Прайшло з паўгадзіны, і ён захваляваўся: было падобна, што пры такіх тэмпах апельсінаў не купіць. Праз паўтары гадзіны яго чакае Радзевіч, а да гэтага трэба пабыць у бальніцы ў Апанаса — спецыяльна раней паехаў. А мо махнуць рукою на гэтыя апельсіны ды пашукаць чаго ў магазіне? Свет клінам не сышоўся на апельсінах... Але нешта ўтрымлівала выйсці з чаргі — надта ж вялікая спакуса была парадаваць Апанаса гэтымі рэдкімі ласункамі. I, у рэшце рэшт, крыўдна: прастаяў столькі і вярнуцца ні з чым... А мо пакінуць Мішу ў чарзе, самому пайсці ў райком, а пасля ўжо ў бальніцу? Разумна, так трэба і зрабіць... Мо, калі Радзевіч на месцы, удасца пагаварыць раней.
Аднак чым больш пераконваў сябе, што гэта найлепшае выйсце, тым больш разумеў, што яно непрыймальнае. Па-першае, размова ў Радзевіча, пэўна, зацягнецца, будзе непрыемнай і совацца да Апанаса з кіслаю фізіяноміяй не з рукі. Па-другое, к таму часу ў бальніцы пачнецца абед, «мёртвая гадзіна» — не прапусцяць, давядзецца чакаць да вечара. I, па-трэцяе, незразумелы неспакой за Апанаса, які пачаўся з учарашняга дня, нейкае нядобрае прадчуванне, падсвядомая няясная трывога. У апошнія гады Апанас хварэў часта, але такога, як цяпер, прадчування і трывогі ніколі не было...
Праўда, было яшчэ адно выйсце: папрасіць, каб дазволілі купіць апельсінаў без чаргі. Растлумачыць людзям, для чаго яны яму патрэбны. Але, пэўна, не адзін ён стаіць, каб аднесці гэтыя ласункі ў бальніцу... Уяўляў, што скажуць разнерваваныя кабеты, якія, пэўна, другую гадзіну тырчаць у чарзе, і спакуслівая думка прыдбаць апельсіны без чаргі стала брыдкаю. Ён любіў парадак ва ўсім, з найвялікшай пагардай ставіўся да розных спрытнюг, хто ў вялікім і малым хоча мець выгоду без чаргі, за чужы кошт.
Трэба было прымаць нейкае рашэнне, а ён усё вагаўся. Раптам ля століка прадаўшчыцы пачалося ажыўленне, пачуўся сварлівы жаночы голас:
— Мы ўсе спяшаемся! Не гуляць сюды прыйшлі!
— Чалавеку ж у бальніцу трэба...— уладным голасам прысароміла прадаўшчыца.
I перш чым ён зразумеў, што там адбываецца, ад латка, прыціскаючы абедзвюма рукамі два цэлафанавыя мяшочкі з апельсінамі, адваліў Міша. Аляксей Сцяпанавіч ад нечаканасці аж заморгаў вачыма, не ведаючы, радавацца ці гневацца. Міша з пераможным выглядам ішоў проста на яго, на увесь твар ззяла ўсмешка: маўляў, усё ў парадку, во як мы! Кунцэвіч сціснуўся ўвесь, дзіка глядзеў на Мішу, а той не мог нічога зразумець. Выскачыў з чаргі і подбегам памчаў да машыны, не заўважаючы Мішу, бы тым хацеў падаць знак, што ведаць не ведае гэтага нахабніка. Ён ішоў подбегам, а ззаду, з чаргі, здавалася, навылет свідруюць непрыязныя, ненавісныя позіркі, і прыгожыя, жаданыя ярка-жоўтыя апельсіны чамусьці раптам згубілі сваю былую нрывабнасць...
Ля бальнічных сходкаў стаяла бледная, змардаваная хваробамі жанчына ў непамерна вялікім, закінутым пала за палу халаце цёмна-сіняга колеру і карміла крошкамі вераб’ёў. Птахі жвава круціліся амаль ля самых яе ног, абутых у стаптаныя скураныя пантофлі, і на худым твары жанчыны свяцілася цёплая ўсмешка.
— Што ты за гэтых дармаедаў прынялася? — пасмешліва запытаў Кунцэвіч і падумаў: пэўна, яна вось так, самавіта, па-сялянску прывыкла карміць курэй, ссумавалася па доме...
— Так ужо і дармаедаў! — прыязна азвалася жанчына — і вераб’ёў як ветрам садзьмула на вярбу.
— Карысць-то ад іх якая, а?
— Э-э-э, чалавеча, колькі мух ды розных мошак яны нішчаць!.. Нішто на свеце не жыве без карысці...— Голас у жанчыны быў расцягнута-пявучы, разважлівы, і гаварыла яна так, быццам яны даўно знаёмыя. Пэўна, заўсёды, спаткаўшыся ў горадзе, вясковец вяскоўца здалёк пазнае па нейкіх ім толькі вядомых прыкметах, і сыходзяцца проста, без усялякіх цырымоній, рады адзін аднаму, як блізкаму сваяку, як добраму знаёмаму.— I яшчэ ведаеце, чаму мне падабаюцца гэтыя птахі?
— Ну-ну?
— Верныя яны, ніколі чалавека не пакідаюць,— з ненкім смуткам сказала жанчына.
Ого! — здзівіўся Аляксей Сцяпанавіч — яму і ў галаву не прыходзіла такое: вераб’і ды вераб’і, хто на іх калі ўвагу звяртае.
Жанчыне, відаць, вельмі хацелася, каб ён пастаяў, пагутарыў яшчэ, па праўдзе кажучы, і Аляксею Сцяпанавічу карцела распытаць, адкуль яна, што з ёю, але ў яго не было часу.
— Дзе ў вас тут тэрапія?
— Ды во там — на трэцім паверсе. Пойдзем, я правяду? -- з вялікаю ахвотай прапанавала свае паслугі жанчына.— А вы да каго?
— Ды тут аднаго знаёмага ўчора палажылі.
— Адкуль? — дапытвалася жанчына.
Читать дальше