Маўра краем вока зірнула на спадарожніка. Насьміхаецца! Але-ж, праўда, кожны раз у дзень кастрычнікавых урачыстасьцяў абяцаюць і трамвай правесьці, і вуліцы выбрукаваць, і шмат-шмат іншага, але ўсё гэта застаецца толькі абяцаньнем. Апрача таго, калі гаспадары ўсяго цяпер мы самі, працоўныя, дык чаму кожны із нас ня можа шчыра выказацца пра недахопы й навет пасьмяяцца?! Ад гэтага магла-б быць толькі карысьць. Зноў зірнула на Базыля. «А ўсё-ткі добры ён. Шчыры. Гатоў дапамагчы, як тады, з дрывамі. Прывёз, і пасек, і склаў. А я гатова была ўжо "падводзіць базу ворага" і пад яго...»
-- Так, цяжкасьці, зразумела, яны ў нас ёсьць, -- сказала. -- Усё наша жыцьцё -- адны толькі цяжкасьці! Будуем дом -- цяжкасьці з цэглай, зь цьвікамі, з дошкамі. Хочам падбіць падноскі на боты -- цяжкасьці із скурай. «Так, падноскі, -- успомніла. -- Начыньня няма, цьвік або ломіцца, або гнецца, ня йдзе. А аддаць у майстроўню, трэба чакаць тыдзень, а то й болей, пакуль падаб’юць. А Ўладзю няма ў чым у школу йсьці». Стала зноў цяжка ёй, і яна папрасіла:
-- Базыль, досыць пра гэта! Галава разрываецца...
У гэты мамэнт яны перасеклі сквэрчык, цераз які дарога да фабрыкі значна скарачаецца. Пад нагамі было мокра й склізка. Базыль узяў Маўру подруку.
-- Дзе вы праводзіце вольны час? -- запытаў.
-- А ў мяне яго няма.
-- Ну, усё-ж, хаця-б у нядзелю.
-- У нядзелю ў мяне працы яшчэ больш, чым у звычайны дзень.
-- Ведаеце, чаму я пытаюся? Хацеў-бы прапанаваць вам паехаць, як кажуць паэты, «на лона прыроды», хаця-б на адзін дзень. Га, паедзем, калі ласка, у нядзелю! Вясна, сонца, паветра... Вы-ж у гэтым годзе -- дый у мінулым, пэўна, -- травінкі жывой у сапраўднасьці ня бачылі? А я ведаю такія цудоўныя мясьціны: лес, рэчка, як люстэрка, лонка з краскамі... І ехаць недалёка.
Маўра доўга маўчала -- думала над нечым. Потым спытала:
-- Базыль, чаму вы ня жэніцеся? Гэта-ж вам, напэўна, пад трыццаць ужо?
-- Пад трыццаць? Поўных ужо трыццаць два! -- адказаў. -- Але, бачыце, такая рэч: як жаніцца? Пры якіх умовах? Нельга-ж жаніцца, напрыклад, на вуліцы, за вар’ята палічуць... А я якраз і знаходжуся амаль на вуліцы -- сябра проста зь літасьці прыняў мяне часова ў свой пакойчык. Жыву на правох кундаля: захоча -- пакіне, не захоча, скажа -- «пайшоў вон!»...
Маўра прамовіла паўжартліва:
-- Значыць, вы завесьці сваё гняздо ня хочаце?
-- Як не хацець? Проста я хочу знайсьці добрую жанчынку, якую палюбіў-бы, -- зірнуў на Маўру, -- і якая палюбіла-б мяне. Але першая ўмова: нехта з нас двох мусіць мець кватэру. Паколькі я яе ня маю й атрымаць на працягу, прынамсі, трох-чатырох пяцігодук не спадзяюся, дык вынікае: павінна мець кватэру яна!..
Намёк быў ясны, і на твары Маўры зьявіліся чырвоныя выпекі.
-- Значыць, шлюб па рахунку?!
-- Я-ж зазначыў: павінны кахаць узаемна...
-- Прывесак?!
-- Ніякага! Калі-б мне не падабалася жанчына, навет маючая кватэру, я не зьвязаў-бы сябе зь ёю. Так сама зрабіў-бы, калі-б заўважыў, што я ёй не да густу...
-- Арыгінальна! Адзіны мужчына ў Савецкім Саюзе, які шукае ідэяльнага каханьня!
Яна падштурхнула яго локцем і засьмяялася. Ён прытуліўся да яе плячом.
-- Ну, дык як -- едзем?
-- Ня ведаю...
-- І ведаць няма чаго: сядзем у вагон дый паедзем.
-- А вы майстра ўгаворваць!
-- А вы думаеце, толькі адзін Падкоўнік умее гэта?
Базыль крыху зайздросьціў яго да Маўры.
-- Пакінь гэтага гліста ў спакою! -- з незадавальненьнем прамовіла Маўра.
Базыль зірнуў ёй у твар.
-- Ну, дык як -- едзем?
-- Ну, добра, едзем! Толькі от -- як быць з Уладзікам?
-- А Ўладзіка каму-небудзь пакінуць на гэты дзень -- той самай Пёрцы, напрыклад?
-- Бедны Ўладзь, ён амаль ніколі ня бывае із мной! Не, не магу я пазбавіць яго гэтай прыемнасьці. Якая радасьць была-б для яго пабегаць па полю, па лонках, па лесе...
Падышлі да хвабрыкі. Пры ўваходзе над аркай быў партрэт Сталіна ў поўны рост. З правага боку -- Молатаў, зь левага -- Кагановіч, але ўжо ў паўрост. А потым «правадыры» паменш рангам роўненькім радком, пад нагамі гэтых трох, і толькі маленькія бюсты штрыхам. Пад аркай стаяла будка для міліцыянэра, які ўва ўсіх уваходзячых пільна правяраў прапусткі. Падыходзячы да будкі, Базыль прадэклямаваў:
У лукоморья дуб зелёный,
Златая цепь на дубе том.
И днём и ночью кот учёный
Всё ходит по цепи кругом...
* * *
У сыботу праца на хвабрыцы канчалася на дзьве гадзіны раней. Вярнуўшыся дамоў, Маўра ўзялася, перш за ўсё, за праньне бялізны, якой за тыдзень накапілася нямала. Паслала Ўладзю прынесьці з прыбудовы каля дома дроў, каб затапіць печку й нагрэць дзеля праньня вады, але выявілася: дроў піленых і пасечаных няма.
Читать дальше