— Дзядзька Вадзімір, дайце дапамагу.
— Піць? Ці несці? — Даўгалевіч асцярожна выпусціў з рукі край скрынкі. — Ты, Марцін, сабе толькі ўяві, што ўсе гэта мы мусім выпіць. — Ён кіўнуў на закладзеную ў два слаі размаітымі бутэлькамі і пляшкамі скрыню.— Паглядзі на іх усіх і ўяві сабе — кожнаму запхнуць у страўнік па дзве, а каму і па тры бутэлькі, ды яшчэ закуску зверху. І дзе яно ўсе там падзенецца?
Я азірнуўся — густы туман шматкамі наплываў на масткі, і людзі каля машын з запаленымі фарамі то знікалі, то прамалёўваліся скрозь шчыльны вэлюм, што адліваў штучным золатам электрычнага святла. Калі мы з Даўгалевічам вярталіся па хісткіх мастках да берага, нечакана туман пагусцеў і дошкі насцілу зніклі ў вільготнай белі. Я спыніўся і выцягнуў руку — яна па локаць правалілася ў туман. Адно жоўтымі шарамі ледзь заўважна прабіваліся фары.
— Марцін,— Даўгалевічавы крокі сціхлі,— відаць, тое ж самае бачаць людзі пасля смерці. Пра чарнату, што валіцца на іх знянацку — гэта лухта, чарната — нешта, яна існуе, яе хоць пабачыць можна. А вось такая цвілая дрэнь — сапраўднае нішто, нават нельга згледзець уласных ног.— Даўгалевіч зрабіў колькі крокаў, масткі захісталіся.
— Лепш пастойце,— я спрабаваў разгледзець у сувоях туману ягоную постаць,— бо ўпадзяце, а тады і не ведаю, як вас буду выцягваць.
— Ты яшчэ панепакойся аб тым, як мяне хаваць будзеш.
— Калі такім туманам уваліцеся ў ваду, то хаваць, баюся, не давядзецца, растварыцеся і нат слядоў не пакінеце.
— Ведаеш,— спачатку з туману ўзнікла адна толькі рука, а потым і сам Даўгалевіч, але толькі па пояс,— у такіх дурных абставінах з'яўляюцца дурныя думкі, нібыта які чорт пад руку штурхае. Вось падумалася раптам: а што, калі зараз ціхенька да цябе падысці ды папіхнуць у ваду? Ледзь не на вачах ва ўсіх. І забіць, беспакарана. Маўляў, сам уваліўся. І не давядзе ж ніхто, можна нават яшчэ і папіхнуць нагой, каб напэўна. А потым сказаць, што выцягнуць хацеў, ды не атрымалася. Шкада толькі, гэта ты, Марцін, са мной тут стаіш, а каб хто другі з тых, мо і наважыўся б. Ёсць тут такія — і забіць не грэх.
— А калі не вам першаму такая думка ў галаву прыйдзе?
— Не думаю, я ж ім усім ведаеш як неабходны?
Туман разрэдзіўся знянацку, як і сканцэнтраваўся.
Маршанскі, які глядзеўся на пляжы ў сваім доўгім плашчы ды наваксаваных чаравіках даволі дзіка і недарэчна, паклікаў да сябе таксістаў.
— Трымайце,— ён працягнуў дзве дваццацьпяткі,— гэта, што ад нас належыць па спідометры, і дзве дзесяткі — гэта зверху, за туман і паслугі.
— Ат, нічога ты ў людзях не разумееш,— Даўгалевіч падышоў да іх. — Не ўмееш ты аддзячыць, што ім тут твае грошы. Грошы не падарунак,— ён расчыніў сумку і выняў дзве пляшкі віна. — Трымайце, хлопцы, вып'еце за маё здароўе і за здароўе гэтага,— ён кіўнуў на Маршанскага,— хаця і мой сваяк, але ж дурань. Так што не звяртайце ўвагі.
Машыны адначасна крануліся з месца і паступова расталі ў тумане.
— Чакайце, я прывяду тутэйшага Харона,— Даўгалевіч паставіў валізку на траву, палез на насып.
Маршанскі моўчкі, стараючыся, каб яго ніхто не заўважыў, падаўся ў лес.
— Куды ты? — крыкнуў яму наўздагон Сак і зарагатаў, калі той адчуў на сабе позіркі жанчын.
— Быдла,— спакойна сказаў Маршанскі, але не вярнуўся.
— Зараз пачне ўдаваць, нібыта яго проста зацікавілі дрэвы,— Сак штурхануў мяне ў плячо.
— Не чапай ты яго, ён і так нас баіцца. — Мне стала прыкра з нагоды, што мы знаёмыя.
Я адышоўся на пляж, сеў каля самай вады проста на жвір. дГ
«Добра, што джынсы не варта шкадаваць — садзіся куды заўгодна,— вырашыў я сам для сябе,— а вось Маршанскаму ў ягоным плашчы, відаць, не так ужо і зручна церабіцца скрозь гушчар у лесе, бо пасля Сакавай рэплікі адысці давядзецца далека».
Гражына села побач са мною. Мне было зімна глядзець на яе лёгкую ядвабную сукню, аголеныя плечы і ногі ва ўмоўных — два вузкія скураныя раменьчыкі і тонкія гнуткія падэшвы — басаножках.
Яна нібыта зразумела мае думкі — абсунула доўгі прыпол сукні, так, што з-пад яго выбіваліся толькі пунсовыя нафарбаваныя пазногці, расправіла на плячах баа і абхапіла рукамі калені. Сукня аблягла яе сцёгны, і на іх праявілася тонкая паска белізны.
— Я табе ўдзячная,— Гражына ўбіла твар у калені. Доўгія валасы ламанымі хвалямі прыкрылі рукі.— Ты сабе не ўяўляеш, як я табе ўдзячная. Толькі не думай, я не звычайная дурніца, якая бегае за пісьменнікам-кумірам, каб займець аўтограф ці ўкрасці шалік і павесіць над сваім ложкам. Гэта ўсе ўсур'ёз. Абдымі мяне, калі ласка, я не хачу, каб яны здагадаліся, нашто я тут. Няхай думаюць — я з-за цябе. Ты не крыўдуеш? Гэта, напэўна, сумнае відовішча — калі жанчына прызнаецца ў каханні да другога мужчыны. Ты толькі не крыўдуй. Добра?
Читать дальше