— Колькі раз прыказваў: не чапай! — зароў на ўсю хату.— Зноў некуды засунула, ідры яе матары! — I сцішана, для сябе, дадаў: — Во, рэзус пракляты!
Ён паняцця не меў, што гэта такое рэзус, ведаў толькі: нешта медычнае, абразлівае. Усе яго дзесяціпавярховыя з пералівамі мацюкі адскоквалі ад жонкі, як гарох ад сцяны, толькі не «рэзус». Большай абразы яна не ведала, пасля «рэзуса» заўжды — хоць на ферме днюй-начуй. Таму асцерагаўся гэтага «рэзуса», які б злы ні быў. Гэты «рэзус» яе дапякаў таму, што былі бяздзетныя. Не тое што бяздзетныя: дзевяцера альбо нараджаліся мёртвымі, альбо паміралі на другі-трэці дзень, так ніводнага выхадзіць не ўдалося. Урачы сказалі, што ў яе не той рэзус. Таму і лютавала, пачуўшы тое праклятае слова.
Не знайшоўшы чаго трэба, разгневаны, выскачыў на ганак і гукнуў ва ўвесь двор:
— Дзе медале падзела, ідры тваю матары!
— Чаго равеш, як бугай! — сварліва азвалася з гумна старая і, выглянуўшы, убачыла яго ў святочным касцюме, спалохана ўспляснула рукамі, занепакоілася.
— Ты кудысь сабраўся?
— Не тваё дзела! Дзе медале падзела, ідры т-тваю матары?!
Гэта яшчэ больш насцярожыла старую. Падышла і, гледзячы дапытліва, запыталася:
— А кудысь усё-такі ты сабраўся, скажы?
— У раён...— важна і таемна адказаў Адась.— Ты дзе мае медале падзела?
— А на якую пранцу тыя медале табесь? — нічога не разумела старая.
— Да райкому пайду! — важна аб’явіў Адась.
— Чагось ты там згубіў?
Адась разумеў: тое, што ён задумаў,— не бабскага розуму справа, аднак яго распірала ад нецярпення некаму сказаць, з некім падзяліцца — хай ведаюць, які ён смелы!
— Ляксея Купцэвічавага праганяюць, то паеду пагавару з райкомам, ідры яго матары — важна надзьмуўся Адась.— Хай не смеюць! А то яшчэ тога піліпавіцкага ахламона ўздумаюць прыслаць...
— Э-эй...— адразу ж страціла цікавасць Адасіха.— Нехта цябесь, старога дурня, будзесь слухаць...
— Цыц! Не твайго розуму дзела! — ускіпеў Адась.— Давай медале!
— Там, у скрынцы! — і дадала здзекліва: — То мо і мае навесіш, і бацькавы георгіеўскія крыжы — тадыка можась і паслухаюць...
— Ты-ы-ьт...— збляднеў Адась, кінуўся да стала, адчыніў шуфлядку, выграб са скрынкі ўзнагароды, сунуў у кішэню і кінуўся да выхада.
— Паеш хоць...— прымірэнча кінула Адасіха.
Ён спыніўся на парозе, глянуў пагардліва, мацюкнуўся, са злосцю бразнуў дзвярыма і, разнерваваны, пакалдыбаў па вуліцы, абапіраючыся на сваю кульбу...
7
Усю дарогу Кунцэвіч сядзеў засяроджаны, хмуры, маўчаў. Шафёр Міша бесперапынку расказваў нейкія свае байкі, намагаючыся «разварушыць шэфа», адцягнуць ад маркотных думак. Гэтых баек і розных гісторый у Мішы бясконцае мноства, невядома, дзе ён іх бярэ, пэўна, сам выдумляе. Іншы раз ён да колікаў забаўляе Кунцэвіча, і тады дарога здаецца карацейшай: не паспееш і агледзецца, як на месцы.
Зараз ён не слухаў Мішу. Байкі яго былі не смешнымi, нават прыдуркаватымі. Але не спыняў: хай трашчыць сабе, менш будзе прыставаць з рознымі пытаннямі. Ён любіць свайго шафёра, сам не ведае за што, але любіць. Міша хлопец не дурны, хоць трохі і балбатун, што, вядома, не ўпрыгожвае мужчыну, але машыну даглядае добра, не кідаецца ў паніку, знойдзе выйсце з любой сітуацыі. Неяк зімою прыхапіла ў дарозе такая кудаса, што трактары сядзелі ў гурбах, а Міша звярнуў на поле — і наўпрасткі, па цаліку, выехалі. Думаў, усё: тэпаць вёрст дзесяць, а тут аж пад хату прыехалі. Ас! Праўда, не заўсёды гладзіць па галоуцы Мішу, калі трэба, дае ого якога наганяю, асабліва калі без дазволу на машыне зрываецца куды-небудзь. У апошні час улёг у Селішча да Батуравай дачкі. Што ж, яно дзела маладое, але нашто машыну ганяць, калі да тых Селішчаў усяго вярсты тры? Старыя і то гэта за дарогу не лічаць, а ён... Бывае, спатрэбіцца да зарэзу, як учора, напрыклад, а яго — шукай ветру ў полі. Як завезці ўчора Апанаса ў бальніцу, каб не Лазовік аказаўся выпадкова? Во цяпер, пэўна, таму і паддобрываецца, віну сваю чуе, байкамі зубы загаворвае. А варта было б гіцлю запусціць вожыка ў парткі, каб ведаў. Але лаяць Мішу не было настрою...
Уехалі ў горад. Заўважыўшы, што з латка ля прадуктовага магазіна прадаюць апельсіны, Кунцэвіч схамянуўся, загадаў Мішу спыніцца. Выйшаў з машыны і прыладзіўся ў хвост чаргі. Чарга рухалася марудна. Адчувалася, шмат хто заўважыў апельсіны знячэўку, не меў ні сумкі, ні сеткі, ні нават цэлафанавага мяшочка, таму прадаўшчыца траціла шмат часу, робячы кулькі з газет. Гэтыя кулькі распаўзаліся, як толькі клала на вагу, буйныя ярка-жоўтыя з чорненькімі ромбікамі «марок» апельсініны вывальваліся на стол, а то і скочваліся на зямлю, падымала адзін — падала два. Словам, не работа, а адна марока. Чарга нервавалася, сыкала на тых, хто прыйшоў з пустымі рукамі. Таксама парадкі, падумаў Кунцэвіч, не маглі дадумацца даць прадаўшчыцы клееныя капшукі альбо цэлафанавыя мяшочкі — нябось, у магазіне гэтага дабра навалам.
Читать дальше