Праз месяц ён сам завітаў да мяне. Мы не згадвалі пра апошнюю сустрэчу. На развітанне, у аэрапорце, ён раптам сказаў, што жэніцца на маёй менскай сяброўцы — Марыі Маршанскай. Пачаў тлумачыць, што пісьменнік не можа дазволіць сабе раскошу ажаніцца з каханай. Што кожная жаніцьба — смерць для пачуццяў, што не хоча зрабіць мяне няшчаснай, бо ніколі не зможа кінуць піць. На мяне як якое здранцвенне найшло, я згодна ківала галавой і прасіла яго не хвалявацца. Ён умеў прымусіць іншых зрабіць так, як хацеў сам.
За ноч мая апатыя змянілася нейкай бессэнсоўнай дзейнасцю. Я нейкім цудам здолела за два тыдні змяніць сваю аднапакаёўку ў Гародні на пакой у Менску, знайшла працу. Мне ўвесь час здавалася, што калі я не буду побач з Вадзімірам, нешта здарыцца. Я ўспомніла, як яшчэ да паступлення ў інстытут да мяне заляцаўся брат Марыі — Сямён Маршанскі, і аднавіла нашае знаёмства.
Неўзабаве ён зрабіў прапанову — ажаніцца. Я пагадзілася, з'явіўся шанец легальна бываць у Даўгалевіча на правах сваячкі.
Пра свае рашэнне мы і паведамілі Вадзіміру на ягоным з Марыяй вяселлі. Пачаўся скандал, і Даўгалевіч зноў зайшоў у запой. Але ж скора ўсе ўсталявалася.
Мы з мужам нярэдка бывалі ў Вадзіміра, і я радавалася кожнай сустрэчы.
Нашыя адносіны набылі сапраўды ідэальны характар, бо мы нічога не былі павінны адно аднаму. Але ж Вадзіміра пастаянна спойвалі сябры, тыя, што зайздросцілі ягонаму таленту. Самі яны пілі адзін вечар і назаўтра адно пакутавалі ад галаўнога болю, а Вадзімір зрываўся на тыдзень, на месяц і не мог спыніцца.
Тады ён часам яшчэ стрымліваў сябе і пісаў паміж запоямі, пісаў так, як нікому з нас не дадзена, але пасля Марыінай смерці, два гады таму, пайшоў у разнос. Зноў з'явіліся старыя сябры, і ён працягваў співацца, кінуў пісаць.
Ні я, ні мой муж ужо не мелі на яго ўплыву. З Сямёна ён увесь час здзекаваўся за тое, што піша па-расейку. Мы і на гэты семінар паехалі, і на гэтую выспу, каб яшчэ раз пагаварыць з Вадзімірам, пераканаць яго кінуць піць і вярнуцца да творчасці. Але пагаварыць не паспелі.— Тэрэза Маршанская раптоўна змоўкла і прыкрыла рукой вочы.
— Выбачайце,— мне ўсе здавалася, што я кажу недастаткова мякка ў гэтай сітуацыі,— вы выходзілі сёння на шпацыр, каб яшчэ раз сустрэцца з Даўгалевічам?
— Так,— Маршанская не адняла рукі ад вачэй,— я толькі не хацела, каб муж ведаў пра нашую сустрэчу, але цяпер усе адно. Таму і папрасіла Гражыну сказаць, нібыта яна пайшла са мной.
Я спачатку хацела зайсці ў лазню, бо ведала — Вадзімір застаўся там адзін, але перадумала: нехта мог заспець нас і сапсаваць размову.
На дварэ быў шчыльны туман, за пару крокаў ад сябе я нічога не бачыла, даводзілася ўсцяж трымацца за сцены.
Я падышла да акна з боку возера і пагрукалася. Святло у лазні яшчэ гарэла, але ніхто не адказваў. Я паспрабавала папхнуць шыбу, аднак без вынікаў. Не хацелася падымаць шум. Я зайшла да другога акна. Там шыба паддалася адразу. Праглядаўся толькі басейн, лавы стаялі пад акном, і не было магчымасці зазірнуць усярэдзіну. «Вадзімір!» — паклікала я. Ён не адказаў. Раптам пачуліся крокі ў прылазніку, і я хуценька пацягнула шыбу на сябе, але акно шчыльна не зачынілася. Я адразу ж вярнулася ў дом і зайшла да Гражыны.
— Чакайце,— спыніў я,— нож ляжаў на дне басейна?
— Нож? — Тэрэза намыслілася, завагалася.— Здаецца, не, я б адразу заўважыла, такія нестасоўныя рэчы кідаюцца ў вочы.
Не, нажа не было. Я яшчэ ўзіралася ў люстэрка вады, шукала адбітак нябачнай мне паловы лазні. Але не паспела згледзець, нехта ўвайшоў у лазню, і я зачыніла акно.
— Кажаце, што нехта ўвайшоў у лазню, вы не заўважылі хто? Можа, гэта быў Даўгалевіч? — я паспрабаваў запытацца як мага больш абыякавым тонам.
— Не,— паспешліва адказала Тэрэза,— толькі чула, як нехта зайшоў у прылазнік, там жа яшчэ адныя дзверы, я не дачакалася гэтага моманту.
— А вы адразу ж вярнуліся ў дом ці чакалі, покуль гэты нехта пойдзе?
— Адразу, наколькі гэта магчыма зрабіць у суцэльным тумане, хвіліны праз дзве-тры, не болей.
— Можа, гэта дзядзька Вадзімір адчыніў дзверы ў прылазнік, таму і не чуў вас?
— Можа, так, можа, не.
— Гражына казала, што вы распрануліся ў яе і разам з ей сышлі ў гасцёўню. Вы заходзілі да сябе ў пакой?
— Я дагэтуль там не была.
— Ты падазраеш каго-небудзь? — нарэшце ўключыўся ў размову Сак.
— Нікога, мне ўсе здаецца, гэта зрабіў нехта іншы — прыплыў на чоўне, забіў і ўцёк, а мы тут дарма губляем час. Няўжо адсюль ніяк нельга трапіць на бераг?
Читать дальше