Развязка набліжалася, і... Хто ведае, ці не маліўся Мэгрэ ў гэту страшную хвіліну: «Божа, зрабі так, каб...»
Раптам пачуліся гучныя галасы. На авеню дэ Ваграм з'явіліся двое мужчын, добра нападпітку, у фраках і чорных паліто, трымаючы ў руках трысціны з булдавешкамі і напяваючы модную кафэшантанную песеньку.
- Сядай, Жуль, сядай, дарагі, - прамовіў Дэдэ, відавочна спяшаючыся. Мэгрэ яшчэ паспеў адзначыць гэта.
У той момант, калі ён падняў правую нагу, каб ступіць у машыну, страшэнны ўдар абрушыўся на яго галаву. Ён інтуітыўна прыгнуўся, што зменшыла сілу ўдару. Некалькі секунд ён яшчэ чуў набліжэнне крокаў, галасы, шум матора - і страціў прытомнасць...
Калі ён расплюшчыў вочы, то найперш пабачыў нечыя ногі, лакіраваныя туфлі, а потым - твары, якія ў змроку здаваліся смяротна-бледнымі. Яму здалося, што людзей многа, цэлы натоўп, і толькі трошкі пазней ён са здзіўленнем адзначыў, што вакол яго стаяла ўсяго пяць чалавек.
Адзін з твараў належаў мажнай маладзіцы, спеставанай і ціхамірнай, якая, мабыць, якраз лавіла кліента на процілеглым баку авеню і была прываблена сюды шумам. Адвячоркам ён бачыў яе разы са тры на вуліцы, пэўна, яна не мела поспеху, калі дагэтуль усё яшчэ была на паляванні.
Абодва гулякі таксама былі тут, і адзін з іх, зусім «цёпленькі», схіліўшыся над Мэгрэ, упарта дапытваўся:
- Ну, дружок, табе лепш? Скажы, дружок? Табе лепш?
Скуль тут узялася карзіна і чаму так пахла фіялкамі? Ён паспрабаваў прыўзняцца на локаць. Гуляка дапамог яму. Цяпер Мэгрэ ўгледзеў старую гандлярку кветкамі, якая голасна залямантавала:
- А божачкі ж мае! Зноў хуліганнё! І дакуль жа гэта будзе працягвацца?!
- Я збегаю за шпегамі! - падахвоціўся падлетак, у чырвонай форме пасыльнага, і знік.
- Табе лепш, дружок?
- Якая гадзіна? - як лунатык, запытаў Мэгрэ.
- Пяць першай.
- Мне неабходна пазваніць.
- Ну канешне, дружок! Адну хвіліначку. Зараз прынясуць тэлефон. Якраз пайшлі за ім.
Кацялка на галаве не было, валасы на макаўцы зліпліся. Падлюга Альберт умеў біць. Калі б не два гулякі, яго напэўна прыкончылі б. Ды яшчэ каб Мэгрэ не прыгнуўся...
- Мне неабходна пазваніць, - паўтарыў ён.
Ён стаў паднімацца на карачкі, і кроў закапала з галавы на маставую, а адзін з гуляк усклікнуў:
- Ён п'яны, стары! А каб я так жыў, ён жа яшчэ і п'яны!
- Паверце, мне неабходна...
- ...пазваніць... Ну канешне, дарагі... Вы чуеце, Арман? Прынясіце яму тэлефон...
- Ды вам што, павылазіла, не бачыце, што ён з глузду з'ехаў?! - абурылася дзеўка. - Лепш бы доктара паклікалі!
- А вы ведаеце, дзе яго шукаць?
- Жыве тут адзін на вуліцы Этуаль.
Але ўжо вяртаўся пасыльны, жвава паказваючы дарогу двум паліцэйскім на веласіпедах. Усе расступіліся. Паліцэйскія схіліліся над Мэгрэ.
- Мне трэба пазваніць... - не сунімаўся Мэгрэ.
Якая недарэчнасць! Цэлы вечар ён не адчуваў сябе п'яным, а вось цяпер язык яго заплятаўся, думкі блыталіся. І толькі адна была ясная і ўладная: яму трэба пазваніць...
Ён злаваў на сябе самога, што ў смешнай позе валяецца тут і не можа ўстаць, і мармытаў праз зубы:
- Паліцыя... паглядзіце ў бумажніку... Квартал Сэн-Жорж... Трэба неадкладна пазваніць на Паўночны вакзал... Цягнік на Брусель... Праз некалькі хвілін... У іх машына...
Адзін з паліцэйскіх падышоў да газавага ражка, стаў праглядаць змесціва бумажніка.
- Ён праўду кажа, Жэрмен.
- Паслухайце... Трэба як найхутчэй... У іх ужо ёсць білет... Жанчына ў чорнай сукенцы, на шчацэ рубец... Адзін з мужчын у клятчастым гарнітуры. У другога перабіты нос...
- Злётай туды, Жэрмен!
Паліцэйскі пост быў непадалёк, на вуліцы Этуаль. Адзін з паліцэйскіх ускочыў на веласіпед. Хлапчук не вельмі добра пачуў і запытаў:
- Ён шпег?
Мэгрэ зноў упаў ніцма, а адзін з гулякаў, з цяжкасцю варочаючы языком, прагаварыў:
- А далібожачкі, ён п'яны ў дыміну?
Раздзел VII. СМЕХ МАДАМ МЭГРЭ
Ён усё намагаўся адпіхнуць іх, але рука яго была вялая, без сілы. Як упрасіць іх, каб яны пакінулі яго ў спакоі? Хіба ён не ўмольваў іх? Ён і сам ужо не ведаў. У галаве яго месцілася столькі думак, што ад гэтага яму было ажно нядобра.
Адно перакананне пераважала над усім: неабходна, каб яму дазволілі ісці да канца. Да канца чаго? Божа мілы! Як цяжка людзям паразумецца! Да канца!
А з ім вось абыходзіліся, як з дзіцем ці як з хворым. І нават згоды яго не пыталіся. Яшчэ болей раздражняла тое, што яны вельмі голасна перагаворваліся наконт яго, нібыта былі няздольныя зразумець адзін аднаго. І ўсё гэта толькі таму, што ён ляжаў на зямлі, як вялікая раздаўленая кузурка? Вакол яго тапталіся ногі, - ну і што?! - Потым быў медпункт. Ён адразу сцяміў, што гэта медпункт, і стаў адбівацца. Хіба, калі цябе стукнуць па галаве, ужо нельга абысціся і без лякарні?
Читать дальше