У першым радзе перад самай трыбунай нехта запляскаў у далоні, аднак ніхто яго не падтрымаў, і гэтае адзінокае плясканне было трохі недарэчным, нават смешным, рабілася ўсё больш нясмелым і ніякавата заціхла.
У зале лягла магільная цішыня. Дзевяцень глядзеў налева, направа — і нічога пе мог зразумець. Цішыня была дужа няўтульнай, рабілася гнятлівай. Ён не збіраўся гаварыць яшчэ нешта, але сам таго не жадаючы, мусіць, каб разрадзіць атмасферу, раптам пачаў на ўсе лады хваліць Сурмілу як маладога, адукаванага спецыяліста, кандыдата навук, добрага арганізатара, спахапіўся: а хваліць Сурмілу якраз і не трэба было б, і ўвогуле, ён загаварыўся, занесла, стаў крывіць душою. Але і ці той выпадак, каб пачаць з крытыкі Сурмілы?! Тым не менш, паправiуся — стаў гаварыць пра Сурмілавы недахопы, а сам ліхаманкава блукаў па спахмураных, насцярожаных тварах, спатыкаўся па халодных, недаверлівых позірках, ні ў адных з іх не знаходзячы ні адабрэння, ні падтрымкі. Гэта быў рэдкі, выключна рэдкі выпадак, калі ён не знаходзіў кантакту з аўдыторыяй. Сярод кіраўнікоў раёна ён лічыўся самым здольным аратарам, нават ідэолаг Антоненка не ішоў з ім ні ў якое параўнанне. Цяпер рабілася нешта незразумелае: ён намагаў усё сваё красамоўства, даўно сказаў больш, чым думаў гаварыць, патраціў прызапасеныя для агульнага сходу фразы і павароты (не любіў паўтарацца), а ў зале было ледзяное, адчужанае маўчанне. Такога з ім яшчэ ніколі не здаралася. Апаноўваў незразумелы страх, нейкая асуджанасць.
— У мяне ўсё, таварышы. Прашу выказвацца...— Таропка пайшоў да століка на сцэне, за якім сядзелі Сурміла, Клімовіч і эканаміст, таксама выбраная ў прэзідыум.
Эканаміст нешта пісала для пратакола, Сурміла сядзеў насуплены, ні адзін мускул не варухаўся на яго гладка паголеным твары. Толькі лысіна на галаве-стаўбуне, не па гадах ранняя лысіна пакрылася ружовымі плямамі, што выдавала яго хваляванне. Клімовіч апусціў галаву, не ведаючы, куды падзець рукі. Дзевяцень прыкінуў: ні адзін з іх як прамоўцы нічога не вартыя — хай трохі ачухаюцца, хай выступіць хто іншы.
— Таварышы, хто хоча ўзяць слова? — прыўстаўшы за столікам, запытаў ён і схамянуўся: а сход-то вядзе Клімовіч!
Ахвотнікаў выступаць не было. У зале па-ранейшаму вісела насцярожанае, наэлектрызаванае маўчанне.
«Вядзі сход»,— шапнуў Дзевяцень Клімовічу.
Той без асаблівай ахвоты, але паслухмяна ўстаў з месца, нейкім пустым, траскучым голасам пачаў:
— Таварышы, прашу выказаць свае адносіны да ўзбуйнення калгасаў і вылучэння на пасаду старшыні таварыша Сурмілы, Аляксапдра Уладзіміравіча, як нам рэкамендаваў па даручэнню бюро райкома партыі таварыш Дзевяцень Ігар Пракопавіч...
Прайшла хвіліна, другая, трэцяя, а ў зале была цішыня.
— Хто выступіць першы?
Маўчанне рабілася гнятлівым.
— Лявончык, мо ты скажаш? — глянуў на таго, хто апладзіраваў перад трыбунай, Клімовіч.
— Не-е...— збянтэжана, нават спалохана замахаў рукамі той.
— То хто выступіць? Прашу, таварышы, актыўнасць!
Было падобна, што і на самай справе выступаць ніхто не збіраецца, глядзяць на Сурмілу: хай ён кажа!
— Аляксандр Уладзіміравіч,— нахіліўся Дзевяцень.— Бяры слова...
Сурміла павольна і салідна ўстаў з месца, правёў па зале сярдзітым, строгім позіркам, выйшаў за трыбуну, пастаяў хвіліну, яшчэ больш напальваючы атмасферу, потым ненатуральным, казённым голасам пачаў:
— Таварышы! Дазвольце мне ад вашага імя выказаць вялікую падзяку бюро раённага камітэта партыі, выканкому раённага Савета народных дэпутатаў, а таксама партбюро, усім камуністам нашай партыйнай арганізацыі за высокі давер, які мне аказаны...
— А мы вам яшчэ не аказвалі даверу! — як стрэл, як гром з яснага неба, раздаўся дзёрзкі голас з сярэдзіны залы.
Па зале прайшоў прыглушаны шумок, і было відавочна, што гэты шумок не асуджае, не абураецца, а наадварот — падтрымлівае таго, хто кінуў рэпліку.
Сурміла анямеў ад нечаканасці, лысіна, твар яго налiлiся чырванню, але не прайшло і хвіліны, як пагрозліва захадзілі жаўлакі, на шыі сталі ўздувацца жылы, расціраючы каўнер моднай у пасачку кашулі. Ён нерухома глядзеў на залу і ў тую хвіліну быў падобны на раз’юшанага быка, які вось-вось кінецца, каб растаптаць, знішчыць, разарваць на шматкі, змяшаць з граззю ненавісны прадмет.— Хто-о... та-ам... нешта... хацеў сказаць?! — прамармытаў ён, бляднеючы.
Вядома, Сурміла пазнаў, хто гэта азваўся: Ганчарэвіч, заатэхнік. Во хто пісаў ананімкі! Была амаль неўтаймаваная злосць, неадольнае жаданне зараз жа тыцнуць гэтага Ганчарэвіча, як паганага шчанюка, аднак націснуў на тормаз, нутром адчуваючы, што нельга цяпер сарвацца. «Я ж з табою разбяруся пасля! Я ж табе рожкі абламаю! Вузлом завяжу — пабадаешся!» Ён стаяў нерухома за трыбунай, сваім маўчаннем усё больш і больш напальваючы і без таго выбуховую атмасферу, і ўсё выразней разумеў, што над ім згушчаецца пагроза. Імгненна, амаль аўтаматычна спрацаваў інстынкт самааховы, які падказваў: адзіны яго паратунак зараз, адзіная магчымасць выйграць — пачаць самалупцаванне, як бы гэта прыкра і балюча ні было.
Читать дальше