Міліцыянт крахтануў, падхапіў з кута кавалак тоўстай супрацьпажарнай тканіны – яе накідваюць на кінапраектар, калі той займецца агнём, — хацеў, відаць, пашараваць прапыленыя боты, ды нечакана запытаўся:
— Партрэты прывёз?
Барыс сьцепануўся. «Гэтаму не набрэшаш. Усё ведае», — мільганула беспакойная думка і ён запабежліва раскрыў партфэль.
— Трое замоўцаў. Абяцаў сёньня занесьці. Там і прозьвішчы напісаныя. На адвароце.
— Раз абяцаў, значыць, занясём.
Міліцыянт прачыніў дзьверы, выглянуў на падворак.
Дзесьці непадалёку покаў футбольны мячык і чуліся дзіцячыя галасы.
— Гэй, гвардзейцы! Давай сюды!
На падворку затупалі і міліцыянт жартам прыклаў руку да брылька:
— Здравія жалаю, гвардзейцы! Пелагею Катавод, Нюрку Марковіч і Язевічыху ведаеце?
— Ве-едаем! — хорам адказалі з надворку.
— Занясіце ім гэтыя партрэты. Зразумелі? Усё! Адна нага тут, другая там, — выгукнуў міліцыянт, і калі на падворку зноўку затупалі, засьвістаў падшыванцам усьлед.
Рэха вясёлага сьвісту адбілася ў душы; душа выпрасталася, памкнулася ўгору, і Барыс, пазіраючы на міліцыянта, захоплена падумаў: «Свой хлопец!»
Неўзабаве ў кінабудку вярнуўся гаспадар. Ён прынёс тры бутэлькі «маскоўскай» і бляшанку кансэрваў «Пячонка траскі».
— Дваццаць капеек вінен застаўся, — з гэтымі словамі “кіншчык” выставіў справунак на перамотны стол і зноўку зьнік за дзьвярыма.
Міліцыянт падхапіў бутэльку, абабіў сьцізорыкам сургуч.
— Ну што, возьмем? — буйны струмень напоўніў на дзьве траціны мутную «малянкоўку».
Барыс кіўнуў у бок дзьвярэй, маўляў, трэба пачакаць гаспадара, але міліцыянт уладна махнуў рукой:
— Цягні... Яму шмат нельга. Кіно трэба круціць.
Гарэлка прайшла ў нутро з напругай.
Міліцыянт, кульнуўшы шклянку, таксама скрывіўся і, «закусіўшы» рукавом, стаў ускрываць сьцізорыкам бляшанку.
– Хоць бы «часьціка» ўзяў... зноў гэтая пячонка... у рот ня лезе.
Тут жа яны выпілі па-другой. Гэтым разам міліцыянт гучна ікнуў, задаволена пацёр далоні.
— Не, далібог, прыдушу калі-небудзь коргу лупатую.
Міліцыянт не патлумачыў – каго зьбіраецца душыць, і Барыс запабежліва напоўніў «малянкоўку».
— Уяўляеш, я ёй хату шыфэрам пакрыў, сьвятло правёў, падсьвінака з базару прывёз, а яна на мяне ў абласную ўправу паперу накатала. Ну задушыў бы, зьмяюку! — міліцыянт ляснуў кулаком па перамотным стале, і суразмоўніку давялося ўтаймоўваць бутэльку, якая ледзь не звалілася долу. У гэты момант за сьпінай дробна затупаў кінамэханік.
— Хлеба з суботы не вязуць. Во, выпрасіў у маткі, — “кіншчык” паклаў на стол кавалак хатняга хлеба, шмат зжаўцелага сала і пук зялёнай цыбулі.
— А што, матка хлеб пячэ? — запытаўся асьмялелы Барыс, жуючы адразу тры цыбульных пёры.
Кінамэханік нічога не адказаў, бо ўважліва глядзеў на паўнюткую шклянку, і толькі выпіўшы трунак, сіпата прамовіў:
— Пячэ... ды, кажа, мука патрэбна шатраваная.
— Бабы хлеб пякуць, зяцю чарку падносяць, а гэтая ж, с-сука... – страшным голасам выдыхнуў міліцыянт, і кінамэханік, якому, відаць, даўно абрыдлі такія нараканьні, падхапіўся, уключыў прайгравальнік і кінабудка скаланулася ад бадзёрага рытму «Кукарачы».
— Зноў уключыў гэтую херню! — міліцыянт расшпіліў кіцель. – У цябе Рабэрціна Ларэці ёсьць?
— Хто?! — перапытаў Лёха.
— Дзед Піхто, — выдыхнуў, аддзімаючыся пасьля гарэлкі, міліцыянт. – Сядзіш у кінабудцы як той барсук у нары... ня ведаеш – што ў сьвеце дзеецца. Ты хоць пра Церашкову чуў?
— Чуў, — азваўся Лёха, — кажуць, яны з Быкоўскім на арбіце ... Дзеля навуковага экспэрымэнту.
Міліцыянт хмыкнуў, але потым, нібыта згадаўшы пра штосьці, дакорліва павёў брывом.
— Яны ж у розных ракетах лёталі, як жа яны маглі ...? Ты ўвогуле канчай такія размовы. А то я табе хутка... язык у калоду зацісну.
— Ды я нічога. Гэта ж людзі кажуць.
— Лю-удзі... Гэта якія людзі? Можа, цешча мая? — міліцыянт палез пад стол за другою пляшкай, з пакутлівым уздыхам запытаўся Барыса: — Цешчу маеш?
— Памерла, адказаў Барыс, і суразмоўнік, ляснуўшы бутэлькай па стале, ці то жартам, ці то ўсур’ёз, прамармытаў: — Шчасьлівы чалавек.
Другую бутэльку пілі павольна і з асалодаю. Лёха пры гэтым ладна захмялеў, і Пятровіч – так звалі міліцыянта, — больш яму не наліваў. Падпёршы далоньню шчаку, “кіншчык” асавела глядзеў на шклянку і, шморгаючы носам, наракаў на свой незайздросны лёс. Лёху, як высьветлілася, даводзілася ня толькі «круціць кіны», але й касіць сена для калгаса, нарыхтоўваць для клюбу дровы, а таксама – апавядаючы пра гэта Лёха нават заплакаў – удзельнічаць у мастацкай самадзейнасьці: граць Чорта ў гогалеўскай п’есе.
Читать дальше