-- Ведаю, -- адказала Маўра.
-- У эпоху, калі перабудоўваецца сьвет...
-- На лепшае ці на горшае? -- усьміхнулася.
-- Зразумела! Зразумела -- на лепшае. Колькі зьменаў ува ўсіх галінах! З краіны, вылучна аграрнай, СССР ператвараецца ў краіну самай перадавой тэхнікі...
Базыль некалі назваў гэныя ягоныя выказваньні жвачкай. «Цяперака зацягне гэную-ж сваю жвачку на цэлы вечар», -- падумала з прыкрасьцю Маўра.
-- Зразумела, і людзі -- савецкія людзі -- павінны перарабіцца адпаведна патрабаваньням новага часу.
-- Перарабіцца, кажаце?
-- Так, перарабіцца, зразумела, ня ў простым сэнсе: у іх павінны адміраць звычкі й традыцыі, прышчэпленыя ім капіталістычным грамадствам... Рэлігія там і іншае... Ад усяго гэтага наш чалавек павінен вызваліцца й чым хутчэй, тым лепш -- жыцьцё ягонае тады стане паўней і радасьней... Зразумела, і ў пытаньнях пола й каханьня ён павінен стаць таксама вольным... Вы падумайце, колькі розных трагэдыяў адбылося на глебе каханьня, зайздрасьці й сэксуальнай незадаволенасьці... Маленькі прыклад, калі дазволіце: я чуў, што вы часта скардзіцеся на галаўныя болі...
-- Я прасіла-б вас не кранацца майго прыватнага жыцьця й майго здароўя, -- зь незадаваленьнем зазначыла Маўра.
-- Але гэта ня ёсьць так дужа прыватнае! -- узвысіў голас прапагандыст. -- Гэта спалучына з грамадствам, з вашай функцыяй у ім: копіі з плянаў, якія вы робіце, ня ёсьць дакладныя. Ня будзеце-ж вы цяпер адмаўляць, што тут ёсьць простая сувязь із вашай сямейнай сітуацыяй...
-- Ці ня думаеце вы мяне лячыць? -- прамовіла Маўра й адсунулася ў другі канец канапы.
-- Я хочу толькі вас пераканаць: у нас вырастае свая, сацыялістычная мараль, вырастае новы чалавек, вольны ад усякіх умоўнасьцяў, як грэх, сумленнасьць і іншае... Сутнасьць гэтага новага чалавека -- гэта, перш за ўсё, адданасьць нашай партыі і ейным правадыром, любоў да сацыялістычнай працы, сяброўскія адносіны да жанчыны й бязьмежная нянавісьць да ўсякіх вылазак ворагаў, пад якой-бы маскай яны ні хаваліся. Пытаньне: як ведаць, хто вораг? На гэта ёсьць спэцыяльныя ворганы, і кожны член сацыялістычнага грамадства павінен дапамагаць ім...
У Маўры закружылася ў галаве, і яе ледзьве не званітавала.
-- Перапрашаю, пайду пастаўлю гарбату! -- і выйшла на кухню.
Выпіла шклянку вады. «Божа мой, але як-жа жыць!? Няма сумленьня, няма друга, прадай кожнага й чакай, што ён прадасьць цябе -- вось ён новы чалавек!..» Адвярнулася да вакна, застрэміўшы ногці пальцаў у далоні рук і адчуваючы, што вось-вось брызнуць з вачэй сьлёзы. Каб перамагчы сябе, пачала даставаць з шуфляды судзьдзё. Потым наліла ў пасудзіну вады й паставіла яе на вагонь. Адцягваючы паварот у пакой, стаяла перад вакном і глядзела ў чорную, непраглядную цемру. Чула, як Падкоўнік, закурваючы, паліў запалку. Потым падышоў да этажэркі і ўзяў сямейны альбом. «Але-ж там фотакарткі стрыечных братоў у хворме польскіх ахвіцэраў», -- успомніла з жахам. Схапіла банку з канфітурамі, шклянкі й сподкі й кінулася ў пакой.
-- Перапрашаю! -- сказала, імкнучыся ня даць магчымасьці вырвацца наяў свайму гневу. -- Зараз ня час разглядаць альбомы: будзем піць гарбату!
Узяла альбом у яго з рук і аднесла ў кухню. І адразу-ж адчула палёгку. Пачала наліваць у шклянкі гарбату. Падкоўнік сачыў за плаўнымі рухамі ейнай добра складзенай постаці. Лісьліва заўважыў:
-- Я кажу, кожны з нас гатоў-бы памерці так, як памёр ваш муж. Чэсьць і слава героям!
-- Чаму-ж вы не запісаліся на фінляндскі фронт добраахвотнікам?
-- Ну, гэта ўжо іншае пытаньне: намі распараджаецца партыя!
«Пад гэтай шырмай добра вам хаваць свой эгаізм», -- падумала. Падсунула шклянку з гарбатай да Падкоўніка.
-- Частуйцеся, калі ласка.
-- А вы, што-ж?
-- І я таксама.
Падкоўнік макаў у гарбату коржыкі і адхлёбваў вадкасьць.
-- Цікава! Хачу вас праверыць, ці не забылі вы Пушкіна. -- І, адсунуўшы шклянку, прадэклямаваў:
У лукоморья дуб зелёный,
Златая цепь на дубе том.
И днём и ночью кот учёный
Всё ходит по цепи кругом...
Уважліва глядзеў у твар Маўры. Яна маўчала. «Вось яно што, -- думала, -- вось дзе сабака закапаны? Значыць, міліцыянэр не прапусьціў міма вушэй... Базыль пад падазрэньнем, значыць?..»
Падкоўнік заўважыў ейную заклапочанасьць.
-- Цікавая вы жанчына, -- сказаў, -- ва ўсіх адносінах... І ў самым, што называецца, саку!.. Можаце захапіць! Можаце... -- ён зірнуў на гадзіньнік. -- Аднак, мне пара ўцякаць...
Вылез з-за стала, узяў у рукі кепку, пабарабаніў пальцамі па ейным казырку. Потым сагнуўся перад Маўрай і паціснуў ёй руку. Выйшаў...
Читать дальше