Пасля Клімовіча выступаць больш ніхто не схацеў, і сход закрылі, нават забыўшыся прагаласаваць.
Дзевяцень з нейкім дваістым пачуццём і прыкрым астоем на душы глядзеў, як спешна пакідаюць залу камуністы, і бачыў, што кожны з іх выносіць адсюль глухую незадаволенасць, нават пратэст. А што, калі на агульным сходзе возьмуць ды праваляць Сурмілаву кандыдатуру? Гэтая думка цяпер ужо не здавалася малаверагоднай, мо нават наадварот... Во будзе скандал! Старшыня райвыканкома праваліў, не правёў рашэнне бюро... Але страху за магчымы скандал ужо не было, з’яўлялася нейкае незразумелае, цьмянае, помслівае пачуццё, невядома на каго скіраванае — ці то на Сурмілу, ці то на Радзевіча, ці то на самога сябе, а магчыма, на ўсіх разам... Гэтае пачуццё не давала спакою, Ігар Пракопавіч не знаходзіў сабе месца. Да ўсяго страшэнна назаляў Сурміла са сваім ідыёцкім аптымізмам і недарэчнымі прапановамі разам павячэраць пасля сходу.
— Аляксандр Уладзіміравіч, — папрасіў ён, каб хоць па нейкі час адкараскацца ад Сурмілавай апекі.— Схадзіце паглядзіце, як збіраюцца людзі...
У Сурмілавых вачах з’явілася пытанне і палахлівае здзіўленне, аднак, не дачакаўшыся больш ніякіх тлумачэнняў, паслухмяна выйшаў, здагадаўшыся, мусіць, што яго проста справаджваюць з вачэй.
Дзевяцень адразу ж кінуўся да тэлефона. Радзевічаў нумар не адказваў. Ага-а, Радзевіч жа паехаў у вобласць — паклікалі тэрмінова на нейкую нараду. Мо пазваніць Чыжэўскай? Гэта яна больш за ўсіх насілася з Сурмілам, як з пісанай торбай...
Другі сакратар райкома партыі Галіна Пятроуна Чыжэўская моўчкі выслухала яго інфармацыю, занепакоена спыталася:
— Ты лічыш, што гэта сур ёзна?
— Думаю, так. Сурмілу, пэўна, праваляць...
Трубка напружана замоўкла.
— Што б там ні было, а ты павінен касцьмі легчы, а лінію правесці! — нарэшце ачомалася Чыжэўская.— Мы не можам стварыць прэцэдэнт!..— Голас у яе быў напорысты, рашучы. Яна заўсёды такая: каб толькі было па ёй, калі што надумае: здаецца, і не ведае, што такое сумненні, што такое адступіць. Нават дзіўна: як у гэтым кволым стварэнні можа жыць такая крутая, непахісная мужчынская хватка? А зрэшты... А зрэшты, у яе ужо і ад жаночага нічога не засталося — не жанчына, а проста кіруючы таварыш.
Дзевяценю па-чалавечы шкада Чыжэўскую, шкада ўсіх, як яна, жанчын-адзіночак, што па волі лёсу трапілі на свае кіруючыя пасады, праз якія так і не займелі свайго бабскага шчасця. I прывабнасцю многіх бог не абдзельвае, і нявесты відныя, а не асабліва знаходзяцца смельчакі, каб, страціўшы галаву, кідацца ў залёты. Ды і кіруючым нявестам гэтыя залёты быццам бы не з рукі: што скажуць, што падумаюць людзі, чаго добрага, папаўзуць плёткі. Бягуць гады, сплываюць апошнія шанцы, і як ні храбрыцца тая ж Чыжэўская, а глянеш у вочы — у іх туга, глухая, няўцешная, адчайная, а перад святамі i выхаднымі — асабліва. I нічога не паправіш, нікому не паскардзішся... Неяк у кампаніі на свята пасля выпітага залпам бакала віна Чыжэўскую пацягнула на шчырасць, потым пажартавала горка: калі б жанчыны ўздумалі пратэставаць, яна першая выйшла б з заклікам: «Далоў эмансiпацыю!» Жарт жартам, а і на самай справе наўрад ці хто пазайздросціць лёсу Чыжэўскай, лёсу ўсіх старых дзевак, якія, пэўна, ні разу і не адчулі сябе жанчынамі.
I праўду, мусіць, кажуць: няма злей асенняй мухі і дзеўкі-векавухі. Неўрастэнічнасць, зацятая, безразважлівая ўпартасць, здаецца, ужо сталі натурай Чыжэўскай, часта проста раздражняюць Дзевяценя, ды і не толькі яго аднаго...
Выслухаўшы ў трубцы доўгую натацыю ад Чыжэўскай, Дзевяцень, ледзьве хаваючы прыкрасць, сказаў:
— Ды не магу я прымусіць людзей падымаць рукі за Сурмілу!
— У цябе ёсць пастанова бюро! Ты абавязаны! Ты не маеш права! — кіпела яна.
— Ведаю!
Дзевяцень і сам быў не рады, што пазваніў Чыжэўскай,— мог і без званка прадбачыць яе рэакцыю, ведаць, што яна скажа. Падумае, пазваніў, каб перастрахавацца, распісаўся ў сваёй слабасці, скажа... Сама б прыехала! Хацеў бы паглядзець, што яна зрабіла б... Зрэшты, мо яшчэ ўсё абыдзецца, мо дарма ён кідаецца ў паніку? А не абыдзецца — таксама невялікая бяда. Людзі ведаюць, каго ім выбіраць, каго — не. Бюро райкома, у рэшце рэшт, можа толькі рэкамендаваць, а прымушаць, сілком навязваць калгаснікам старшыню не мае права...
Першае, што кінулася ў вочы, як толькі зайшлі ў залу, што яна бітком набіта — яблыку няма дзе ўпасці. Іх з’яўленне было ўспрынята насцярожана, з падазрэннем. Сурміла, як і належыць старшыні, падняўся на сцэну, пастукаў пазногцем па мікрафоне, патрабуючы ўвагі. Ён паспеў супакоіцца, быў салідны, афіцыйны. Адчувалася, ён і думкі не дапускае, што можа здарыцца нешта. А мо проста не падае выгляду?
Читать дальше