— То вы за прымус ці супроць прымусу? — падкузьміў Лазовік.
— Прымус прымусу розніца, браце мой! — не схацеў прымаць яго тону Кунцэвіч.— Ты спачатку дакажы, пераканай — тады і прымушаць не спатрэбіцца. Добры гаспадар за ўсё вартае дзвюма рукамі ўчэпіцца, прыкіне, што к чаму. А не хоча дзвюма рукамі чапляцца, лянуецца мазгаўніцай варушыць — гані такога паганаю мятлою! Во для чаго, пa-мойму, і тваё ўпраўленне існуе, а не для таго, каб камандаваць: сей столькі працэнтаў, сей сёння, а не заўтра. Вас, браце мой, было, трохі асадзілі, а цяпер зноў берацеся за сваё. Я даўно-о, браце мой, хацеў цябе раскрытыкаваць за гэта, то во якраз слухай напаследак. Скажы, няўжо вам з раёна лепей відно, дзе, калі, як і колькі сеяць? А на добры розум, ты мне павінен сказаць так: прадавай жыта столькі, мяса, малака — столькі, а я ўжо сам буду мазгавешкай варушыць, як сеяць, што сеяць, калі сеяць, каб прадаць усё, чаго ад мяне патрабуюць. А калі не прадам, спытай па ўсёй строгасці: ты чаму, сукін сын, даведзенага плана не выконваеш? I гані пад паганую мятлу, калі што. А то што ж гэта палучаецца, браце мой? На якую ж трасцу старшыня, аграномы, заатэхнікі, інжынеры, брыгадзіры ў калгасе, калі ўпраўленне ўсім камандуе?
Зайшла Алена Пятроўна, і Лазовік узрадаваўся яе прыходу — не трэба будзе адказваць на няпростае Кунцэвічава пытанне, хоць, канечне, адказаць на яго і не так ужо складана: стары глядзіць на свет толькі са сваёй званіцы, а са сваёй званіцы ўсяго свету не ўбачыці, як бы не глядзеў.
— Ну, як вы тут? — дала знаць пра сябе гаспадыня.— Мо падрэзаць ці падаць яшчэ чаго?
— Ой, што вы, цётка Алёна! — шчыра запратэставаў Лазовік.— Ды тут можна цэлае вяселле накарміць! Пасядзіце з намі...
Кунцэвіч зыркнуў на яе незадаволена, даючы зразумець, каб не перашкаджала, не мела звычкі назаляць, калі мужчыны вядуць сур’ёзную гаворку,— да такіх размоў, якая завязалася зараз, нават пры жонцы ён дужа не ахвотнік.
— Ага, Ляксей, каб не забыцца: тут з канторы прыбягала Хведарава дзеўчына сказаць, што з райкома званілі, клічуць цябе заўтра на дванаццаць да Радзевіча.— Алена Пятроўна паглядзела заклапочана, нават падазрона.— Чаго гэта ты спатрэбіўся кожны дзень?
— Мала чаго! — незадаволена буркну ў Кунцэвіч...
6
Яшчэ з вечара ад хаты да хаты ў Забор’і папаўзлі трывожныя чуткі, а раніцай пра аб’яднанне калгасаў гаварыла ўся вёска. I праўду кажуць: калі хочаш даведацца, што робіцца ў тваёй вёсцы,— пайдзі распытай у суседняй. Звестку пра аб’яднанне прынесла з Піліпавіч (у яе там дачка замужам) Тэкля Канцавая. Тэклю ведалі як бабу не языкатую, таму вестку прынялі з даверам. Прыгадалі, што, мусіць, не выпадкова ўчора Кунцэвіча выклікалі ў раён і яго адтуль прывёз на сваім легкавіку былы аграном Лазовік, які цяпер ходзіць у вялікіх начальніках. Аднекуль прасачылася, што і сёння Кунцэвіча паклікалі ў райком. Канечне ж, гэта не проста так...
Словам, розных здагадак і меркаванняў было больш чым трэба, вёска гула, як растрывожаны вулей. Болей за ўсё трывожыла, палохала, што старшынёю можа быць і, пэўна, будзе Сурміла. Хто паціху, хто ў поўны голас пра Сурмілу расказвалі розныя жахі — ніхто пра яго добрага слова не чуў.
— Не выберам — і ўсё! — запальчыва і самаўпэўнена гаварыў кожнаму аграном Валодзька Бакун — Ананасаў сын.— Няма такога права, каб сілком уперлі!
За яго словамі была быццам і праўда, аднак мала хто верыў, што можна не выбраць старшынёю таго, каго скажуць з раёна — не чуваць было, каб такое дзе-небудзь здарылася, хоць старшынь у суседніх калгасах мянялі нямала. I каб гэта гаварыў хто-небудзь іншы, сталы чалавек, а не Валодзька, то мо і можна было б паверыць. Валодзька каго хочаш, нават бацьку роднага, здольны падвесці пад дурнога хату. У Забор’і яшчэ не забыліся пра яго колішнія фокусы з папом...
Пасля дзесяцігодкі Валодзька нікуды не паступаў і ў калгас не пайшоў, а паехаў шукаць рамантыку недзе на цаліну. Вярнуўся ў Забор’е аж праз чатыры гады, пацішэлы, з доўгаю грывай. I адразу ж, на здзіўленне ўсім, зачасціў да мясцовага папа. Сыдуцца, сядуць на лаве пад грушаю ў папоўскім садзе і пра нешта гавораць дапазна.
— Што табе, прыяцеляў мала?! Знайшоў таварыша! — аж збялеў Апанас.— Каб нагі больш там не было! Людзі смяюцца!
— А мне з ім цікава пра жыццё-быццё пагаманіць...— загадкава адказваў Валодзька.
— Я т-табе дам «цікава»! — накідваўся з кулакамі бацька.
Тым не менш, не дзейнічала. Сталі пагаворваць: калі ўжо не вучыцца, то, мусіць, збіраецца вучыцца Апанасаў хлопец на папа — хлеба лёгкага захацеў. Валодзька не пацвярджаў, але і не абвяргаў гэтых чутак. Потым аднойчы зайшоў у кантору да Кунцэвіча і папрасіў выдаць яму даведку.
Читать дальше