— А хто? — сумелася Чыжэўская.— Дзевяцень не меў права адступаць!
Радзевіч адказаў не адразу, толькі паглядзеў на яе выразна, і ў яго трохі журботным позірку Чыжэўская заўважыла не проста нязгоду, неадабрэнне, іронію, а нешта большае — адчужанасць, асуджэнне, суровае, бязлітаснае.
— А што вы прапануеце? — нечакана перайшоў на афіцыйнае «вы» Радзевіч, і Чыжэўская адчула, што гэтае халоднае «вы» нічога добрага для яе не абяцае. Яна хацела і ніяк не магла зразумець, адкуль, з якой ласкі Радзевічава няміласць? Што гэта ўсё значыць? Ніякай віны, ніякіх грахоў за сабою яна не адчувала, тым не менш...
— Я лічу, што прэцэдэнт варты таго, каб абгаварыць на бюро! — трохі ніякавеючы, але энергічна адказала Чыжэўская.
— Што ж...— падумаўшы, згадзіўся Радзевіч.— Нам і праўда ёсць пра што пагаварыць... Толькі не на бюро, а на пленуме райкома...
— Можна і на пленуме...— павяла плечуком Чыжэўская, дэманструючы сваю нязгоду.— Але пленум — не дня і не тыдня справа, як вы ведаеце, а з «Гігантам» трэба рашаць неадкладна.— I, перамяніўшы тон, заклапочана запыталася: — То што будзем рашаць з «Гігантам»? Вы самі паедзеце ці я?..
— Калгаснікі самі рашылі, што рабіць! — суха сказаў Радзевіч і, злавіўшы яе ўпарты погляд, сярдзіта і рэзка дадаў: — Самі, Галіна Пятроўна! Падумайце пра гэта...
— Але ж мы не можам пакінуць старшынёю Кунцэвіча! — няўцямна глянула Чыжэўская.
— Калгаснікі самі рашылі — няўжо вы гэтага не разумеѳце?! — раздражнёна сказаў Радзевіч, нахмурыўшы бровы.
— Андрэй Паўлавіч, мы не можам...
— Што мы не можам?!
— Забяспечыць, каб сто працэнтаў кіраўнікоў гаспадарак мелі вышэйшую адукацыю. Нас не зразумеюць, ушчэнт разнясуць, што не ўбераглі кандыдата навук...
Радзевіч паглядзеў здзіўлена, і ў вачах яго заскакалі маланкі.
— Галіна Пятроўна, скажыце, будзьце ласкавы, хто вы?
— Другі сакратар райкома! — зацята, з выклікам глянула Чыжэўская, даючы зразумець, што з ёю трэба лічьщца.
— Рахункавод — во хто вы! — узарваўся Радзевіч.— Які ж вы партыйны работнік, калі не разумееце элементарных рэчаў?!
Такіх абвінавачанняў ніколі ніхто ёй яшчэ не кідаў. Гэта нагадвала аплявуху, неспадзяваную, пякучую, крыўдную да слёз, і яна анямела, не ведаючы, што сказаць. А Радзевіч, праўда, памяркоўней, але не сунімаўся:
— Вучыцеся, прывыкайце, Галіна Пятроўна, глядзець у сутнасць, глядзець на чалавека, а не на працэнты — інакш вас канчаткова заесць гэты фармалізм і казёншчына. Не жахацца трэба, што калгаснікі выказалі недавер нягоднаму кіраўніку, не пажадалі ўважыць яго вучоную ступень, а нам з вамі, праглынуўшы горкую пілюлю, радавацца трэба, што ў нас такія людзі. I секчы, як сідаравых коз, нас з вамі трэба, што мы аказаліся сляпыя, апынуліся не з людзьмі, а разам з гэтым выскачкам — во чаго дараваць нельга, і ў першую чаргу вам, Галіна Пятроўна! — I, заўважыўшы, што Чыжэўская збіраецца пярэчыць, сярдзіта пагразіў пальцам: — Так, так, Галіна Пятроўна! Вы больш, чым хто, бывалі ў «Гіганце», а што заўважылі? Ці хоць раз без суправаджэння Сурмілы альбо Клімовіча пайшлі да камуністаў, да людзей, паслухалі, пагаварылі шчыра? Пэўна, ні разу, інакш — даўно забілі б трывогу. А прыгадайце ананімкі на Сурмілу? Як вы іх правяралі? Праз чые акуляры глядзелі?! — Супакоіўшыся, дадаў іншым тонам: — Гісторыя з Сурмілам для нас павінна стаць добрым урокам. Вось і скажам на плѳнумѳ усё адкрыта, прынцынова, па-партыйнаму пагаворым пра наш стыль работы...
Чыжэўскай па звычцы карцела пярэчыць, але язык прысох да зубоў. Шырока раскрытымі вачыма, усё больш ніякавеючы, глядзела яна на Радзевіча — такім бачыла яго першы раз, і нешта цьмянае, ні то трывога, ні то страх, стала ўсё больш і больш закрадацца ў яе душу.
Застаўшыся адзін, Радзевіч адчуў стому. Апошні час ён усё часцей стаў заўважаць, што нязвыкла стамляецца пасля доўгай дарогі. Ён думаў, што дарма сарваўся, мо залішне груба накрычаў на Чыжэўскую — нябось, недзе румзае, мо ўсю ноч прарумзае ў падушку: жанчына ёсць жанчына, хоць і другі сакратар. Калі шчыра, то ці толькі яна адна бачыць лес, а дрэў не заўважае? Канечне, не адна Чыжэўская... Трэба вучыць, каб кожны кіраўнік і лес бачыў, і асобныя дрэвы заўважаў... I ў тым, што прагледзелі Сурмілу, яму, першаму сакратару, нельга шукаць казла адпушчэння — перш за ўсё сам вінаваты. Канечне, сам... Нешта гняло, выклікала прыкры астой. А ўсё ж няпроста перажываць свае памылкі, нават калі асэнсуеш, прызнаеш іх, няпроста...
Пахадзіўшы сюды-туды, стаў трохі супакойвацца. Але ўсё роўна нейкае нядобрае, цьмянае, як прадчуванне непазбежнай бяды, пачуццё працягвала садніць. Каторы раз прыходзіла на памяць тая загадкавая размова ў абкоме партыі, куды тэрмінова выклікалі ўчора. Канечне, ніякай загадкавасці ў рэшце рэшт не засталося — усё ўладзілася, усё стала на сваё месца, аднак ад гэтага мала палягчэла на душы...
Читать дальше