- У чым справа? - спытаў ён, звяртаючыся не да Мэгрэ, а да гаспадара рэстарацыі, які стаяў за стойкай.
- Ён пытаецца графа альбо Дэдэ...
Мужчына ў гарнітуры ў клетку з набітым ротам і салфеткай у руцэ зрабіў крок уперад. Ён паволі зусім блізка падступіў да Мэгрэ і прыняўся спакойна разглядваць яго.
- Ну? - запытаўся ён.
А так як Мэгрэ не ведаў, што сказаць, дадаў:
- Дэдэ - гэта я.
Мэгрэ нарыхтаваў тысячу варыянтаў сваіх паводзін на выпадак, калі ён, нарэшце, апынецца ў прысутнасці гэтага чалавека, але цяпер ён раптам вырашыў весці сябе зусім па-новаму.
- Я толькі ўчора прыехаў, - няўклюдна прамовіў ён.
- Адкуль?
- З Ліёна. Я жыву ў Ліёне.
- Вось як? Цікава!
- Я шукаю аднаго майго сябра, таварыша па вучобе...
- Ну, у такім выпадку гэта напэўна не я.
- Гэта граф д'Ансеваль... Боб...
- Вось як!
Дэдэ не ўсміхнуўся. Ён прыцмокнуў, задумаўся.
- І дзе вы шукалі Боба?
- Ды ўсюды. У гатэлі яго не аказалася.
- Ну, вядома, ён жа даў вам адрас гатэля, яшчэ калі вы вучыліся ў калежы!
- Мне даў яго адзін наш агульны знаёмы.
Дэдэ падаў ледзь прыкметны знак бармэну.
- Ну што ж! Раз вы сябар Боба, прашу вас выпіць з намі чарку. У нас сёння якраз маленькая сямейная ўрачыстасць.
І ён знакам запрасіў яго ў кабінет. Стол быў ужо накрыты. У срэбным вядзерцы ў лёдзе халадала шампанскае. Паблісквалі фужэры, жанчына ў чорным сядзела, узлокціўшыся на стол, мужчына з перабітым носам і бычынымі вачыма павольна падняўся і застыў у позе баксёра, што прыгатаваўся да раўнда.
- Гэта Альберт, наш школьны таварыш.
І Дэдэ паглядзеў на Альберта тым жа дзіўным позіркам, як і на гаспадара. Ён не ўзнімаў голасу, па-ранейшаму не ўсміхаўся, і, аднак, усё гэта нагадвала нейкі страшнаваты фарс.
- Люсіль - жонка Боба.
Мэгрэ ўбачыў рубец на вельмі прыгожым, вельмі выразным твары, і калі ён паклонам павітаўся з ёю, слёзы бліснулі на вейках маладой жанчыны. Люсіль паспешліва выцерла іх насоўкай.
- Не звяртайце ўвагі. У яе надоечы памёр папа. Вось і разбаўляе шампанскае слязьмі. Ангеліно! Фужэр і прыбор!
Было нешта дзіўна-трывожнае ў гэтай лядзянай прыязнасці з затоенай у ёй пагрозай. Мэгрэ азірнуўся, і яму стала абсалютна ясна, што выйсці адсюль ён зможа толькі з дазволу невысокага мужчыны ў клятчастым гарнітуры.
- Вы, значыць, прыехалі з Ліёна, каб сустрэцца са сваім даўнім прыяцелем Бобам?
- Не толькі дзеля гэтага. У мяне справы ў Парыжы. І вось адзін з маіх сяброў сказаў, што і Боб тут. Я даўно згубіў яго сляды.
- Даўно, значыцца! Ну што ж! За ваша здароўе... Сябры нашых сяброў - нашы сябры. Пі, Люсіль!
Яна падпарадкавалася, падняла фужэр, але рука яе дрыжала, тонкае шкло дзынькала аб зубы.
- Сёння пасля поўдня яна атрымала тэлеграму. Памёр бацька! Дык дагэтуль ніяк не супакоіцца. Пакажы тэлеграму, Люсіль.
Яна здзіўлена паглядзела на яго.
- Пакажы васпану...
Яна пакорпалася ў сумачцы.
- Здаецца, я забыла яе ў нумары.
- Вы любіце макароны? Гаспадар гатуе іх для нас па спецыяльнаму рэцэпту. Дарэчы, як вас завуць?
- Жуль.
- Прыгожае імя Жуль. Хораша гучыць. Ну, старына Жуль, дык пра што гэта мы гаварылі?
- Мне б хацелася пабачыцца з Бобам да майго ад'езду.
- Ах, праўда, вы ж спяшаецеся назад у Бардо!
- У Ліён.
- Ах, праўда, у Ліён! Слаўны горад! Я ўпэўнены, Боб вельмі засмуціцца, калі не пабачыць вас. Ён так любіць сваіх сяброў па калежу! Пастаўце сябе на яго месца. Школьны таварыш - гэта ж усе прыстойныя людзі. Ручаюся, што вы прыстойны чалавек... Як ты думаеш, Люсіль, чым васпан займаецца?
- Не ведаю.
- Падумай! Я, напрыклад, гатоў паклясціся, што разводзіць «цыпак».
Няўжо ён сапраўды прамовіў гэта слова? Чаму менавіта «цыпак» - гэтак жа сярод крымінальшчыны называюць паліцэйскіх! Што гэта - сігнал Дэдэ сваім сябрам?
- Я працую ў страхавым агенцтве, - прамармытаў Мэгрэ; ён вырашыў іграць сваю ролю да канца, бо іншага выйсця не было.
Ім падалі закусь. На стале з'явілася новая пляшка, якую знакам заказаў Дэдэ.
- Вось сапраўды ўжо, як кажуць, гара з гарой... Прыбываеш у Парыж, і раптам усплываюць цьмяныя ўспаміны пра даўняга школьнага таварыша, і адразу ж выпадкова натрапляеш на чалавека, які дае табе яго адрас. Іншым дзесяцігоддзе спатрэбілася б, каб адшукаць яго, асабліва калі ўлічыць, што ў квартале няма ні душы, хто б ведаў прозвішча д'Ансеваль. Гэтаксама як і маё. Запытайцеся ў патрона, у Ангеліно, які ўжо чортведама колькі знаёмы са мной. Вам усе скажуць - Дэдэ. Проста Дэдэ! Кінь румзаць, Люсіль! Джэнтльмен падумае, што ты не ўмееш паводзіць сябе за сталом.
Читать дальше