Ён пазнаў цёмныя абрысы Бажонскай бальніцы, пад'езд з такой яркай электрычнай лямпачкай, што ажно рэзала ў вочы; людзі спакойна прыходзілі і выходзілі, нейкі высокі малады чалавек у белым халаце выглядаў так, нібы насміхаўся над цэлым светам.
Хіба Мэгрэ не ведаў, што гэта проста ардынатар? Пакуль медсястра выстрыгала Мэгрэ на макаўцы валасы, практыкант плёў ёй усялякае глупства. Дзяўчыне надзвычай пасаваў белы халат. Па тым, як яны пераглядваліся, Мэгрэ зразумеў, што медсястра і ардынатар былі закаханы адно ў аднаго.
Ён з усёй сілы стрымліваўся, аднак яго званітавала - ад эфіру.
«Гэта ёй навука», - падумаў Мэгрэ.
Навошта яго прымушаюць піць? Ён не хоча піць. Яму неабходна падумаць. Хіба паліцэйскі-веласіпедыст не сказаў ім, што Мэгрэ - дэтэктыў і яму даручана выключна сур'ёзная справа?
Ніхто не верыў яму. Вось у чым загана камісара паліцыі. Мэгрэ сам, ён здольны ісці, ён не хоча, каб яго неслі! І мадам Мэгрэ - не лепшая! Чаму гэта яна, похапкам сцелючы пасцель, разрагаталася?
Не пярэчце, не пярэчце, яна смяялася! Гэткага нервовага смеху ён яшчэ не чуў.
Хіба ён мог паводзіць сябе іначай? Дайце яму падумаць. Падайце аловак і паперу. Не мае значэння, які-небудзь шматок паперы. Дзякуй.
Уявіце, што гэта лінія - вуліца Шапталь... Яна вельмі кароткая... Добрая... Трошкі за гадзіну ночы, і анікога на вуліцы...
Выбачайце, ёсць Дэдэ, за рулём свайго шэрага аўтамабіля. Заўважце, Дэдэ не заглушыў матора. Чаму? Мажлівы дзве прычыны гэтага. Першая: што ён спыніўся толькі на некалькі хвілін. Другая, што ён намерваўся рушыць з месца без ніякіх затрымак. Бо машыну, асабліва калі халаднавата - а ў красавіку ночы даволі золкія, - цяжка завесці з першага абароту.
Не перабівайце, калі ласка! Вось гэта лінія, значыць, вуліца Шапталь. А маленькі квадрацік на ёй - дом Бальтазараў. Так-так, Бальтазараў - гэтае прозвішча болей адпавядае ісціне, чым прозвішча Жандро. Урэшце, усё гэта - сям'я Бальтазараў, грошы Бальтазараў, драма Бальтазараў.
Раз машына Дэдэ стаіць ля гэтага дома, значыць, ёй трэба стаяць тут. Чаму? Хутчэй за ўсё, у ёй прыехаў граф і павінен паехаць у ёй назад.
Справа дужа сур'ёзная. Не перабівайце... І ні да чаго класці яму на галаву немаведама што! Як і гатаваць вар на кухні! Ён выдатна чуе, як на кухні кіпіць вада. Няма чаго рабіць, дык кіпяцяць ваду, а гэта, урэшце, раздражняе, замінае думаць.
Ці граф наведваўся да Эліз калі-небудзь у суправаджэнні Дэдэ? Як важна было б ведаць гэта! У процілеглым выпадку, гэты візіт а гадзіне ночы быў візіт спецыяльны, з нейкай акрэсленай мэтай.
Чаму мадам Мэгрэ разрагаталася? Чым ён гэтакі смешны? Ці і яна таксама думае, што ён бавіўся з дзеванькамі?
Гэта Жустэн Мінар спаў з Жэрменай. Канешне, яна не ўпусціла яго, і яшчэ доўга будзе пагульваць з ім. А як жа Кармэн? Ён ніколі не бачыў яе. На свеце столькі людзей, якіх ён ніколі не бачыў.
Гэта несправядліва. Раз ён вядзе сакрэтнае следства, то павінен мець права сустракацца з усімі на свеце, каб як след зразумець іх учынкі.
Вярніце яму яго аловак. Вось гэты квадрат - пакой. Пакой Эліз, само сабой. Мэбля не мае значэння, ні да чаго маляваць мэблю. Яна толькі заблытае ўсё. Хіба толькі начны столік, таму што ў шуфлядцы ці наверсе на століку ляжыць рэвальвер.
Цяпер усё залежыць адно ад аднаго. Эліз спала ці не спала. Чакала яна графа ці не чакала яго? Калі спала, то мусіла дастаць рэвальвер з шуфлядкі.
Ды не цісніце на галаву, чорт пабяры! Немагчыма ж думаць, калі на галаву ўскараскваюцца з бог ведае якім грузам!
Няўжо настаў дзень? Хто гэта! У пакой зайшоў нейкі чалавек, маленькі лысы мужчына. Такі знаёмы твар!.. Але Мэгрэ не можа прыпомніць, як завуць гэтага чалавека. Мадам Мэгрэ размаўляе шэптам. Потым яны запіхваюць Мэгрэ ў рот нейкую халодную рэч.
Злітуйцеся, даражэнькія!.. Ён мусіць вывесці ўсіх на чыстую ваду, бо, калі ён трапіць у нерат, Эліз Жандро першая захіхікае яму проста ў твар і ўпікне, што ён бяссільны зразумець іх свет, бо не з'яўляецца членам клуба Гоша.
Неабходна сканцэнтравацца на лесвічнай пляцоўцы. Вось маленькі кружок - гэта Эліз. У іхняй сям'і толькі жанчыны наследуюць характар старога Бальтазара, пустэльніка з авеню дзю Буа. Стары сам так сцвярджаў, а хто ж лепей разбіраўся ў гэтым?
Дык вось: чаму яна кідаецца да акна, расхінае шторы і кліча на дапамогу?
Хвіліначку, хвіліначку, месье камісар... Не забывайце пра Мінара флейтыста, бо менавіта Мінар парушыць планы...
Ніхто не паспеў выйсці з дому, калі Мінар пазваніў у дзверы, а менавіта тады, як ён вёў перагаворы з Луі, з лесвіцы данёсся мужчынскі голас: «Не марнуйце часу, Луі!»
Читать дальше