— У фінскую згінуў. Толькі адзін ліст і прыслаў з фронту. Напісаў: «На подлыя правакацыі белафінаў адкажам сталінскім ударам»...
— Вам як, з гальштукам? – запытаўся госьць, хаваючы фотаздымак у блякнот.
Гальштукі будзёнаўкам, што праўда, не пасавалі, але старыя бабці, пабачыўшы прапанаваны ўзор, кожнага разу прасілі падмаляваць белую кашулю і такі ж самы шыявяз.
— А колькі ж гэта будзе каштаваць?
— За мастацкую падмалёўку дадаткова бярэм дзесяць капеек.
— Гэта ж тры капейкі дадаць, і батон можна купіць, — выдыхнула гаспадыня, і госьць, ні слова не сказаўшы, дакорліва матнуў галавой: маўляў, як можна людзкую памяць вымяраць нейкімі там батонамі.
Запісаўшы ў нататнік бабульчына прозьвішча, госьць запытаўся – ці трэба каму з суседзяў павялічыць фотаздымкі, і Пелагея сьпехам забалабоніла.
— Гэта ж во... да Нюркі зайдзіце, да суседкі маёй. Яна ўсё за мужа бядуе. Забіла, а цяпер во плача ды фотакартку цалуе.
— Як забіла? — уразіўся госьць.
— Ну як мужыкоў забіваюць... П’яніца ж быў, усё дачыста прапіваў. Прыйдзе абасцаны, схопіць сякеру ды ганяе жонку па Азярышчы. Тая крычыць ратунку, па суседзям хаваецца. Летась на Пакровы ўваліўся ў хату ды на падлогу абрынуў. А Нюрка схапіла за чупрыну ды як закрычыць: «Ну, п’янюга, хрысьціся, сьмертухна твая прыйшла! Адсяку табе зараз галаву!» Узяла ды заехала мужыку валёнкам па патыліцы, а той ўзяў ды памёр... ад разрыву сэрца. Во як бывае!
— І што – нехта бачыў, як яна... – госьць кашлянуў, — мужыка забівала?
— Бачыць – ня бачылі, але ж людзі гавораць, – пасьля таго старая схапіла госьця за крысо бастонавага пінжака.
— Ай, во... а ці праўда, што бабу ў космас запусьцілі?
— Праўда, — адгукнуўся госьць, выходзячы з хаты. – Лётчык-касманаўт СССР Валянціна Церашкова. Сёньня ад самага ранку перадаюць... Штурмуе разам з касманаўтам Быкоўскім касьмічную прастору.
— Ну, усё… – асуджана выдыхнула старая Пелагея, – цяпер чакай чорта напагасьціны!
— Якога чорта? — госьць сьцягнуў з галавы насоўку, выцер упрэлы твар.
— Язевічыха яшчэ ўвесну казала: як толькі бабу ў космас выправяць, адразу чорт на зямлю спусьціцца.
— І што ён тут будзе рабіць? — з усьмешкай прамовіў госьць, выціраючы узмакрэлую патыліцу.
— Як што... шкодзіць будзе, людзей з панталыку зьбіваць. Ня ведаеце – чым чэрці займаюцца? — з дакорам прамовіла гаспадыня, і госьць, чарговым разам хіснуўшы галавой, запісаў на ўсялякі выпадак адрас той самай Язевічыхі.
Праз два дні ў Пелагеі Катавод загавела душою рабая курыца. Ці то пакаштавала салетры, якую надоечы вазілі на самаскідах ды рассыпалі на дарозе, ці то пракаўтнула замест чарвяка іржавы цьвічок... Карацей, сканала чубатка, і цётка з тае нагоды дужа засмуцілася.
— А маё ж ты куранятка... а ці ж не я цябе карміла-гадавала-а, — залямантавала старая, падхапіўшы на рукі дохлую курыцу. Тым часам на суседзкім агародзе зашамацела капуснае лісьце і ў прамежку даўгога шыхту ўзьдзетых на тын гарлачоў узьнік усхваляваны твар Нюры – цыбатай саракоўкі з азызлым ад ячменю вокам.
— Польця! Што здарылася?!
— Курыца во падохла, — старая смаркнулася ў прыпол хвартуха, зірнула на суседку, а ўбачыўшы, што вока Нюрчына канчаткова заплыло, ужо акрыялым голасам запытала: — Ты ж мачой ці прыкладала?
— Чым толькі не прыкладала... і мачой, і... – Нюрка азірнулася – … гаўном. Ужо й белага сьвету ня бачу.
— Сурочыў нехта, — рашуча прамовіла Польця, і суседка, яшчэ раз азірнуўшыся, выпаліла: — Дык вядома ж хто...
Старая выпусьціла з рук чубатку.
— Гэта ж той… які прыяжджаў. Карткі што павялічвае. Я адразу ўгледзела, што ў яго вока паганае. Так і зыркаў наўкола, так і зыркаў! Трэба да Язевічыхі бегчы, хай сурокі зьніме, а то яшчэ якая халера накінецца.
І жанкі, не згаворваючыся, навыперадкі пабеглі ў супрацьлеглы канец вуліцы.
Ля крайняй хаты, як заўсёды такім часам, завіхаўся Язевічысін зяць — участковы Міхноў. Зяць жыў у райцэнтры, гойсаў па навакольлі на матацыкле і часьцяком завітваў да цешчы на абед.
Дастаўшы з калодзежу поўнае вядро, Міхноў шухнуў ваду на матацыкл, дробныя кроплі даляцелі да кабет, пры гэтым бабуля Польця незадаволена пырхнула, а Нюрка плюнула праз левае плячо.
— Чаго, Нюрка, твар захінаеш? Думаеш, не пазнаю? — крыкнуў участковы, і жанка, прыкрываючы далоньню заплыўшае вока, нячутна вылаялася.
— Увесь двор завэдзгаў, апівуда, — прабубніла Язевічыха, вітаючыся з сяброўкамі. – Зяця свайго старая люта ненавідзела, і ўсім скрозь казала, што Міхноў прагне загнаць яе ў магілу ды перапісаць на сябе хату.
Читать дальше