Сцяўшыся, прайшоў крокаў дзесяць і стаў адчуваць, як з глыбіні душы падымаецца, разрастаецца крыўда: за што яны?! Хіба ён жадаў ім благога?! Хіба не ён сілком цягнуў іх да культуры, да новага жыцця? Хіба ён гультайнічаў, не хацеў, каб калгас быў харошы? I адразу ж злавіў сябе на думцы: дзіўна, але нават сам перад сабою развучыўся быць да канца шчыры... Вядома, ён менш за ўсё думаў пра іх. А пра што думаў, чаго дамагаўся? Свайго месца пад сонцам... А хто не дамагаецца свайго месца пад сонцам?.. Але хіба можна дамагчыся чаго, адчуваючы сябе чужаком, не ў сваёй стыхіі? Хіба не раздражнялі яго прыземленыя, нейкія мурашыныя клопаты, мізэрныя інтарэсы гэтых людзей, хіба не курчыла, як зубны боль, нават іх мова, якую даўно перастаў лічыць роднай? Хіба калі верыў усур’ёз, што гэтыя людзі здольныя спасцігнуць культуру, якую ён насаджаў? Чаго ж можна было чакаць ад іх, калі шчыра...
Ля канторы (во насланнё!) сутыкнуўся з трыма механізатарамі, хацеў быў не заўважыць, але не заўважыць было ўжо немагчыма. Яны пачціва, трохі ніякавата паздароўкаліся, і ён нічога не мог зразумець — у іх позірках не заўважыў ні насмешкі, ні злосці. Дзіва...
Сакратаркі ў нрыёмнай не было — пэўна, недзе чэша язык у бухгалтэрыі, гэта і добра, што няма сакратаркі. Адамкнуў сваім ключом кабінет — і ногі чамусьці сталі як налітыя свінцом, ледзьве дайшоў да стала. Не распранаючыся, сеў у крэсла і не ведаў, што рабіць, адчуваў толькі — тут доўга не затрымаецца.
Яго цяжкі, невідушчы позірк блукаў па знаёмых і, здавалася, ужо незнаемых рэчах, шукаючы нечага, а чаго — ці то забыўся, ці то проста не ведаў. Нарэшце затрымаўся на тэлефонным апараце, глядзеў на яго здзіўлена, быццам бачыць першы раз, схамянуўся, схапіў трубку, нервова набраў нумар.
— Гараж? Прышліце маю машыну... Да канторы...
Яшчэ раз абвёў кабінет самотным позіркам, нібы развітваючыся з усім, што было тут, цяжка ўстаў з крэсла, пашукаў у кішэні ключ, адамкнуў сейф, узяў тры пяцідзесяцірублёўкі, не зусім разумеючы, навошта яны яму, замкнуў сейф, сунуў ключ у кішэню і таропка пайшоў да выхада.
Не паспеў ступіць на сходкі, як падкаціла белага колеру «Волга», скрыппула тармазамі, хіснуўшыся ўзад-уперад, застыла як укопаная на месцы. Шафёр паслужліва адчыніў пярэднія дзверцы.
— Вылазь! — загадаў Сурміла і, заўважыўшы здзіўленне ў шафёравых вачах, растлумачыў: — Я сам паеду!
Шафёр паслухмяна вылез з машыны, але па яго твары было відаць, што перадаваць руль яму няма ахвоты.
— Запраўлена? — глянуў уладна і сярдзіта Сурміла.
— Так точна! — па-вайсковаму казырнуў шафёр.— Поўны бак.
Машына рыўком узяла з месца, пагойдваючыся на выбоінах, пакаціла па вуліцы. Раз-пораз трапляліся лужыны, і Сурміла не асабліва клапаціўся аб’язджаць іх. Пырскі ляцелі ва ўсе бакі, заляпалі лабавае шкло — уключыў«дворнікі». Зараз яны скрыпелі чамусьці дужа непрыемна, а неўзабаве сталі злаваць — выключыў, паехаў асцярожней.
Вуліца скончылася, пачалася брукаванка — зусім ужо чыстая ад снегу і амаль сухая. Дабавіў газу — машына пайшла лёгка і даволі мякка.
Ён і сам не ведаў, куды спяшаецца, увогуле, куды і навошта едзе. Пакуль што і не думаў пра гэта. За рулём адчуваў сябе спакайней — і гэтага было дастаткова, каб імчаць, імчаць, адчуваючы хуткасць, пругкасць паветра на лабавым шкле...
Дарога бралася пад гару, але машына ішла лёгка, не адчуваючы пад’ёму. Ля кюветаў сталі трапляцца дрэвы, якія яшчэ не паспелі выкарчаваць. А што, калі разагнацца і ўдарыцца? I ўсё будзе скончана, ніякіх клопатаў і хваляванняў... Ніколі не прыходзіла ў галаву, што смерць за чалавекам ходзіць так неадступна, так побач. Нават сядаючы ў машыну, ты пачынаеш з ёй гульню — хто каго... Не-е, мы яшчэ паездзім, мы не дапусцім такой раскошы! Гэта мы яшчэ паглядзім, хто каго...
Куды едзе? Чаго едзе? Да каго едзе?
Пакуль што ён не ведаў гэтага, аднак трэба было рашаць да выезду на шашу.
Мо ў вобласць, да бацькі? Павярнуць направа — і праз гадзіны паўтары на месцы. А чаму б і не наведаць старога? Расказаць пра ўсё, калі яшчэ не ведае, мо чым паможа... Праўда, вага ў яго цяпер не тая — астатні год да пенсіі даседжвае ў абласным упраўленні сельскай гаспадаркі. За апошнія гады двойчы паніжалі — не спецыяліст. Пакаціўся стары, ой як пакаціўся! I, мусіць, гэта яго зусім даканала — стаў нейкі падазроны, злы, улёг за чаркай. Але ўсё роўна трымаецца, робіць выгляд, што па-ранейшаму вялікі начальнік, і гэта нават смешна... А і праўда, старому ўсё жыццё не шанцавала, яшчэ як не шанцавала! Толькі пачне падымацца на грэбні хвалі, як хваля спадае, наперад вырываюцца розныя спрытнюгі, адціскаюць, ставяць падножкі. Так было ў раёнах, тое ж і ў вобласці...
Читать дальше