— Вы ўяўляеце, якая тэхніка заутра прыйдзе на сяло, які пераварот зробіць у агратэхніцы і тэхналогіі...— Схамянуўся: ды гэтую лекцыю стары і без яго чуў!
Кунцэвіч прапанаваў выпіць, і Лазовік уздыхнуў з палёгкаю.
Зноў нейкі час маўчалі, закусваючы.
— Гляджу я на ўсё, Іван, і часта думаю,— адклаўшы відэлец убок, задуменна пачаў Кунцэвіч.— Вы, маладыя, надта любіце пагаварыць, нават пафарсіць слоўцамі «аўтаматызацыя», «механізацыя», «індустрыяльная аснова», «хімізацыя» і рознымі там яшчэ, бы мы, пажылыя, такія дурні, што за саху ды вілы трымаемся, навуцы і тэхніцы падножкі ставім, не петрым, што гэта такое і з чым яго ядуць, гэты навукова-тэхнічны прагрэс. Не-е, браце мой, не такія мы ёлупні, каб супроць прагрэсу, механізацыі, хімізацыі выступаць. Нас непакоіць, ой як непакоіць толькі адно: каб гэтая хімізацыя душы сялянскай не вытравіла...— I, заўважыўшы запытальны Лазовікаў позірк, растлумачыў: — Мужыка ад зямлі адбіваем — во што страшна. Для сяго-таго зямля ўжо не маці-карміцелька, а мачыха, далёкая сваячка. Во ўчора ў газеце пісалі, што недзе кароў з горада па чарзе ездзяць даіць. У нас, дзякаваць богу, пакуль што не дайшло да гэтага, але дойдзе, папомніш мяне, старога дурня, што дойдзе, калі возьмуцца гаспадарыць такія, як Сурміла. Паглядзі, што нарабіў! Талковых брыгадзіраў павыганяў, панабіраў розных свістуноў. Адну, кажуць, сілком з горада прыцёг, сакратаркаю недзе сядзела. Людзі смяюцца, плачуць людзі ад бесталкоўшчыны. А вы ўра, ура! У «Гіганце» ўсе кадры сярэдняга звяна — спецыялісты! Яны, гэтыя спецыялісты, толькі і спецыялісты нерваваць людзей, ахвоту да зямлі адбіваць. Во табе і прагрэс! Нас, старых, браце мой, і хвалюе, каб вы не дайшлі да такога сораму, што кароў трэба ездзіць даіць з горада, каб з гэтаю меліярацыяй не дакаціліся да пустыні. Мы па сваей дурасці шмат напаганілі на зямлі, колькі рачулак, колькі хараства загубілі. Хочацца, каб вы былі разумнейшыя. Верыш ці не верыш, Іван, але заўсёды, калі лезуць знішчаць якую рэчку ці балотца, хочацца крычаць на ўвесь свет: людзі, спыніцеся, падумайце, што вы робіце! Ты ж ведаеш, я пра гэта не раз на ўвесь раён казаў... Ды гэтых сурміл і блізка нельга падпускаць да сялянскай справы, а вы! — Ён захваляваўся і, павагаўшыся, нясмела запытаў: — А мо мне ў абком паехаць? Расказаць пра ўсё — мо каго другога паставяць? Як ты думаеш?
— Не ведаю...— ухіліўся Лазовік.
— Толькі трохі няёмка: падумаюць — пра старшынства сваё клапачуся. Могуць так падумаць, праўда?
Лазовіку хацелася сказаць: і ніхто так не падумае, едзьце, але не сказаў, ён не мог гэтага сказаць. I не тое, каб баяўся лезці на ражон з Радзевічам, не! Зараз не было такога страху. Проста было брыдка: Кунцэвіч паедзе даказваць, а ён, хто мае куды больш важкі голас, змаладушнічаў, схаваўся за спіну старога чалавека! У тую хвіліну ён ненавідзеў сам сябе, а сорам усё разрастаўся, паліў, даводзіў да адчаю, разам з тым ачышчаў, уліваў рашучасць, рабіў сільным, і ён ужо ведаў, што заўтра скажа ўсё Радзевічу, пакіне за сабою права звярнуцца ў абком, магчыма, нават вышэй, калі спатрэбіцца. Ён дакажа, што рана яшчэ спісваць Кунцэвіча, што Сурміла загубіць калгас, што трэба глядзець на чалавека не па званиях і амбіцыях, а па яго сутнасці. I на душы рабілася лягчэй, спадаў нейкі цяжкі, гнятлівы цяжар, станавілася проста, лёгка, нават весела.
— Аляксей Сцяпапавіч,— казытнула свавольная думка. -- Няўжо і праўда вы ніколечкі не шкадуеце, што не будзеце старшынёю? Толькі шчыра?
Кунцэвіч паглядзеў на яго дапытліва і трохі паблажліва, адчувалася, ён не зусім разумее прычыну раптоўнай перамены Лазовікавага настрою.
— Хм! А чаго мне шкадаваць? — Усміхнуўся хітра.— Што меў ад гэтага старшынства? Hi дня, ні ночы спакою, вечную згрызоту, дзеці ад рук паадбіваліся і дзве вымовы па партыйнай лініі...— і, вытрымаўшы паўзу, з тою ж хітрасцю дадаў: — Ты ж помніш: адну — за кукурузу, другую — за сянаж...
«От стары хітрун! — усміхнуўся Лазовік.— Быццам нехта і паверыць, што яму не даюць спакою тыя дзве даўнія вымовы, якія даўным-даўно ўжо зняты. Бы і праўда, што ён больш за ўсё жадаў спакойнага жыцця! Не-е, Аляксей Сцяпанавіч, колькі б ні кляў ты свой лес, а іншага і сам не пажадаў бы. Так што расказвай свае казачкі каму-небудзь. Хто-хто, а я наскрозь бачу, чаго варта тваё бурчание...»
— Во так, браце мой, Іване! Два «страгачы» — гэта не дзве цукерачкі...— і, мусіць, заўважыўшы Лазовікаў недавер, перамяніў тон: — А цікава, браце мой, палучаецца... Нават смешна палучаецца: гэта я, злосны траваполыпчык, стаў заядлым кукурузнікам! — Ён заводзіў размову ўбок, і Лазовік рашыў не перашкаджаць яму.— Тады на радасці пазводзілі яе, гэтую «каралеву палёў», а я сабе сею і сею. Летась пяцьдзесят гектараў было. Ажно дзіва: і земляў лепшых не выбіраем, і камісіі з рулеткамі не ездзяць, а расце, як лес. — Падумаў, усміхнуўся: — Мусіць, яна, гэтая «каралева палёў», браце мой, у іншым дужа далікатная — прымусу не любіць... А хто, зрэшты, калі разабрацца, той прымус любіць! Ніхто... Пад прымусам — што ўбіў, тое і ўехаў, і ўсё роўна далёка не заедзеш...— Зноў задумаўся, усміхнуўся сам сабе.— Хоць, халера ж яго ведае: бывае, што і без прымусу далёка не паедзеш... Мне некалі за сянаж вымову ўляпілі. Падурэлі, думаў, дзе ж гэта хто бачыў, каб сырую траву ў яму класці! Гэта усё роўна, што ў магілу корм завярнуць. Да вучоных людзей, як ведаеш, я з павагай стаўлюся, а тут падумаў, што і ад вялікай вучонасці, бывае, некага заносіць. Хоць забі, не верыў, думаў, які новы загіб-выкрунтас. А цяперака паспрабуй хто скажы, што трава не ўлежыць!
Читать дальше