некалі з хворай сяброўкай лізала адну паперку ад шакаладкі, каб захварэць ды не пайсці ў школу. Успомнілася дзяцінства, пах маліны, ліпавага цвету, нацёртыя спіртам ногі — і чаму ўспамінаецца менавіта гэта, а не боль ад хваробаў?
3
На трэці дзень муж пайшоў на работу, паабяцаў паклікаць доктара і забыў. Зрабілася крыўдна. Пачала сябе шкадаваць: ніхто нада мной не літуецца, ніхто пра мяне не клапоціцца, нікому я не патрэбная — так і памру! У адчаі з'ела ўсе таблеткі.
Вяртаецца вечарам муж, і тут яму я вылажыла ўсё, што пра яго думала. Мой бедны Васіль выскачыў з хаты ў адным пінжачку.
Праз нейкі час адчыняюцца дзверы і ўвальваецца ў хату незнаёмы хлопец з чамаданчыкам. Аблеплены снегам, хмурны ды незадаволены. Сваяк?! Яшчэ мне тут яго не хапала.
— Баграціёна — 14? — пытаецца. — Я — з «хуткай». Лежыце, хвароба арыстакратаў?! А ў мяне тэмпература, каму скардзіцца?.. Знімайце кашулю!
Я юркнула глыбей пад пярыну.
— Што ў вас, боль галавы? Шчэ шэсць дзён будзе балець, на столькі цяпер даём звальненне, каб не лазілі лішні раз па клініках!.. Суставы баляць? Шчэ шэсць дзён будуць ныць!.. Я мусіў за суткі гэты грып на нагах перанасіць. Бо я — студэнт шостага курса, а дэкан даў бюлетэнь толькі на адзін дзень, я мусіў улажыцца! А вам — аж шэсць сутак!.. Карыстаюцца тым, што бюлетэні даюць... Распранайцеся, гавару!
І вось ён ужо халодным стэтаскопам тыкае мне ў бок. Вядома, нічога там не чуе — і злуе. Каб хворую павярнуць, дакранаецца рукамі, і мяне апякаюць яго халодныя, як лядзяшкі, пальцы. Толькі цяпер бачу ў медыка запаленую скроню ды сінія кругі пад вачыма.
Хлопец ужо выпісвае лякарства.
— Я, можа, яшчэ больш хворы — і езджу! І шафёр з тэмпературай, а ездзіць!.. Мы адны на нагах на ўсю «Хуткую» — няма замены, усе ляжаць!
«А мой ты харо-ошы, у цябе нават язык заплятаецца! Пачаставаць цябе гарачым чаем з малінай?» — падумала я, ды хлопец з чамаданчыкам ужо выбягае, не зачыніўшы нават дзвярэй.
Робіцца сорамна.
— Мамка, мам, а ён машыну штурхае! — крычыць Іначка.
Усхопліваюся з ложка, бягу да акна.
І праўда. Каля нашых весніц — вялізныя сумёты снегу. Мой бедны доктар з шафёрам спрабуюць ні то падняць, ні то скрануць з месца «Волгу» з чырвонай міргалкай, але машына не паддаецца. Шафёр залазіць у кабіну, заводзіць матор. Колы буксуюць, а хлопец, у якога з-пад паліто цяпер вылазіць белы халат, штурхае машыну і ледзь не з плачам крычыць:
— Гена, Ге-ена, ну, давай жа ты, чорт, у нас яшчэ дванаццаць візітаў на сёння!..
Вельмі захацелася выбегчы на двор і піхнуць у багажнік машыну, ды баюся — у сумёт улез з-за мяне, яшчэ аблае.
І тут раптам адчула сябе зусім-зусім здаровай.
«Чаго я вылежваюся? У мяне там у клубе ўсе перахварэлі».
Вінаватая, бытта злоўленая на злачынстве, хаваю раскладушку, зрываю просціну з вяровак, валаку на кухню посуд, нацягваю панчохі і рашуча кажу малым:
— Будзем рыхтаваць вячэру!
4
Неўзабаве з'яўляецца насцярожаны муж.
— Быў доктар? — пытаецца вінавата.— Я званіў у «Хуткую» ад суседзяў...
Я маўчу — трэба ж паказаць яму характар! Загадваю дзецям пакласці кубкі і прыборы, а сама нясу на стол смажаную бульбу і чайнік.
— Мамка, ты больш не хворая? — дапытвае мяне расчараваная Іначка.
— Заўтра іду на работу.
— У цябе ж бюлетэнь яшчэ на шэсць дзён! — разглядвае Васіль сіненькую паперку.
— А там як без мяне? Пайду. Кажуць, грып — хвароба арыстакратаў. І ты, сыночак, збірайся на заўтра ў школу — тэмпературкі ў цябе няма!
— Твой градуснік сапсуты! — бурчыць Валерка.
— А ён гаворыць — як кашляне, так аж іскры проста з шыі сыплюцца! — дапамагае брату Іначка.
Читать дальше