— Хто служыў у войску?
Аказалася, служылі пяцёра! Чыжэвіч, Крыванос, Макароў і два дзядзькі з Запольцаў. Чыжэвіч пахваліўся :
— Я з генералам Брусілавым усю Галіцыю прайшоў.
Астатнія былі або зялёныя моладзь, або белабілетнікі.
«Не густа», — падумаў Кузьма. Са зброі было пяць рускіх вінтовак, дзве аўстрыйскія, тры драгунскія карабіны і тры бярданкі. Патронаў было таксама мала.
— Раўняйсь! — крыкнуў Кузьма. — Смірна-а!
Каманду мала хто выканаў, бо не ведалі, як гэта робіцца. Стаялі, пераміналіся з нагі на нагу.
— Эх вы! — засмяяўся Сямён-артылерыст. — Глядзіце, што стары салдат вам пакажа.
Ён раптам страшна выкаціў вочы, выцягнуўся ў струну, зрабіў рукі па швах і рэзка, як драўляную, павярнуў направа галаву.
— Вачамі начальства еш, — гаварыў ён. — У полымя скокні па яго загаду, а раўняешся — чацвёртую грудзь справа павінен бачыць. Альбо чэсць аддаць трэба...
Сямён-артылерыст хацеў паказаць, як трэба аддаваць чэсць, але адбылося неспадзяванае: драўляная яго нага раптам паслізнулася, і ён, як куль, гоцнуўся ў снег. Усе схапіліся за жываты ад рогату. Сямён уставаў са снегу, сярдзіта лаяўся:
— Ірады! Мурашак вам у штаны. Я ж на адной назе паказваў. Мне б вашыя дзве нагі!
— А зараз чэсць у войску не аддаюць, — усё яшчэ смяяўся Мішка Сырамалот. — Праўда ж, Кузьма?
— Праўда, — сказаў Кузьма. — У нас цяпер нават афіцэраў няма. Усе роўныя.
— Вось бачыш! — накінуліся на Сямёна-артылерыста маладзейшыя хлопцы. — Даўно чэсць гэта быку пад хвост паляцела, а ты нас вучыш. Старарэжымнік ты!
— Хто? — пачырванеў, засоп Сямён і замахнуўся мыліцай. — Усё ваша войска адзін магу разагнаць!
Але патроху ўсе сціхлі. Кузьма паказваў, як трэба поўзаць па-пластунску, як рабіць перабежкі пад агнём, як разгортвацца ў ланцуг у час атакі. Мужчыны паслухмяна клаліся ў снег, поўзалі, пакідаючы пасля сябе шырокія барозны. Што б ні казаў Кузьма, яны рабілі. Можа, не так, мо не дужа спрытна, але рабілі, стараліся. Гэта вельмі падабалася яму і трошкі бянтэжыла. «Як надарыцца сапраўдны бой, са стралянінай і крывёю, — думаў ён, — яны, ледзь што ў іх не выйдзе, будуць мяне ўпікаць і праклінаць: гэта ж я іх вучыў ваяваць». І ён сам стараўся: усё, што ўмеў і мог, паказваў ім, не шкадуючы сябе.
Калі сцямнелася, пачысцілі, насуха выцерлі зброю, пайшлі дадому. Мужчыны і хлопцы развітваліся з Кузьмой, і кожны запрашаў да сябе ў хату. Але Кузьма адмаўляўся. Яго чакаюць: ён жа гэтулькі часу не бачыў сваіх. Ён хутка крочыў дадому і думаў, як там гуляе з Дзінай Сяргейка, што робяць маці з бацькам. Над галавой гулі высокія, серабрыстыя ад шэрані ліпы. Вуліца была як бы пад павеццю гэтых ліп, і прыемна было думаць, што не страшны ніякі вецер, ніякі люты віхор — ліпы роднай вёскі абароняць.
Раптам з паўзмроку, ад плота аддзялілася танклявая дзявочая постаць, перагарадзіла яму дарогу. Кузьма ўздрыгнуў. Адразу падумалася з нейкай трывогай, з нейкім сумам і шкадаваннем: няўжо Франя Перуноўская? Ён падышоў бліжэй, убачыў: не, гэта не Франя, гэта Яніна Міхейчык. Толькі што выбегла з хаты — відаць, чакала, гледзячы ў акно. На плячах шэрая вялікая, пэўна бацькава, світка; валёнкі абуты на голыя ногі, без хусткі.
— Добры вечар, Кузьма, — ціха сказала Яніна, і голас у яе ўздрыгваў.
— Добры вечар, — адказаў ён.
Колькі хвілін яны стаялі моўчкі, і ён падумаў, што ёй холадна стаяць вось так, нават падумаў — ці не абняць, ці не сагрэць, жартуючы?
Але Яніна апярэдзіла яго.
— А дзе ваш Антон? — спыталася яна.
— Недзе ў Мінску. Паехаў і яшчэ не вярнуўся. І ніхто не ведае, дзе ён...
— Ніхто не ведае?.. — Яніна рэзка страсянула распушчанымі валасамі. — І ты не ведаеш. А яшчэ брат называецца!
Яна раптам заплакала, кусаючы кулачок, пабегла назад у хату. Ён чуў, як грукнулі, зарыпелі веснічкі, як на дварэ прагучалі лёгкія крокі.
— Яніна! — паклікаў ён.
Але глухая цемра стаяла наўкола. Цемра была шчыльная, цяжкая; здавалася, выцягні наперад руку — і наткнешся на яе, як на сцяну з чорнага каменнага вугалю. Кузьма здзівіўся: чаму так раптоўна сцямнела? Усяго ж некалькі хвілін назад ён бачыў Янінін твар, бледны, спакутаваны твар, на якім жылі боль і чаканне. І вось наўкола — толькі цемра. Можна было падумаць, што гэтая дзяўчына разам з бядой і крыўдай панесла ў сваю хату рэшткі святла. «Яна кахае Антона, — падумаў Кузьма. — Гэта яе першае каханне, і яна, як можа, абараняе яго».
Кузьма раптам спыніўся пасярод вуліцы, глянуў на неба. Не было ні зорак, ні ліп, ні сняжынак. Адна цемра. І ўсё ж там, у цемры, адчуваўся нейкі рух, нешта шумела, уздыхала, цякло. І яму здалося, што гэта ён чуе, як цячэ час, — шырокай, сляпой, чорнай ракой. Усё падуладна яму, ён малых робіць дарослымі, дарослых старымі, старых забірае з сабой. Вось і зараз ён цячэ над вёскай і адтуль, зверху, прыглядаецца да кожнага жывога; халоднымі няўмольнымі вачамі глядзіць і на яго, Кузьму. Кузьма ўздрыгнуў і хутчэй пакіраваў да сваёй хаты.
Читать дальше