Тонка звінелі пілы. Белае пахучае пілавінне асядала, як іней, на ногі і на рукі.
— Андрэй! — весела гукнуў нехта да Бацюты. — Нас бацюшка Буракоўскі не пракляў яшчэ, што ў божае свята робім?
— Ён на куццю добра павячэраў і зараз расол п'е, — пасмяяўся Бацюта. Пасля дадаў: — Хлопцы, хто стаміўся, пакурыце. А я папілую. Хто са мной?
— Я, — падышоў да яго Кузьма.
— Ты ж паранены. Пастой, пакуры, — ужо ўскладаў Бацюта на крэплі доўгую бярэзіну.
— Нічога. У мяне правая рука здаровая...
Кузьма расшпіліў шынель, потым, падумаўшы, зусім скінуў яго, узяўся за драўляную, гладка адпаліраваную ручку пілы. Яна была цёплая, грэла далонь.
— Ну, трымайся, салдат, — хмыкнуў Бацюта і пацягнуў пілу на сябе.
Піла была вострая, добра разведзеная, мякка ўваходзіла ў дрэва. Пілавінне вылятала з-пад яе бліскучых доўгіх зубоў спачатку як бы неахвотна. Але вось піла захадзіла ваўсю, заспявала, затрымцела, і пілавінне пасыпалася на снег лёгкім пухам. Там, дзе метал сутыкаўся з дрэвам, хуценька пабегла ўніз тонкая чорная палоска-шчыліна. Наткнуўшыся на сук, яна не адступала і не абыходзіла яго, яна злёгку замаруджвала свой бег, і тады Кузьма адчуваў, як у руцэ, нібы жывая, напінаецца, нервова ўздрыгвае піла. Ён тады яшчэ мацней сціскаў ручку, аж яна апякала далонь. Усё цела напружвалася, цвярдзела, новыя сілы нараджаліся ў ім.
— Добра, — шырока выдыхнуў Бацюта.
І Кузьма зразумеў яго. Добра было вось так, усёй душой і целам, цалкам аддацца працы, добра было натольваць голад мускулаў.
— Ух! — здаволіўся нарэшце Бацюта, кінуў пілу, поўнымі прыгаршчамі схапіў з зямлі снегу, пачаў церці спатнелы чырвоны твар. Ад поту ў яго дымілася спіна. Кузьма аслабела сеў на прэглі, выпрастаў ногі. Горача білася па ўсім целе кроў.
— Ды ці не Кузьма гэта Радзімовіч? — здзіўлена ўскрыкнуў раптам нехта з хлопцаў, што сядзелі на бярвеннях трохі воддаль і курылі.
Не паспеў Кузьма апамятацца, як да яго падбеглі, акружылі, пачалі тармасіць.
— Сырамалот! Міхал! — строга крыкнуў Бацюта. — Чалавек паранены, а вы вунь што ўздумалі...
Хлопцы адразу ж адпусцілі Кузьму. Мішка Сырамалот падаў Кузьме папаху, сказаў:
— А я думаю, што гэта за салдат сядзіць... Чмялёўскага быццам бы пакрою, а від ужо не наш, гарадскі. А ж гэта ты!
Хлопцы пачалі пытацца:
— Ці многа германцаў забіў?
— А кормяць добра?
— Ці праўда, Кузьма, што да салдатаў, як яны ў лазні памыюцца, дзевак водзяць?
Кузьма абводзіў позіркам знаёмыя і ўжо трохі забытыя твары, адказваў на пытанні, на моцныя поціскі, адчуваў, як перапаўняе душу радасць. Як падраслі, пасталелі хлопцы! Вунь Мікіта Сцепанюга на цэлую галаву над усімі ўзвышаецца. А Мішка Сырамалот дык стаў драбнейшы, схуднеў, але такія ж гарачыя ў яго вочы, і вусы адгадаваў, толькі не цёмныя, не русыя, як валасы на галаве, а нейкія чырванаватыя.
Хлопцы насядалі на Кузьму:
— Праўда, што нямецкі штык не такі, як рускі? У немцаў — цясак...
— А з дзірыжабля на вас бомбы кідалі?
— Цішэй вы, пеўнікі! — спыніў іх Бацюта. — Пра дзевак яшчэ пагаворыце. Кузьма — чалавек сур'ёзны. Ваеннай справе вучыць вас будзе, рукапашнаму бою.
— Няўжо?! — узрадаваліся хлопцы. — Калі пачнём?
Падышлі і дарослыя мужчыны. Здароўкаліся з Кузьмой, таксама пачалі распытваць, але больш пра новую ўладу, пра бальшавікоў, пра гарадскія цэны і тавары.
— Нас таксама будзеш вучыць ваяваць, — сказаў Яўхім Сцепанюга.
Усе, асабліва маладзейшыя, зноў загаманілі, заспрачаліся, калі трэба займацца атраду — раніцай ці ўвечары, ці хопіць на ўсіх зброі, ці можна будзе страляць.
— Табе баба лепш за вінтоўку па вуху стрэліць, — скасавурыўся ратам на Яўхіма Сцепанюгу Людвік Перуноўскі. Той злосна засіпеў, пагрозліва развёў рукі:
— Ты ведаеш? Ты бачыў? Патрон ты халасты!
І раптам нехта крыкнуў:
— Глядзіце, хто сюды ідзе!
Усе сціхлі, азірнуліся і ўбачылі Лаўрэна Лапыцьку. Ён павольна ішоў да флігеля, трымаючы ў адной руцэ сякеру, у другой — кошык. Ён быў у новых лапцях, у чыстых белых анучах. Падышоў бліжэй, павітаўся з грамадой, павярнуўся да Бацюты:
— Якая ёсць, Андрэй, тутака работа?
Усе ўбачылі, як адразу пасвятлеў з твару Бацюта, абцягнуў на сабе ватоўку, паціснуў Лапыцьку руку і сказаў:
— Работа, Лаўрэн, няцяжкая. Дровы пілуем...
— То і я сякерай сваёй пастукаю...
Лаўрэн паставіў на зямлю кошык, пачаў прыцэльвацца вокам да чурбанчыкаў — які б узяць калоць. Знайшоў, спрытна махнуў сякерай.
«Ну і цуд, — дзівіліся кожны сам сабе чмялёўцы, — Лаўрэн прачнуўся...»
Читать дальше