Не была падобнай гэтая хата ні на гарадскую, ні на вясковую, і не вакзал гэта быў, і не салдацкая казарма. I наогул ці была гэта хата. Ні вокан жа, ні дзвярэй, ні столі, ні падлогі, і сцены незразумела якія: то, здаецца, каменныя, цагляныя, а то — не, бярвенне, дрэва, а раптам не камень і не дрэва, а матэрыя, сіні бляклы паркаль нацягнуты на чатыры палкі. Але над гэтымі палкамі, над гэтым паркалем усё ж і дах, гнёў зверху дах, нібы каменны, як скляпенне пячоры. Мацвей прыгадаў пячору і супакоіўся: пячора гэта і была, а не хата. Канечне, пячора, і. не якая-небудзь, а з падручніка гісторыі восьмага класа, па якім ён некалі вучыўся, таму і сіні туман, дым жа гэта, цяпельца, вогнішча ж старажытнае чадна так курыць, таму ж так вольна і праходзяць адно праз аднаго людзі, не сапраўдныя яны, жылі некалі і даўно памерлі. Але чаму твары іх, як твары аднавяскоўЦаў яго?
Мацвей ведаў працяг сну, ведаў, што будзе далей. Але спыніць, перабіць яго не мог. Гэты сон не даваў яму спакою ўжо якую ноч, ужо якую ноч уціскаў ён яго ў хаце дзеда Дзям'яна, сніў ён і ўдзень яго, і дзе, здавалася б, у самым нязручным месцы, на парадзе ў кабінеце Шахрая. Учора ў Мацвея быў вельмі цяжкі. дзень. Шахрай наскочыў на яго раніцай, зваліўся з неба, прыляцеў на верталёце, і не адзін, яшчэ трое было з ім. Але на ўчастак да яго пад Храпчынам з'явілася сямёра, далучыліся да Шахрая не то журналісты, не то кіношнікі, што прыехалі ў Княжбор на ўазіку і падвезлі каманду Шахрая. Пачалі апрастваць тую машыну, у Мацвея ўваччу замітусілася. Усіх жа трэба было накарміць ды і паставіць яшчэ нештачка ж, а сталовая ў яго толькі-толькі пачала рабіць. Але ўсё абышлося, сталовая і не спатрэбілася. Стол і ежа, далікатэсная, і столькі, што хапіла на ўсіх, нечакана знайшлася і. тут, але гэта потым. А тады Шахрай вылез з машыны, пазнаёміў яго з гасцямі, толькі імя, імя па бацьку, прозвішча, без пасады, без звання, лічачы, пэўна, што Мацвей сам павінен ведаць іх пасады і званні, але ён нікога не ведаў з іх, акрамя аднаго сакратара абкома. I адразу ж заблытаўся ў Іванах Пятровічах і Пятрах Іванавічах і не спрабаваў выблытацца, раздзяліў іх на сваіх і чужых, чужымі былі кіношнікі ці журналісты, а сваімі — тыя, што пры Шахраю.
— Вось перад вамі будучы паказальны калгас, Сяргей Кузьміч,— сказаў Шахрай, звяртаючыся да сакратара абкома, і павёў рукой ад Храпчына да Бэлоні, Свілёва, Махахеевай дубровы. Усё захапіў у гэтую сваю руку, усё ахапіў і сцяў у кулаку, бы трымаў навісу ў тым кулаку і Храпчына, і Свілёва, і дуброву. I цяжкая ж была гэта яго руцэ ношка, жылы выпнуліся на запясці і шыі. Сакратар абкома ўтаропіўся ў далячынь, указаную Шахраем, і часта зміргваў, бы бачыў перад сабой нешта знаёмае яму, сіліўся прыгадаць, што ж гэта, і, пэўна, не мог прыгадаць. Чорны тарфяны абсяг у адзіным толькі месцы быў абмежаваны зялёнымі сярод гэтай жалобы дубамі Махахея. Такі ж абсяг быў і за яго плячыма і ўжо нічым не абмежаваны, але з астраўкамі яшчэ зялёнага і калючага малінніку і ажынніку, што ўчапіліся за рэдкія кусцікі рабіны, воўчага лыка. Астраўкі гэтыя таксама трэба было зносіць, і лічылася, што іх няма, што яны знесены. Як ацалелі, чаму захаваліся — незразумела і неверагодна. Гэта ж па іх меліяратарскай тэрміналогіі была зона знішчэння, усё жывое трэба было звесці, вынішчыць ад былкі да дрэва, ад маліны да дуба. Вынішчыць, каб потым адрадзіць хлебным коласам, караваем, малаком і мясам. Гэтым і займаліся ўсе тут, і ён, Мацвей Роўда, так нацэлілі яго, так нацэліў ён сябе, свае машыны. I не меў ён нічога больш значнага ў жыцці, як даць хлеб Палесся, мяса Палесся. I, апроч усяго, быў у яго яшчэ свой уласны рахунак гэтым балотам. Яны адабралі ў яго маці і бацьку, :і гэта надавала яго паядынку з адвечнай стыхіяй асаблівую яраснасць і нецярплівасць, нясцерпнасць, ліхаманкавую паспешлівасць: хутчэй, хутчэй, і да самай сутнасці, хаця ён і не вельмі ўяўляў сабе гэтую самую сутнасць, што крылася пад ёй ці за ёй. Але нешта, пэўна, было, калі за імі таіліся жыццё і смерць родных яму людзей; кралі гэтыя балоты хлеб у жывых, таму вакол бульдозеры, трактары, кустарэзы білі пад дых, як трэскі, ламалі дрэвы. А гэтыя астраўкі, старызну, рыззё гэтае балотнае абышлі, як абыходзіць конь, не наступіўшы на чалавека, які ўпаў з яго. I працягвалі абыходзіць, угрызаліся ў нетры, у масіў — у адзінае зялёнае дрэва, што ўсё надсякалася і надсякалася машынамі, усё губляла і губляла зялёную шчапу сваю. А зялёныя астраўкі маліны і ажынніку нічога не гублялі. Яны заставаліся некранутымі, калі на бераг рэчкі прыклыхалі і экскаватары, пасталі з двух бакоў і пачалі чэрпаць зямлю, спрамляць рэчку, рабіць ёй новае рэчышча. Мацвей кожны раз, наведваючы Храпчына, спатыкаўся вачыма аб гэтыя астраўкі, загадваў знесці іх. I яму абяцалі знесці, але ці то ён не вельмі пераканаўча загадваў, ці то ні ў кога не даходзілі рукі да іх, ці ён не памятаў, каму асабіста загадваў і з каго цяпер спраўляць, усё заставалася нязменным.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу