Абодвы былі так узрушаны, што словы здаваліся ўжо лішнімі.
Лес абрываўся раптоўна, простай, як страла, лініяй. За ім ляжала шэрае куп’істае балотца з параскіданымі па ім рэдкімі карлікавымі сасонкамі й бярозкамі. Сьцежка вяла нас па ўскраю гэтага балотца, абгінаючы няёмкія для праходу мясьціны. З правага боку, на пясчаным смыку, чарнеў перасохлы лубін. Ужо наводдаль было відаць, што сьнег паміж ім моцна сьпісаны сьлядамі зайцоў.
-- Можа зьвернем, палазім тут па купнякох? -- прапанаваў я.
-- Думаю, ня варта! -- адказаў Балевіч. -- Калі што-небудзь і было паблізу, дык захавалася ў непралазныя хмызьнякі.
І якраз у гэты час з-за купіны стромка выскачыў заяц, быццам-бы толькі й чакаў, каб мы яго паднялі. Балевіч трымаў дубальтоўку ў рукох, я -- на плячы. Пакуль ён цэліўся, я на ўсякі выпадак таксама падрыхтаваўся да стрэлу, хаця й быў упэўнены, што заяц ад Балевіча ня пойдзе. Але стрэлу не пасьледавала. Урэшце Балевіч і зусім апусьціў стрэльбу ўніз.
-- Вось і пайшоў! -- сказаў ні то з прыкрасьцю, ні то з задавальненьнем. Мне страляць было запозна ўжо, і я спытаў:
-- Чаму вы яго пусьцілі? Мелі добры выпадак зрэзаць яго!
-- Куркі забыўся паставіць.
Я бачыў: куркі былі пастаўлены. Паказаў яму на памылку.
-- Загледзеўся зьвярком! -- прызнаўся ўрэшце. -- Бачыце, бачыце, як пакаціў на ўзгорак? Ма-ла-йчы-на!
Але зьвярку ўсё-ж ня было суджана больш жыць: насустрач яму выскачылі з-за балотца сабакі, якія, пэўна, ішлі ўвесь час па ягоных сьлядох. Заяц пад прамым крутам ірвануўся ўбок і мячом пакаціўся па грэбню ўзгорку. Але ў гэты час яго пераняў стрэл. Зьвярок з разгону перакуліўся колькі разоў праз галаву.
* * *
Страляў па зайцу Барута. Калі мы падышлі да яго, за ягонай сьпіной іх вісела тры.
-- А вы што? Пустымі абодвы?
-- Паляўнічае шчасьце здрадзіла нам! -- ізь сьмехам адказаў Балевіч.
-- Расстраляць па загаду багіні Дыяны! -- адвязаў ад сваёй торбы аднаго зайца й прывязаў яго да торбы Балевіча. -- А вам будзе той, што ляжыць на зямлі, сьвяжэйшы... Для мяне чатыры зашмат!
Хаця можна было-б яшчэ пахадзіць, але мы скіраваліся да мосту, куды мелася прыйсьці машына. Пэйзаж адгэтуль адчыняўся досыць прывабны: па нізіне вілася рэчка; яе апавілі ланцужком альховыя зарасьлі; над нізінай шырака разьлёгся парк былога маёнтку, цяпер саўгасу; двохпавярховы палац ягоны панаваў бялізной і раскошай над мясцовасьцю; убаку ад парку з-за аголеных бярозак выглядала сваім вострым купалам драўляная каплічка з пагнутым і паржавелым крыжом над ёй... Вёска, цяпер калгас імя Тэльмана, шэрымі саламянымі дахамі выцягнулася па дну нізіны, прыціснутая рэчкай да крутога гліністага абрыву.
Мы ўзышлі на мост. Над паркам кружылі зграяй вароны й галкі. З маёнтку цягнула кісьлінай сілосу. Чуліся галасы людзей, але ў вёсцы ня было відаць ніякага руху -- здавалася вымершай; хацелася пабываць на ейнай вуліцы й распытаць, як цяпер жывецца людзям.
Падышла машына. Мы залезьлі пад ейны брызэнт. Шафёр даў некалькі сыгналаў для тых, каго яшчэ ня было. Аднак на сыгналы ніхто не адгукнуўся.
Расчынілі свае торбы й пачалі перакусваць. Які смачны быў хлеб і «кулацкае» сала, якім частаваў нас Балевіч!
-- Партыйны таварыш прывёз зь вёскі, -- растлумачыў. -- Езьдзілі некага выправаджаць...
Выпіўкі ў нас ня было ніякай, але ў тэрмасах была яшчэ не астыўшая кава. Запівалі хлеб ёю. Вялі гутарку аб тым, як шмат было дзічыны на Беларусі яшчэ нядаўна. У гэты час пачуўся нейкі енк. Выглянулі з-за брызэнта: бег і енчыў Капейка. Убачыўшы нас, залемантаваў:
-- У імя Айца й Сына, хутчэй на хутар, там партыйны таварыш людзей пастраляў.
Балевіч скочыў зь мейсца.
-- Дзе? Хутчэй! -- крыкнуў.
Мы пасьпяшылі за Капейкам. Калі прыбеглі на хутар, партыйны таварыш ляжаў ужо зьвязаны.
Высьветлілася наступнае: Саладуха, Капейка й Галякоў спаткаліся ў лесе. Селі перакусваць. Спачатку ўсё йшло зусім добра: Галякоў агітаваў за савецкую ўладу й разважаў аб задачах расейскага пралетар’яту ва ўсім сьвеце. Капейка, каб усё было ціха, ківаў яму галавой у знак згоды. Саладуха-ж налягаў на гарэлку. Такім чынам было выпіта два паўлітры «лубінавай» -- Капейкаў і Саладухаў. На трох гэтага было аж занадта дастаткова. Але Галякоў адчуваў сябе на паўдарозе. Паставіўшы на пень і «расстраляўшы» парожнія бутэлькі, ён выняў з рукзака сваю, поўную і якраз «адборную». Паклалі ў агонь палак і зноў пачалі піць. Кіраваў усім гэтым Саладуха. Раптам галава ягоная паехала ўніз. А потым ён і зусім паваліўся на гальлё, на якім сядзеў.
Читать дальше