— Ну ты і даеш, — усміхнуўся Лебедзь. — Як заўсёды, перагнуў. Зблытаў усё ў адзін клубок.
— Я хачу наконт рамеснікаў з чорнымі рукамі сказаць, — умяшаўся ў размову Кузьма і адчуў, што сэрца пачало біцца часцей. — Якім жа быць рукам рабочага чалавека, што і зямлю аруць, і вугаль пад зямлей капаюць? Чорныя рукі, а белы хлеб пякуць. Значыць — прыгожыя, хоць і непрыгожыя.
Ён зразумеў, што сказаў не так, як хацеў, што ў канцы зусім збіўся, але смела глядзеў на ўсіх, у думках супакойваў сам сябе: «Трэба і з грамацеямі гаварыць. І мы можам навучыць іх чаму-небудзь...»
— Прыгожыя, хоць і непрыгожыя, — паўтарыў ягоныя словы Грамабоеў. — Сумбурна, але выдатна. Вы развілі маю думку. А зараз я хацеў бы трошкі пагаварыць і падумаць пра смерць.
— Во, во, — з'едліва хмыкнуў Юшкоў. — Хто пра што, а Гаўрыла пра дамавіну.
Грамабоеў зрабіў выгляд, што не пачуў гэтых слоў. Устаў, прайшоўся па майстэрні, спыніўся каля карціны, на якой была рыжавалосая жанчына з мячом:
— Рэвалюцыя, жанчына, свабода... Усё гэта добра, усё гэта цудоўна... Гэта тое, што рухае жыццё ўперад. Заспявалі іерыхонскія трубы рэвалюцыі, і рухнулі сцены дэспатызму. Але, як гаворыцца ў талмудзе, нам загадана працаваць, а завяршыць працу нашу нам не дадзена. Ёсць нешта вышэй нас, вышэй нашай дабрыні, гуманізму, розуму. Чалавек — уладар зямлі. Так вучылі і вучаць нас. І мы паверылі гэтаму. Але прыходзіць час, і ад гэтага ўладара застаецца толькі жменька попелу.
Грамабоеў расшпіліў каўнер кашулі, каўтнуў паветра :
— Мурашкі рассяліліся па ўсім свеце, але хіба яны заваявалі яго? Так і людзі. Пад гэтым небам мы — каліфы на часіну. Бог — вялікі эксперыментатар. Ён стварае людзей, як пясочныя домікі на беразе акіяна. Нахлыне чарговая халодная хваля — і ўсё знішчана, усё змыта. І я думаю, пытаюся сам у сябе: а што ж па той бок смерці? Што?
Ён спыніўся, ва ўпор глянуў на Кузьму, быццам чакаў ад яго адказу. Кузьма сустрэўся з яго сінімі халоднымі вачамі, што свяціліся на снежна-белым твары, і ўздрыгнуў. Грамабоеву, відно было, падабалася тое, як яго слухаюць. Ён зноў загаварыў, страсянуўшы доўгімі, колеру полымя, валасамі:
— Павінен быць нейкі напамінак сярод мітусні... Штуршок... Як метэарыт з неба... Прачнуцца сярод ночы, сцішыцца і раптам успомніць, што ты смяротны... І што з кожнай кропляй вады, якая капае недзе са страхі, адыходзяць у нябыт хвіліны твайго жыцця. Але, заўважце, адносіны да смерці ў розных народаў вельмі розныя. Калі мы, хрысціяне, баімся яе, то кітайцы дораць маладым на вяселлях прыгожыя труны з сандалавага дрэва. І ўсё гэта з жартамі, з усмешкай. Ці яшчэ: індзейцы Фларыды, калі памірае маці, трымаюць над ёй яе дзіця, каб яно магло прыняць у сябе матчыну душу...
Грамабоеў змоўк, пэўна, стаміўся. Твар яго стаў абыякавы і непрыгожы. Усе маўчалі.
— У нас у вёсцы быў дзед Хвядос, — сказаў Кузьма, — дык ён, калі яму стукнула семдзесят гадоў, рашыў, што хутка павінен памерці. Сам зрабіў сабе добрую труну, а каб яна не псавалася, усцягнуў яе на хату, на гару. Ды так да яе прывык, што пасцеліць сена і спіць у ёй. А жыў пасля гэтага яшчэ дваццаць гадоў.
— Вот табе і наш чалавек, а не кітаец які-небудзь, — засмяяўся Лебедзь. — А наогул чалавеку не трэба баяцца смерці. Галоўнае — чэсна пражыць сваё, зрабіць усё добрае, што можаш зрабіць. І можна да хаты збірацца, як у народзе кажуць. Ведаеш, Сцяпан, як пра гэта Віктор Гюго гаварыў? — павярнуўся ён да Грамабоева. — Віктор Гюго сказаў: «Хай у вашы ветразі не дзьме вецер з магілаў». Па-мойму, добра сказаў.
— Зноў ты са сваім Гюго, — як ад зубнога болю, зморшчыўся Грамабоеў. Вочы ягоныя раптам патухлі, ён згорбіўся, па-птушынаму ўцягнуў галаву ў плечы, хуценька з усімі развітаўся і шмыгнуў за дзверы.
Такая рэзкая перамена ў паводзінах Грамабоева здзівіла ўсіх, акрамя Лебедзя.
— З ім гэта бывае, — сказаў Лебедзь. — Нагаворыцца, накрычыцца, а потым людзей не хоча бачыць, уцякае.
— Псіх, — як заўсёды катэгарычна, адрэзаў Юшкоў. — Толькі жыць народ па-чалавечы пачынае, а ён анцімонію пра смерць развёў. Цьфу!
— А вы ведаце, якое ў яго прозвішча? — спытаўся Лебедзь.
— Як — якое? Грамабоеў, ён жа сам гаварыў.
— Яго прозвішча Бедункевіч. А Грамабоева ён прыдумаў. Для шуму і грому.
Калі яны ўжо выходзілі, Лебедзь папрасіў:
— У любую вольную хвіліну забягайце да мяне.
Буду вельмі рады.
— Мы яшчэ зойдзем, — паабяцаў Кузьма.
— Нейкія яны ўсе з вывіхамі, гэтыя інтэлігенты, — ужо на вуліцы сказаў Юшкоў. — Ад гарэлкі шалеюць.
Читать дальше