Кунцэвічава хата некалі на тры гады замяніла яму бацькоўскі дом — тут ён жыў, працуючы пасля інстытута аграномам, і быў у Кунцэвічаў амаль за сына, пакуль не прыглянулася тутэйшая фельчарка Валя, цяперашняя Валянціна Іванаўна, яго жонка.
Тут мала што перамянілася з тых часоў. Усё тая ж, на тым месцы, мэбля, што даўно выйшла з моды, нават шпалеры, здаецца, таго ж колеру, хоць у гаспадыні цвёрдае правіла — штогод вясною рабіць капітальную чыстку, куды ўваходзіць і абклейка сценаў свежымі шпалерамі! Хіба толькі на кухні з’явіўся беленькі гарнітур са шматлікімі шкапчыкамі і халадзільнікам ды замест керагаза стала газавая пліта на чатыры камфоркі.
Размова не хацела клеіцца, і гаспадар прапанаваў уключыць тэлевізар.
Ішла нейкая сумная перадача, аднак цярпліва глядзелі, абое разумеючы, што не тое іх цікавіць, не тое іх хвалюе. Лазовіку карцела неяк вярнуцца да гаворкі, якая абарвалася ў машыне, калі ўехалі ў вёску, але разумеў: для той гаворкі мусіць быць адпаведны настрой, а такога настрою ў Кунцэвіча цяпер няма.
На ўвесь экран з’явіўся мужчына з прэсным, трохі спалоханым тварам, гундосліва стаў чытаць па паперцы, і можна было падумаць, што і сам не разумее, што чытае. Ён быў падобны не на жывога чалавека, а на муляж, манекен, якімі ўпрыгожваюць вітрыны магазінаў «Адзенне». Слухаць яго было невыносна.
А на кухні сквірчэла, смажылася. Пацягнула спакусліва-смачным, дражніла, узбуджала люты голад.
Ляснула калітка, пачуліся частыя, таропкія крокі за сцяною. Кунцэвіч насцярожыўся: каго там нясе? Праз хвіліну скрыпнулі дзверы, з кухні данеслася прыглушаная жаночая гамонка. A-а, Марта Бакун, пазнаў Кунцэвіч, супакойваючыся, што прыйшлі турбаваць не яго. Але неўзабаве адчыніліся дзверы, і Марта нясмела ступіла ў святліцу. Нешта здарылася, калі не пасаромелася заходзіць, ведаючы, што тут чужы чалавек, можна сказаць, госць, падумаў Кунцэвіч. Аб тым, што нешта здарылася, сведчыў і Марцін твар, устрывожаны, заклапочаны. Няўжо з Апанасам?!
Марта пачціва кіўком галавы паздароўкалася з Лазовікам, моўчкі просячы прабачэння за сваё ўварванне, са спалохам глянула па Кунцэвіча.
— Што здарылася? — На Кунцэвічавым твары мільганула трывога.
— Ды з Ананасам кепска, Сцяпанавіч. Дахторка кажа — у раён трэба як хутчэй...
Апанас, як звычайна, перанасіў хваробу на нагах, ды на гэты раз так узяло, што ўклалі ў пасцель. У яго заўсёды к вясне і восені дае знаць пра сябе гэтая ангіна, якая, урачы кажуць, і падтачыла сэрца.
— Што з ім? — нецярпліва спытаўся Кунцэвіч, прыгадваючы, што сёнпя, прыехаўшы з раёна, збіраўся наведаць Апанаса.
— А хто ж яго ведае! Дахторка кажа: срочна ў бальніцу...
— Ну й трэба вязці! — падхапіўся з месца Кунцэвіч.— Ты ў гараж збегай, скажы Мішу, каб завёз...
— Была, была! I ў гаражы была, і ў канторы — нямашака ні твайго Мішы, ніякай ніводнай машыны нямашака...
— Дзе ж ён падзеўся? — яшчэ больш занепакоіўся Кунцэвіч.— От, гіцаль! Я ж яго зранку адпусціў! Галаву адарву! От жа круцель!
— Эдзік падвязе! — выручыў Лазовік.
Кунцэвіч паглядзеў на яго з удзячнасцю і няўпэўнена запярэчыў:
— То Эдзік толькі з дарогі, ды і ў машыне нешта корпаецца, нат у хату не схацеў ісці — мо што сапсавалася... То калі што, хай пад’едуць пашукаюць Мішу мо?
— Нічога-нічога! Машына спраўная, дарога невялікая. Завязе!
— То дзякуй табе... вам, Іван... I табе, Сцяпанавіч, дзякуй...— усхліпнула Марта.— Ах, божачкі, каб чаго благога і ўпраўду не было...
— Ну-у, ужо і ў слёзы! — напусціў на сябе сярдзітасць Кунцэвіч.— Шмат твая фельчарка панімае! Во, звозiм, урачы паглядзяць, пілюль прыпішуць і назад адправяць. Бы першы раз! А ты мне, браце мой, у паніку!
— Каб даў жа бог! — трохі ўзбадзёрылася Марта і паспешліва выйшла з пакоя.
Кунцэвіч ніяк не мог супакоіцца, адчувалася, што яго трывожныя думкі зараз ля хворага Апанаса — Лазовік добра ведаў пра іх дружбу.
— Аляксей Сцяпанавіч, то мо схадзіце, ці мо давайце разам сходзім? — прапанаваў ён.
— Ды не-е...— няёмка памяўся Кунцэвіч.— Нічога там страшнага не здарылася, яны, бабы, заўсёды пераболыпваюць, кідаюцца ў паніку...
I зноў павісла няёмкае, трохі напружанае маўчанне.
Той, муляж, у тэлевізары адгундосіў сваё, пачаліся мультфільмы. Гэта было цікавей. Знакаміты воўк ганяўся за зайцам, ніяк не мог сцапаць лапавухага...
У святліцу нарэшце зайшла цётка Алёна і запрасіла да стала.
Стол быў устаўлены такімі прысмакамі, ад якіх у галоднага Лазовіка аж слінкі пацяклі. Пакуль гаспадар скручваў і ніяк не мог управіцца з коркам на бутэльцы, не ўтрываў — накалоў на відэлец кавалачак сялянскай каўбасы, якую, бадай, ніхто так смачна не ўмее рабіць, як цётка Алёна, і адкусіў палавінку.
Читать дальше